Узнагароды – лепшым

Галоўнай падзеяй мінуўшага тэатральнага тыдня, які праходзіў на Краснапольшчыне з 19 па 25 сакавіка, стала ўзнагароджванне калектыву народнага тэатра ў сувязі з 50-годдзем прысваення звання “народны”. Артыстаў віншавала намеснік старшыні райвыканкама Т.Ф. Каваленка. Рэжысёру тэатра П.А. Шаўлякову яна ўручыла Памятны адрас, пажадала творчых поспехаў і каб аб нашым тэатры гаварылі не толькі ў раёне, вобласці, рэспубліцы, але і за іх межамі.
Разам з тым выказала меркаванне аб адраджэнні на краснапольскай сцэне выдатных тэатральных вечарын, калі на ёй выступалі артысты Прыбалтыкі, Расіі, ну і, безумоўна, тэатраў Магілёўскай вобласці. Па яе словах, тэатральныя вечарыны збяруць краснапальчан ужо ў наступным годзе. Што тычыцца спектакля “Вечар”, прадстаўленнага на суд краснапальчан і гасцей святочнага мерапрыемства, на гэты конт Тамара Фёдараўна адзначыла і добрую ігру артыстаў, і важнасць узнятай тэмы. Выказала надзею, что і наступныя пастаноўкі тэатра будуць збіраць такую ж поўную залу гледачоў, як на прадстаўленную прэм’еру. З нагоды юбілея артыстаў народнага тэатра віншавалі госці з вобласці – начальнік аддзела мастацтваў і культурна-асветніцкай работы ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама В.А. Лаўцоў, намеснік дырэктара па культуры і мастацтву Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Н.М. Ігнацьева. Як паведаміла Наталля Міхайлаўна, на працягу мінулага года праходзіў абласны конкурс аматарскіх тэатральных калектываў “У далонях маёй Беларусі”. Удзел у ім прымаў і краснапольскі народны тэатр са спектаклем “Зорка над дахам”. Гэта работа маладога рэжысёра П.А. Шаўлякова прызнана лепшай. Ён узнагароджаны Дыпломам І ступені ў намінацыі “Самы яркі тэатральны дэбют”. Выканаўца галоўнай ролі спектакля І.А. Коцелева ўзнагароджана Дыпломам І ступені ў намінацыі “Лепшая жаночая роля”. В.А. Лаўцоў, у сваю чаргу, выказаў вялікую ўдзячнасць усім прысутным у зале за іх павагу і прыхільнасць да тэатральнага мастацтва. “ Нам удвайне прыемна, — зазначыў Валянцін Аляксеевіч, — знаходзіцца тут, бо мы прысутнічаем на творчым вечары старэйшага народнага тэатра рэспублікі. І гэта сапраўды народныя артысты, якія сёння ўсіх нас прымусілі пералістаць сваё жыццё, звярнуцца да памяці сваіх бацькоў…”. Асабіста звярнуўся да П.А. Шаўлякова. Як маладому рэжысёру пажадаў працягваць тыя традыцыі, якія закладзены заслужаным дзеячам культуры БССР В.І. Ермаловічам. ”Сёння прыемна бачыць тое, — дзяліўся думкамі В.А. Лаўцоў, — што тэатр жыве. І што ёсць сфарміраваная гадамі тэатральная публіка”. У працяг сваёй прамовы перадаў словы начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама А.А. Сінкаўца аб тым, што знойдуцца і сродкі, і сілы, каб узрадзіць на Краснапольшчыне тэатральныя вечарыны. В.А. Лаўцоў уручыў артыстам народнага тэатра Віншавальны адрас і памятны сувенір.
Дзіна МАНЬКО.
Поделиться с друзьями
201 просмотров

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.