ДАЛУЧЫЛІСЯ ДА ТАЯМНІЦ МІНУЛАГА

Далучыцца да таямніц сакральнага месца пад назвай урочышча “Ясеневы гай”, прыняць удзел ва ўнікальным абрадзе Дзесятуха і проста арганізаваць свой адпачынак у этнастылі змог кожны жыхар нашага раёна, які наведаў у мінулую пятніцу, 8 ліпеня, святую крынічку каля агр. Горы.

Менавіта тут, у маляўнічым куточку Краснапольшчыны, дзе з даўніх часоў кожную 10-ю пятніцу пасля Вялікадня ладзяць абрад Дзесятухі, адбылася цікаўная святочная дзея, удзельнікі якой пазнаёміліся з мінулым свята, паслухалі фальклорныя спевы творчых калектываў, набылі тавары гандлёвых кропак і майстроў раённага Дома рамёстваў, дакрануліся да духоўнай культуры продкаў праз экспанаты этнаграфічных і персанальных выставак.

Пачатак мерапрыемству паклаў невялікі экскурс у мінулае свята, пад час якога метадыст РЦК В.А. Марчанка і ўдзельнікі сацыяльна-культурнага праекта  “Забытае ўваскрашаецца” распавялі прысутным аб каранях абрада Дзесятуха і яго асаблівасцях у розныя часы існавання.

Як прагучала, абрад Дзесятуха дайшоў да нас з тых часоў, калі людзі пакланяліся прыродным багам і выбіралі для іх ушанавання асаблівыя месцы, звычайна каля вады. Тут будаваліся свяцілішчы або капішчы, якія складаліся з 3 частак (падземнай, ніжняй і верхняй). Функцыю сувязі паміж Богам і чалавекам звычайна выконвалі драўляныя або каменныя ідалы. З прыходам хрысціянства старадаўнія славянскія свяцілішчы зніклі, бо былі перабудаваны пад цэрквы.

Аб чым жа прасілі людзі багоў на Дзесятуху? Ёсць думка, што звярталіся яны да багіні Маці-Зямлі, да Бога Пяруна. Прасілі зберагчы іх ад маланкі і пажара, уратаваць пасевы ад градабою і ліўняў, маліліся аб добрым ураджаю. У памяці людской яшчэ захаваліся звесткі аб тым, як на Дзесятуху плялі “грамавыя” вяночкі з жоўтых кветак, якія распускаліся каля вады. У  хрысціянскі час такія вяночкі асвяшчалі ў царкве, а потым прыносілі ў дом і захоўвалі пад абразамі.

Звярталіся ў сваіх мальбах люді і да язычніцкай багіні Макошы, якая лічылася пакравіцельніцай лесу, дамашняга ачага, жаночага шчасця і рукадзелля. У якасці ахвяры Макошы прыносілася пража, якая кідалася ў калодзеж, крыніцу. Пазней замест пражы сталі павязвацца рушнікі.

З прыходам хрысціянства пакланенне багіні Макошы, якое адбывалася ў пятніцу, замянілася пакланеннем Параскеве Пятніцы.

У нашых мясцінах з Дзесятухай быў  звязан пачатак збору лекавых траў, вязання венікаў для лазні, пачатак збірання ягад, бо лічылася, што на Дзесятуху паспявае кожная 10-я ягада.

Ніводны абрад не абыходзіўся без культавых сімвалаў. У беларусаў да іх адносіліся дрэвы і жывёлы, крыху пазней – чуры, лялькі, абрусы, іконы, рушнікі. Пабачыць старажытныя геаметрычныя арнаменты, даведацца аб іх сакральным сэнсе ўдзельнікам свята прапанавала этнаграфічная выстаўка рэгіянальных рушнікоў, сабраных у вёсках раёна “Бацькоў багацце – у  спадчыну нашчадкам”. Асобая ўвага прысутных была засяроджана на рушніку з ахоўнымі сімваламі Бога Пяруна. Па жаданню кожны мог не толькі пацікавіцца іх магічным значэннем, але і прайсці пад рушнікамі, каб набыць ахоўную сілу ад маланкі і грому на цэлы год.

Персанальная выстава В.А. Марчанкі “Традыцыйная лялька – знак духоўнай культуры народа” знаёміла  ўдзельнікаў мерапрыемства з каляндарна-абрадавымі, сямейна-абрадавымі, абярэгавымі, ігравымі і сувенірнымі  лялькамі.

Прасякнуцца духам народных рамёстваў запрашала выстава-продаж раённага Дома рамёстваў, на якой увазе ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства былі прадстаўлены не толькі сувенірная прадукцыя, але і цацкі, абярэгі, лялькі, зробленыя ў народных традыцыях і з прыродных матэрыялаў.  Таксама  свае вырабы, зробленыя з газетных трубачак, прадставілі работнікі Ленінскага СДК.

Асабісты каларыт святочнаму адпачынку надавалі і фальклорныя спевы творчых калектываў Горскага і Ленінскага СДК, клуба ветэранаў “Дабрыня”, якія  не толькі ўзбагачалі адпачынак, але і раскрывалі прыгажосць духоўнай спадчыны роднай зямлі.

Кульмінацыйным момантам  мерапрыемства стала абрадавае асвяшчэнне вады іерэем Кірылам.

desatuha2016 (1)

desatuha2016 (2)

desatuha2016 (3)

desatuha2016 (4)

desatuha2016 (5)

Алеся СІДАРЭНКА.

Фота Аляксандра ДАНЧАНКІ.

Поделиться с друзьями