Светлай радасцю поўніла сэрца адраджэнне

Восенню 1945 года паступіў я вучыцца (прынялі без экзаменаў, бо пасведчанне з Ардацкай сяігодкі было з пахвальнай граматай) у Рэспубліканскае культурна-асветнае вучылішча імя Н К. Крупскай, якое знаходзілася па вуліцы Камсамольскай у горадзе Магілёве. Горад зрабіў на мяне ўражанне дваякае: вельмі ўжо вялікі, але на Першамайскай, Ленінскай, Піянерскай вуліцах ляжыць у руінах. Уцалелі лічаныя дамы, дый то ў іх няма або вокнаў, або дахаў ці засталіся толькі сцены. Рэдка ў якіх дамах ёсць вадаправод. Але водакалонкі вулічныя спраўныя. Туалеты, як і ў вёсках, драўляныя на вуліцы, а то і проста ў развалінах будынкаў.

могилев после войны 2

могилев после войны
Кватараваў я разам са старэйшай сястрой Марыяй у стрыечнага брата Мікалая Якаўлевіча Сяргеева. Ён быў прарэктарам па гаспадарцы Магілёўскага педагагічнага інстытута імя Папаніна і выкладаў студэнтам беларускую мову. Кватэра яго была ў паўночна-заходнім вуглу вучэбнага корпуса інстытута па завулку Мігая, — насупраць былой швейнай фабрыкі імя Валадарскага (сёння ў ім сярэдняя школа № 16). У кватэры было толькі электрычнае святло. Цэнтральнае ацяпленне і каналізацыя адсутнічалі. Выручала руская печ з гарачым чарэнам, якая была ў сталовай. Я спаў у пакоі, які не атапліваўся, а ўрокі рыхтаваў у цёплай сталовай. Дзверы ў кватэру Мікалая Сяргеева былі заўсёды адчыненыя для добрых людзей. Яго жонка Анастасія Аляксееўна Малышава, старэйшая выкладчыца рускай мовы, ветліва прапаноўвала гасцям гарачы чай, а то і наварысты боршч. У выхадныя дні, а калі і на свята на пасядзелкі прыходзілі сябры-выкладчыкі, а яшчэ студэнты–нядаўнія франтавікі і партызаны. Мікалаю Якаўлевічу, абаронцу Магілёва летам 1941-га, а потым партызану ў Горацкіх лясах, было пра што з імі пагаманіць. Са студэнтаў часцей наведваліся, пазней многім магілёўцам вядомыя, Уладзімір Дайнэка, Аляксандр Асмалоўскі, Аляксей Калістратаў. І мяне яны прынялі ў свой гурт… Заходзілі і пісьменнікі. Я добра ведаў крытыка Якуба Усікава.
Аднаго дня зімой, яшчэ не развіднела, у кватэру Сяргеевых зайшоў мужчына і падзяліўся сумным аповядам як яго заўчора вечарам паблізу радыёвузла спынілі грабежнікі і прымусілі зняць новыя хромавыя боты. Толькі амаль праз паўвека, чытаючы ўспаміны Івана Шамякіна (пра Андрэя Макаёнка), я даведаўся, што боты грабежнікі каля радыёвузла знялі з будучага драматурга. Чаму ўпэўнены? Ва ўспамінах Шамякіна я прачытаў, што ў той год Андрэй Макаёнак працаваў у Магілёве ў Доме палітасветы, а далей слова ў слова тое, што пачуў я ў кватэры Сяргеевых ад незнаёмага мне на той час мужчыны.
Падчас дзяржаўных экзаменаў у педагагічым інстытуце больш за месяц у кватэры Сяргеевых жыў старшыня экзаменацыйнай камісіі, вядомы літаратар, наш зямляк, Міхась Ларчанка. Дзякуючы Мікалаю Якаўлевічу пазнейшым часам у мяне склаліся сяброўскія адносіны з рэктарам вячэрняга універсітэта пры Мінскім гаркаме КПБ Іванам Кірэйковым і вядомым беларускім пісьменнікам-зямляком Фёдарам Янкоўскім.
У 1945—1946 навучальным годзе ў культасветвучылішчы ў памяшканнях не было ацяплення з-за адсутнасці дроў. Дый печы не паспелі адрамантаваць. У класных пакоях было толькі па аднаму вакну, астатнія закладзены снапамі ржаной саломы, каб не пранікаў мароз, а хутчэй за ўсё таму, што не было шкла. Зімой мы ў класах сядзелі за партамі ў верхняй вопратцы. Настаўнікі нам дазвалялі надзяваць галаўны ўбор і рукавіцы – у пакоі была мінусавая тэмпература. Часам здавалася, што на вуліцы цяплей. У чарнільніцах быў сіні лёд. Лекцыю выкладчыкаў запісвалі алоўкам. Мы хацелі атрымаць адукацыю і цярпліва пераносілі такія цяжкасці. Лічылі гэта нармальным, бо ва ўсіх навучальных установах было тое ж самае. І вучоба ішла як і трэба. Для некаторых навучэнцаў наступствы былі. Мне, напрыклад, прастуда пашкодзіла слух і пазнейшым часам давялося пастаянна карыстацца слухавым апаратам.
Мы бачылі цяжкасці, з якімі змагаліся магілёўцы: паўгалодныя(пры нішчымніцы і па картках хлеба толькі 500 грамаў на дзень), дрэнна апранутыя, яны штодня хадзілі на працу, а потым яшчэ і на суботнікі, якія нярэдка ладзіліся і ў будні пасля працоўнага дня, каб як найхутчэй расчысціць руіны і аднавіць уцалеўшыя будынкі. Навучэнцы таксама ўдзельнічалі ў суботніках. А яшчэ за культасветвучылішчам быў замацаваны парк імя Горкага. Там занава мы пасадзілі амаль усе дрэвы. Не так даўно многія з іх, разам з хворымі, спілавалі. І ўсё ж частка яшчэ ўцалела. Восенню 1945 года мы некалькі дзён хадзілі пешшу ў Буйнічы (аўтобусаў тады не было) і рыдлёўкамі закопвалі траншэі, якімі было здратавана ўсё вялікае поле. Рабілі пасадку дрэў уздоўж вуліцы Чалюскінцаў. Зімой у моцныя завірухі хадзілі на чыгуначны вакзал ачышчаць ад снегу чыгуначныя рэйкі і платформы…
Навучэнцам давалі стыпендыю 175 рублёў у месяц. Але яе не хапала. З дому мы маглі ўзяць толькі бульбу і акрайчык хлеба. Але ж трэба было тое несці на сабе пешшу за 40, а некаторым і большай адлегласці кіламетраў. Таму жылі ўпрогаладзь. У студэнцкай сталоўцы за невялікі кошт можна было купіць абед. Мы жартавалі, глянуўшы ў міску з нішчымнай стравай: “Крупіна за крупінай ганяецца з дубінай”.
Летам 1946 года пасля завяршэння экзаменаў усе навучэнцы разам з групай выкладчыкаў выехалі ў магілёўскі лес і тыдзень ці больш заўзята працавалі на распілоўцы беразняку. Дроў было назапашана з запасам і зіму 1946—1947 навучальнага года ў культасветвучылішчы правялі ў нармальных умовах.
Восенню 1946 года ў наш будынак падсяліўся ўноў адкрыты Мінскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С. Пушкіна, бо ў Мінску яшчэ толькі пачалося будаўніцтва вучэбнага корпуса. Стала весялей. У нас агульны інтэрнат, вучэбны корпус,выкладчыкі і нават на першы год адзін дырэктар. Толькі камсамольская і прафсаюзная пярвічныя арганізацыі – асобныя. Адной студэнцкай сям’ёй мы дружна ладзілі літаратурныя вечары, ставілі самадзейныя спяктаклі, рабілі калектыўныя паходы ў кіно. Яшчэ весялей стала, калі адмянілі харчовыя карткі і можна было, як меліся грошы, пастаяўшы ў чарзе, купіць удосталь ржанога хлеба. Але, каб адчуванне голаду прайшло, спатрэбілася яшчэ некалькі гадоў…
На свае вочы бачыў як аднаўляўся і прыгажэў наш Магілёў. У 1952 годзе я з Мінска вярнуўся ў Магілёў на ўсё астатняе жыццё. Бачыў як будаваліся новыя масты праз Дняпро, новыя вуліцы, новыя дамы і новыя мікрараёны, новыя навучальныя ўстановы, як узводзіліся новыя карпусы камбіната “Хімвалакно”, будучых“ Магатэкса”, “Зеніта” і іншых прадпрыемстваў. Усё гэта светлай радасцю поўніла сэрца…

Віктар АРЦЕМ’ЕЎ.

Поделиться с друзьями
1 033 просмотров