“Паклон табе, мая Радзіма, за мужнасць у суровыя гады!”

 — пад такой назвай у раёне будзе праводзіцца агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці, прысвечаны 70-й гадавіне з дня вызвалення Краснапольшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Згодна рашэння, прынятага раённым выканаўчым камітэтам, тэрмін правядзення агляду-конкурсу – з 25 студзеня да 20 верасня бягучага года. Мяркуецца, што 27 верасня, напярэдадні дня вызвалення раёна, адбудзецца заключны канцэрт, у праграму якога ўвойдуць творы лепшых выканаўцаў калектываў мастацкай самадзейнасці сельвыканкамаў, устаноў, прад-прыемстваў і арганізацый краснапольскага краю. На думку начальніка аддзела культуры райвыканкама А.М. Раманенкі, правядзенне такога буйнога мерапрыемства ў многім будзе садзейнічаць павышэнню ідэйна-мастацкага ўзроўню народнай творчасці, паўплывае на развіццё грамадскай актыўнасці насельніцтва, дасць магчымасць стварыць на прадпрыемствах і ва ўстановах калектывы мастацкай самадзейнасці. А гэта ў канчатковым выніку паспрыяе стварэнню ўмоў для развіцця творчых здольнасцей жыхароў раёна, вылучыць і падтрымае людзей таленавітых, здольных узняцца на вышэйшыя прыступкі майстэрства. Згодна ўмоў агляду-конкурсу дэманстраваць асабістыя таленты магчыма як індывідуальным выканаўцам, так і хорам, ансамблям і г.д. Вітаецца любы жанравы накірунак: вакальна-харавы, харэаграфічны, музыкальна-інструментальны, тэатральны, фальклор і іншыя. Плануецца, што першымі дэманстраваць гледачам свае здольнасці будуць самадзейныя артысты Яноўскага сельвыканкама. Палажэннем аб правядзенні агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці “Паклон табе, мая Радзіма, за мужнасць у суровыя гады!” прадугледжана ўключэнне ў праграму выступлення кожнага калектыву мастацкай самадзейнасці сельвыканкамаў, устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый раёна твораў патрыятычнай накіраванасці, прысвечаных Беларусі, перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Найбольш поўна праявіць свае здольнасці і падрыхтавацца да выступлення самадзейным артыстам дапамогуць работнікі ўстаноў культуры, замацаваныя за працоўнымі калектывамі. Акрамя дэманстрацыі выканаўчага майстэрства ў тым ці іншым жанры на падмостках сцэны кожны калектыў будзе прадстаўляць выставу народнай творчасці пад назвай “Краснапольшчына майстровая”. Тут для яе ўдзельнікаў таксама не ўстанаўліваюцца якія-небудзь абмежавальныя рамкі. Добра, калі гэта будуць вышываныя вырабы, вырабы з саломкі, лазы, а таксама творы жывапісу, фотаздымкі і г.д. Па задумцы арганізатараў агляду-конкурсу такі падыход да яго правядзення дазволіць не толькі прадэманстраваць, наколькі таленавітыя людзі, якія пражываюць на тэрыторыі нашага раёна, але і выявіць лепшых з майстроў. Як пракаменціравала начальнік аддзела культуры, кампетэнтнае журы на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Т.Ф. Каваленка будзе ацэньваць як узровень выканаўчага майстэрства, так і сцэнічную культуру, артыстычнасць, актуальнасць тэматыкі і адпаведнасць умовам агляду-конкурсу. Пры вызначэнні работ, прадстаўленых на выставе народнай творчасці, перавага будзе аддавацца якасці выканання работ, а таксама мастацкаму афармленню экспазіцыі. Пераможцаў агляду-конкурсу чакаюць дыпломы і памятныя сувеніры аддзела культуры райвыканкама. Усе яны прымуць удзел у заключным канцэрце, які адбудзецца ў раённым Цэнтры культуры.
Тамара БРАТАЧКІНА
Поделиться с друзьями
224 просмотров

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.