СВАЕ, ЗНАЁМЫЯ — У ГАЛОЎНЫХ РОЛЯХ

Доўгачаканай і радаснай сустрэчай з цудоўным сусветам Мельпамены стала для краснапальчан пастаноўка Краснапольскага народнага тэатра, паказаная ў Сусветны дзень театра. Увазе мясцовых аматараў тэатральнага мастацтва была прапанавана аднаактавая камедыя У. Галубка “Суд” у пастаноўцы М. Пугачова.

Камедыя “Суд” была напісана У. Галубком для яго тэатральнай трупы  ў 1920 годзе. У аснову п’есы пакладзены традыцыйны сюжэт з выкрываннем бюракратызму судзейскіх чыноўнікаў, дзякуючы чаму яна ў хуткім часе набыла папулярнасць і пачала ставіцца не толькі калектывам У. Галубка, але і іншымі тэатральнымі трупамі. Доўгі час п’еса панавала і ў рэпертуары Краснапольскага народнага тэатра.

Змест камедыі даволі просты: селянін Гарбуз прыйшоў у панскі двор, каб забраць сваю карову, якую дваровыя пана завярнулі да сябе за тое, што яна зрабіла невялікую патраву. Аднак сутыкнуўшыся з упраўляючым і яго памочнікамі, Гарбуз страчвае 3 зубы і палову барады. За такую знявагу селянін падае на ўпраўляючага ў валасны суд і разам з жонкай Магрэтай і сведкам Лаўрэнам Авечкай прыходзіць на разгляд справы. Старшыня, суддзя і пісар пачынаюць допыт пацярпелых і сведкаў. Віна панскага ўпраўляючага відавочна, аднак яго ўласнае з’яўленне на парозе канцылярыі змяняе ход справы і суд прызнае вінаватым самаго Гарбуза і разам з жонкай і сведкам садзіць на 3 дні ў “халодную”.

Аўтар п’есы У. Галубок надаў сваім героям  вельмі трапныя і пераканаўчыя характары. Яго Пісар (М. Пугачоў), Старшыня (А. Кузняцоў), Суддзя (А. Калеснікаў) – п’яніцы, Дзяніс Гарбуз (Ю. Мотрычаў) – пакорны чалавек, яго жонка Магрэта (Г. Сафонава) – рухавая кабета, Лаўрэн Авечка (В. Лазовік) – жвавы чалавек, храмы на правую нагу, апрануты бедна, амаль па жабрацкі, панскі ўпраўляючы (С. Лемцюгоў) -  багаты, носіць паліто, сурдут, новыя галёшы, цыліндр, а вартаўнік  Мірон (І. Ткачоў) выступае накшталт пасрэдніка паміж суддзямі і сялянамі.

Артыстам Краснапольскага народнага тэатра  ўдалося майстэрскі перадаць характары сваіх персанажаў, ні на крок не адступіўшы ад аўтарскага варыянту. Дзякуючы іх таленавітаму выкананню перад глядачамі паўсталі не добра знаёмыя землякі, а сапраўдныя судзейскія чыноўнікі і сяляне з іх жыццёвымі шляхамі і поглядамі, здольныя выклікаць у гледача розныя пачуцці: ад абурэння да спачування.

На мой погляд, асабіста ўдала створаны вобраз Лаўрэна Авечкі ў выкананні В.Лазовіка. Чалавек, якога краснапальчане добра ведаюць у штодзённым жыцці,  як сціплага і негаваркога, на сцэне ператварыўся ў яскравага, жвавага селяніна з верай у сілу справядлівага суда.

Не меньш каларытным выйшаў і панскі ўпраўляючы. Гэты персанаж у выкананні С. Лемцюгова, што называецца, “парваў” залу  адным сваім маўклівым з’яўленнем на сцэне, упэўніўшы гледачоў у думцы, што лепшага артыста для гэтай  ролі  і не патрэбна.

 Сцэнічныя дэкарацыі і ўдала падабраныя касцюмы персанажаў дапоўнілі ігру акцёрскага саставу і стварылі суцэльную карціну месца дзеяння. Усё гэта прынесла краснапольскім аматарам тэатральнага мастацтва вялікую асалоду ад прагляду пастаноўкі. Падзякай за яе сталі шчырыя апладысменты, якія зала  дарыла артыстам пад крыкі “Брава!”. А гэта  і ёсць   самая высокая адзнака працы самадзейных артыстаў і іх высокага выканальніцкага майстэрства.

sud1

sud2

Тэкст і здымкі Алесі СІДАРЭНКІ.

Поделиться с друзьями