“КРАСНАПОЛЬСКІ АРБАТ”

У чацвер, 4 жніўня, на Краснапольшчыне пачала ажыццяўляцца  праектная ініцыятываКраснапольскі Арбат”.

Калі казаць проста, то ў гэты дзень вуліца перад уваходам на цэнтральны рынак ператварылася ў пляцоўку для самарэалізацыі талентаў і магчымасцей звычайных жыхароў раёна і работнікаў культуры. Уся справа ў тым, што па замыслу ініцыятывы, кожны жыхар раёна, кожны сацыяльны аб’ект, любая арганізацыя і нават госці раёна на Краснапольскім Арбаце атрымліваюць магчымасць спяваць песні і чытаць вершы, выстаўляць свае выставы і ладзіць прэзентацыі, праводзіць акцыі, тэматычныя праграмы, дзяліцца навінамі і планамі і г. д. На вуліцу могуць выходзіць мастакі і паэты, артысты тэатра і спевакі, майстры народнай творчасці і іншыя творчыя асобы.

arbat2016 (1)

arbat2016 (2)

arbat2016 (3)

arbat2016 (4)

arbat2016 (5)

arbat2016 (6)

arbat2016 (7)

Чацвер – кірмашовы дзень у г. п. Краснаполле, і з раніцы да апоўдня вуліца цалкам напоўнена тымі, хто выйшаў з дому за неабходным таварам. А тут чакана ці нечакана яны трапляюць у культурную прастору! Прастору, якая адкрывае творчым асобам магчымасць рэалізаваць свае здольнасці і талент, далучыцца да розных відаў мастацтва. А яшчэ, забяспечвае стварэнне і падтрыманне станоўчага іміджу культуры Краснапольшчыны.

Ініцыятыва знайшла падтрымку райвыканкама. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі А.М. Раманенка падзялілася ўражаннем: “Ініцыятыва пайшла лёгка, без лішняй заарганізаванасці. Адзінае, што хочацца яшчэ раз падкрэсліць для ўсіх жыхароў Краснапольшчыны, — ведайце, Арбат задуманы для вашай рэалізацыі, выходзьце на гэту вуліцу, раскрывайце свае таленты і сэрцы, работнікі культуры вам дапамогуць. Давайце жыць прыгожа, весела, культурна. І не толькі ў Год культуры, а заўсёды”.

Наведвальнікамі Краснапольскага Арбата 4 жніўня змаглі стаць сотні жыхароў Краснапольшчыны. Людзі змаглі пачуць і спевы народных песень, і салістаў-вакалістаў: выступіў народны клуб ветэранаў “Дабрыня”, ансамбль “Праліца” і “спевакі ад народа” – Л. Бяляцкая, Н. Цыс, А. Арлоўская, Ю. Асіпенка, Д. Кустаў, І. Чаюкоў, інш. Тут адбылася прэзентацыя літаратурнай выставы “Сэрцам роднага слова краніся”, якую аформілі спецыялісты ДУК “ЦБС Краснапольскага раёна”. Тут можна было паслухаць і пранікнёныя паэтычныя радкі беларускіх паэтаў-класікаў у выкананні бібліятэчных работнікаў. З вуснаў работнікаў РЦК, якія рэгулявалі працэс на Арбаце, А. Кузняцова і І. Чаюкова  можна было пачуць навіны культуры раёна і бліжэйшыя планы клубнай сістэмы, і, канешне, рэкламу ажыццяўляемай ініцыятывы.

Вочы радавалі выставы майстроў  і майстар-класы РДР, персанальныя выставы твораў народных умельцаў раёна, якіх, спадзяёмся, з кожным чацвяргом будзе ўсё больш.

РК ГА “БРСМ” змог рэалізаваць на мнагалюдным Арбаце акцыю “У школу – з “Добрым сэрцам”, у ходзе якой назбіраўся важкі “партфель” са школьнымі прыладамі.

Наведвальнікі Арбата гулялі ў бяспройгрышныя латарэі, набывалі сувеніры, атрымлівалі кансультацыі майстроў, цягнуліся да кніжных выданняў, пускаліся ў скокі пад вясёлыя спевы, абмяркоўвалі ўбачанае і пачутае – і гэта цудоўна, бо арганізаваць вольны час жыхароў – яшчэ адна з задач ініцыятывы.

“Адчуваецца, што ў Краснаполлі ёсць жыццё!”, “Калі б знала, што тут будзе, і ўнучку б разбудзіла, прывяла”, “Ой, што за свята тут устроілі! Малайцы!”, “А яшчэ так будзе, дык зноў прыду” — такія і падобныя водгукі наведвальнікаў Арбата можна было пачуць і парадавацца за людзей, якія і на кірмашы пабывалі і асалоду атрымалі — адпачылі на Краснапольскім Арбаце і ўдыхнулі глыток культурнага паветра ў натуральным асяроддзі свайго грамадства.

Валянціна Марчанка.

Фота Аляксандра ДАНЧАНКІ.

Поделиться с друзьями
253 просмотров