Краснапольшчына — на старонках гісторыі

У жыцці кожнага народа ёсць падзеі і даты, якія немагчыма забыць. Яны пакідаюць нязгасны, незагойны след у памяці, глыбокай радасцю і адначасова болем адгукаюцца кожны раз у сэрцах людзей. Такой датай для жыхароў нашага раёна з’яўляецца 1 кастрычніка 1943 года – дзень вызвалення Краснапольшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Усё далей і далей у гісторыю адыходзяць падзеі таго часу. А разам з імі і жывыя іх сведкі – удзельнікі ваенных падзей. І хоць зараз многіх з іх ужо няма, іх галасы па-ранейшаму гучаць, гучаць з кінастужак, кніг, дакументаў і пісьмаў. І сёння мы звяртаемся да іх, каб пачуць і ўспомніць, як здабывалася свобода нашага роднага краю.
30 верасня 1943 г. 1022-гі стралковы полк 269-й стралковай дывізіі, пераадольваючы супраціўленне праціўніка, з паўднёва-ўсходняга напрамку ўступіў на тэрыторыю Краснапольскага раёна. Пачалося вызваленне Краснапольшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якія больш як два гады тапталі нашу зямлю. Першай была вызвалена в. Какойск. У гэты ж дзень былі вызвалены вёскі Высокі Борак, Палуж, Горна, Калодзецкая. Дывізія выйшла на рубяжы заходней Новай Ясенкі і набліжалася да Краснаполля. Камандзір 269-й стралковай дывізіі палкоўнік А.Ф. Кубасаў, каб не даць ворагу знішчыць райцэнтр, прыняў рашэнне начной атакай авалодаць Краснаполлем і вызначыў двум стралковым батальёнам разам з партызанскімі групамі баявую задачу. Яна заключалася ў наступным: 6-я рота на чале з маёрам Іванам Фёдаравічам Карнеевым павінна была з заходняга боку паралізаваць дзеянні факельшчыкаў, астатнія падраздзяленні – знішчыць варожы гарнізон. У 2 гадзіны ночы па сігналу чырвонай ракеты пачалася артпадрыхтоўка, а затым байцы перайшлі ў наступленне. 6-я рота сустрэла ўпартае супраціўленне, бой зацягваўся, але маёр Карнееў умела кіраваў ротай і пры падтрымцы іншых падраздзяленняў першым уварваўся на ўскраіну Краснаполля. Развіваючы наступленне, байцы і камандзіры двух стралковых батальёнаў 1022-га стралковага палка вызвалялі ад ворага вуліцу за вуліцай, дом за домам. На досвітку 1 кастрыч-ніка 1943 г. Краснаполле было вызвалена. У аператыўнай зводцы Інфармбюро за 1 кастрычніка 1943 г. паведамлялася: “На працягу 1 кастрычніка на Магілёўскім напрамку нашы войскі, працягваючы развіваць наступленне, прасунуліся ўперад ад 15 да 25 кіламетраў і, фарсіраваўшы Сож, авалодалі горадам Чэрыкавам, а таксама занялі больш за 340 населеных пунктаў, сярод якіх раённы цэнтр Магілёўская вобласці – Краснаполле…”.
Поделиться с друзьями
255 просмотров

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.