НАРОДНЫЯ РАМЁСТВЫ Ў ФАРМАЦЕ СУЧАСНАСЦІ

На прыканцы жніўня ў ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” адбыўся бліц-семінар “Захаванне і актуалізацыя традыцыйных рамёстваў у кантэксце запатрабаванасці ў сучасным грамадстве”

Пад кіраўніцтвам метадыста па традыцыйнай культуры РЦК В.А. Марчанка ўдзельнікі семінара абмеркавалі асаблівасці актуалізацыі народных рамёстваў. Актуалізаваць рамяство – значыць змяніць характарыстыкі традыцыйнага рамеснага прадмета ў адпаведнасці са змяненнямі ў акружэнні сучаснага чалавека. Варыяцыі актуалізацыі рамесных прадметаў у фармат сучаснасці могуць быць самымі рознымі.

Выстаўка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якую прадставілі СДК прадэманстравала некаторыя з такіх варыяцый, а яшчэ паказала разнастайнасць рамесніцкіх вырабаў і прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Асабліва вабілі сувеніры Яноўскага СДК, зробленыя Л.В. Крапіўніцкай, Т.В. Яфімчык і іх гурткоўцаў.

А майстар-клас, які правяла кіраўнік гуртка Ленінскага СДК А.У. Кандраценка, як раз і прадэманстраваў, як з дапамогай змянення матэрыялаў мяняюцца фізічныя ўласцівасці прадмета пад фармат сучаснасці.

Удзельнікі майстар-класа засвойвалі сакрэты пляцення сувенірнай прадукцыі з “газетнай лазы”. Ітрэба сказаць, працэс гэты адбываўся даволі паспяхова, таму што работнікі культуры заўсёды адкрыты да новых ведаў і відаў творчасці.

А.У. Кандраценка, Т.В. Яфімчык, Л.В. Крапіўніцкая, Л.У. Васількова – спецыялісты СДК, якія ўжо добра валодаюць тэхналогіямі пляцення, а іх вырабы знаходзяць месца ва ўстановах культуры для ўпрыгожвання інтэр’еру, на выстаўках і распаўсюджваюцца ў якасці сувенірнай прадукцыі.

Удзельнікі бліц-семінара наведалі раённы Дом рамёстваў. Гэта дало магчымасць ім пазнаёміцца з яго шырокім асартыментам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, атрымаць адказы на ўзнікшыя пытанні.

Трэба адзначыць, што актуалізацыя традыцыйнай культуры – неабходная састаўная частка працэсу яе засваення і захавання. Многія прадметы і з’явы традыцыйнай культуры страчваюць актуальнасць у сваім першапачатковым прызначэнні, таму так важна перавесці іх у сучасныя, даступныя і зразумелыя формы існавання ў грамадстве, знайсці магчымасць узнавіць здольнасць былых твораў народнай культуры да новага функцыяніравання. Гэтаму і вучыліся спецыялісты клубных устаноў праз бліц-семінар.

В. Марчанка, метадыст па традыцыйнай культуры ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”.

Поделиться с друзьями
414 просмотров