“Сцяжок” у маім жыцці

Ветэран педагагічнай працы Аляксандр Іванавіч МАРЗАЛЮК:

— Маё знаёмства з раёнкай пачалося ў далёкім 1967 годзе, калі я пачаў працаваць настаўнікам гісторыі ў Гніліцкай сярэдняй школе. Газета мне падабалася тым, што ў ёй былі цікавыя артыкулы гісторыка-патрыятычнага зместу, па гісторыі краю, пра ваенныя і працоўныя подзвігі жыхароў раёна. Асабліва цікавымі былі змястоўныя артыкулы В.А. Юшкевіча, С.А. Сямёнава. Пазней пазнаёміўся з А.П. Ярохіным, В.А. Мукалавай, Г.М. Яўсеенка і Ф.Ф. Ганчаровым.
Паступова я стаў супрацоўнічаць з рэдакцыяй. У рэдакцыі была добрая традыцыя кожны месяц на старонках газеты друкаваць паведамленне аб лепшым матэрыяле месяца. Аўтару уручалася падзяка. У ліку пераможцаў часта быў і я. А ў Дзень друку – 5 мая – збіраўся актыў селькораў, было ўрачыста і весела, атрымоўвалі віншаванні, падзякі, узнагароды, фатаграфаваліся на памяць. Дробязь, але было прыемна.
Памятаю, як пачынаў працаваць у рэдакцыі Анатоль Казлоў, цяпер вядомы беларускі пісьменнік. Прыемна было сустракацца і гутарыць з былым адказным сакратаром рэдакцыі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Васілём Лукічом Чартковым. Ветліва і дабрадушна гутарыў са мной Фёдар Фёдаравіч Ганчароў, раіў, як лепш назваць матэрыял, якую падабраць фатаграфію. Мною былі адкрыты забытыя імёны рэвалюцыянера са Стаек А.К. Траянава, шафёра У.І. Леніна Т.М. Гарахавіка, абаронца Брэсцкай крэпасці В.Я. Казлова і інш.
Цікавымі былі сустрэчы ў рэдакцыі з рэпрэсіраванай настаўніцай рускай мовы і літаратуры Яўгеніяй Паўлаўнай Каплуновай і вядомым аўтарам Леанідам Васільевічам Лабаноўскім, з якім мы супрацоўнічалі і сябравалі на ніве краязнаўства ўсё жыццё.
З Анатолем Паўлавічам Ярохіным быў знаёмы завочна па яго артыкулах у “Чырвоным сцягу”, але асабіста сустрэліся на Рэспубліканскай канферэнцыі краязнаўцаў ў Мінску. З ім мы часта сустракаліся ў рэдакцыі “Чырвонага сцяга”, калі працавалі над кнігай “Памяць. Краснапольскі раён”. Прыязджаў ён з Л.В. Лабаноўскім і да мяне ў школу ў музей. Падарыў сваю кнігу “Людзі з сэрцам Данка”.
Добра памятаю супрацоўнікаў рэдакцыі Віктара Карпечанку, брата пісьменніка рэдактара Бялыніцкай газеты Міхася Карпечанку, Леаніда Віктаравіча Чурумава, майго суседа па кватэры і калегу па школе – настаўніка-мовазнаўца, які рэзка бічаваў на старонках райгазеты недахопы ў жыцці раёна. А таксама Уладзіміра Мазіліна, сталага, спакойнага і ўраўнаважанага чалавека. Памятаю М.П. Хобатава як фотакарэспандэнта і кіраўніка школы юных журналістаў у нашай школе. Хацелася ўспомніць добрым словам і грамадскага карэспандэнта ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, артыста, рэжысёра Краснапольскага народнага тэатра Валянціна Іванавіча Ермаловіча, які часта друкаваўся на старонках “Чырвонага сцяга”, прысутнічаў на ўсіх урачыстасцях газеты і быў нястомным прапагандыстам беларускай мовы, беларускага слова і культуры. Менавіта на старонках раёнкі ўпершыню былі апублікаваны матэрыялы з нашай сумеснай кнігі з М.А. Еўдакімавым “Прырода Краснапольскага раёна”. Раёнка — гэта штотыднёвы і шматгадовы летапіс жыцця раёна, крыніца ведаў гісторыі раёна.
80-гадовы юбілей – гэта знакавая падзея ў жыцці газеты і раёна. Таму вельмі хацелася, каб у рэдакцыі стварылі пакой-музей гісторыі газеты з мэтай захавання яе гістарычнага мінулага. Акрамя таго, нядрэнна было б публікаваць на старонках газеты анкеты-апытанні аб тым, што цікавіць чытачоў, якія пытанні хвалююць, каб газета з іх удзелам станавілася больш цікавай і змястоўнай. Мяне, як чалавека, апантанага краязнаўствам, таксама парадаваў бы выхад краязнаўчай старонкі пра наш край, яго гісторыю і слынных землякоў, што таксама знайшло б сваіх пры-хільнікаў.
Напярэдадні 80-гадовага юбілею жадаю ўсім супрацоўнікам газеты, ветэранам-журналістам, грамадскім карэспандэнтам, чытачам газеты і жыхарам раёна моцнага здароўя, поспехаў у жыцці і працы, асабістага чалавечага шчасця. З юбілеем!
Поделиться с друзьями
360 просмотров

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.