У рамках Міждзяржаўнага супрацоўніцтва

Сабралісь тут на “Полі” на “Славянскім”

Яго мы “дзеці” – шлях адзін і лёс.

Расія тут спявае – голас бранскі,

І Беларусі спевы да нябёс…

В. Марчанка

16 чэрвеня прадстаўнікі бібліятэчнай і клубнай цэнтралізаваных сістэм Краснапольшчыны прынялі ўдзел у Міждзяржаўнай сустрэчы, якая адбылася на Краснагорскай зямлі Бранскай вобласці і была прысвечана 45-годдзю прафесійнага супрацоўніцтва памежных бібліятэк.

На гэты раз  Міждзяржаўная сустрэча адбывалася ў Любаўшанскай бібліятэцы, якая з’яўляецца структурным падраздзяленнем МБУК “Краснагорская МЦРБ”.

У сустрэчы прымалі ўдзел не толькі бібліятэчныя работнікі, але і работнікі іншых сфер культуры, паэты, бо ў праграме была прадугледжана работа “Дзелавой пляцоўкі” з бібліятэчным марафонам удзельнікаў круглага стала, “Зялёнай пляцоўкі” з карагодам сяброў і творчай лабараторыяй па Году экалогіі, “Літаратурна-музычнай пляцоўкі”.

У рабоце прынялі ўдзел дэлегацыі з Расіі і Беларусі. З Расіі – Бранская абласная навуковая ўніверсальная бібліятэка імя Ф. І. Цютчава, Клімаўская і Злынкаўская бібліятэкі. З Беларусі – Чачэрская, Гомельская, Краснапольская бібліятэкі.

За круглым сталом “Бібліятэка ХХI стагоддзя” бібліятэкі падводзілі вынікі 45-гадовага супрацоўніцтва ў мэтах ўзбагачэння бібліятэчнай практыкі, адшуквання новых форм і метадаў сучаснай работы.

У рабоце круглага стала прыняла ўдзел Краснапольская раённая бібліятэка. Снытка В. І. прадставіла прэзентацыю новых форм работы сваёй бібліятэчнай сістэмы.

Сёння важна быць не проста назіральнікам перамен, якія адбываюцца ва ўсіх сферах жыцця, але і непасрэдна ўдзельнічаць у іх.

Дырэктар ДУК “ЦБС Краснапольскага раёна” Басянкова Н. М. адзначыла: “Усе матэрыялы круглага стала прадстаўлялі інтарэс і ўпэўнівалі, што нават невялікія бібліятэкі могуць быць прасторай для духоўнага развіцця, зносін. А такія прафесійныя сустрэчы – каштоўны ўзнёсак у павышэнне прафесійнага майстэрства і супрацоўніцтва”.

На літаратурна-музычнай пляцоўцы адбылася сустрэча і выступленні паэтаў літаратурнага аб’яднання “Дзеці Славянскага поля” і носьбітаў фальклорнай спадчыны.

На гэтай пляцоўцы ад краснапольскай дэлегацыі выступілі паэт Краснапольшчыны Валянціна Марчанка і народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі” (кіраўнік Марчанка В. А.) Горскага СДК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”.

Нацыянальная культура, культурная спадчына аб’ядноўваюць духоўныя інтарэсы народаў. Праз захаванне традыцыі ўзаемадзеяння магчыма фарміраванне пазітыўных адносін да суседзяў, умацаванне ўзаемаразумення, абуджэнне інтарэсу да культуры іншых народаў і яе развіццё.

Марчанка В. А., метадыст РЦК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”

Поделиться с друзьями