ПАЭЗІІ ЧАРОЎНЫЯ РАДКІ

Пад назвай “Паэзіі чароўныя радкі” у ДУК “ЦБС Краснапольскага раёна” адбылася сустрэча мясцовых самадзейных паэтаў Краснапольшчыны са слухачамі, прыхільнікамі паэзіі, мастацкага слова і кнігі, сярод якіх апынуліся бібліятэчныя работнікі, члены раеннага савета ветэранаў, педагогі, работнікі культуры і ўсе жадаючыя. Бо, як кажуць, паэзіі патрэбны не толькі таленавітыя людзі, якія яе ствараюць, а яшчэ і таленавітыя слухачы і чытачы.

Мерапрыемства было прысвечана Дню бібліятэк, 500-годдзю кнігадрукавання і 310 гадавіне з дня ўтварэння Краснаполля. Вядучыя, супрацоўнікі бібліятэкі Ж. В. Андрэенка, Ж. М. Жыхарава, увялі слухачоў у асаблівы свет паэзіі – свет пачуццяў, эмоцый і вобразаў. А потым прысутныя сустрэліся як ужо са знаёмымі паэтамі-землякамі, так і з новымі.

Святло сваёй душы і яе хваляванні ў той дзень адкрывалі і дарылі слухачам С.А. Марчанка, С.А. Сазонава, Г.М. Яўсеенка, Г.М. Каваленка, А.В. Амельчанка, С.М Шалухіна. Іх творчасць аб’ядноўвае блізкасць тэматыкі і праблематыкі вершаў, неабыякавасць да жыцця, навакольнага свету. Як аказалася, многія з выступаючых паэтаў-землякоў адшукваюць тэмы для сваіх вершаў у самых простых рэчах і з’явах, тых, што побач, якія іх хвалююць і замілоўваюць, прымушаюць задумацца і паразважаць. І гэта цудоўна, бо такія творы прымушаюць па-новаму бачыць такі звыклы свет, рабіць нечаканыя адкрыцці і насычацца эмоцыямі і пачуццямі. І тут да месца прывесці думку В. Бялінскага, які ў свой час сказаў: «Тот ещё не художник, которого поэзия трепещет и отвращается прозы жизни, когда могут вдохновлять только высокие предметы. Для истинного художника – где жизнь, там и поэзия».

Маладыя творцы, педагогі з ДУА “Сярэдняя школа г. п. Краснаполле”: С.А. Сазонава, А.В. Амельчанка, С.М. Шалухіна разважалі пра любоў і жаночую сутнасць, углядаліся ў свой унутраны свет, адным словам, філасофствавалі, хоць лічыцца, што філасофская праблематыка самая цяжкая, і трэба нямала ведаць пра жыццё, каб нешта сказаць свету.

Асаблівае месца ў сустрэчы знайшлі творы, прысвечаныя малой радзіме, любові да яе, а яшчэ – балючым хваляванням за яе.

У вершах Г.М. Каваленкі — боль за любыя парушэнні ў прыродзе і жорсткія зносіны з ёй. Эмацыянальная і чулая, свой верш, як водгук на забойства лябёдачкі на Палужскім вадасховішчы, Галіна чытала амаль са слязамі на вачах.

Сярод прачытаных твораў Г.М. Яўсеенкі былі вершы, прасякнутыя замілаваннем штодзённым жыццём Краснапольшчыны, а яшчэ вершы з трагічна-пранікнёнымі пачуццямі пра першыя часы чарнобыльскай навалы. Працуючы ў той час карэспандэнтам раеннай газеты “Чырвоны сцяг”, яна часта выязджала ў зоны адсялення, дэзактывацыі. Да гэтага часу яна не можа пазбавіцца ад таго жудаснага пацуцця дзікай нерэальнасці, калі ішла па “мёртвай” вёсцы без адзінага жыхара, а на яе ў маўклівым недаўменні глядзелі пустымі вокнамі пакінутыя хаты. “Я да гэтага часу памятую той звон, які ўзнік тады ў мяне ў галаве”, – прызнаецца Галіна.

Балючай з’явай для Краснапольскага раёна сёння з’яўляецца старэнне і выміранне вёсак. Менавіта болем за іх знікненне пранізаны мае вершы, якія складаюць цэлы тэматычны цыкл пад назвай “Ещё живёт в стихах моя деревня».

У іх – і ўспаміны пра вёску яшчэ ўчарашнюю, дзе ўсё да драбніц: студня з жураўлём, бацькава груша за акном, знаёмае балота з пасмамі туману над ім, пах хлеба з печы на капусным лісце; і глыбокія хваляванні да слёз за вёскі сённяшнія, якія таюць, быццам лёд; і адчуванне асабістай віны за тое, што адыходзяць вёскі ў небыццё.

Патрыятычная праблематыка вершаў блізкая творчасці амаль усіх паэтаў-землякоў, якія прысутнічалі на мерапрыемстве. Асабліва ярка і змястоўна яна выказана ў тых творцаў, хто яшчэ і па роду сваёй прафесійнай дзейнасці мае дачыненне да патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення: бібліятэкара Ленінскай бібліятэкі Г.М. Каваленкі, намесніка дырэктара школы С.А. Сазонавай, мне, як былому педагогу, зараз работніку сферы культуры, былому супрацоўніку газеты Г.М. Яўсеенке. У іх вершах – прызнанне ў любові да Радзімы, гонар за яе.

Як паведаміла на сустрэчы дырэктар бібліятэкі Н. М. Басянкова, у гэтым годзе яны арганізавалі ўдзел жадаючых вершатворцаў у літаратурным on-line конкурсе “Людзі Алёхінскага духу” (прынялі ўдзел Д. Кустаў і А. Салдаценка), абласным конкурсе, прысвечаным 500-годдзю кнігадрукавання на Беларусі, конкурсе на літаратурнаю прэмію ім. В. В. Біянкі, які праводзіцца ў рамках расійска-беларускага міжнароднага праекта “Пад белымі крыламі”.

Напрыканцы сустрэчы адбыўся змястоўны дыялог паміж удзельнікамі і творцамі. Прысутных цікавілі пытанні, адкуль бярэцца ў нашых землякоў патрэба пісаць, як яны ставяцца да беларускай мовы, да электронных кніг, камп’ютара, і іншыя. Парадавала і па-добраму здзівіла, што неабыякавымі да гэтых пытанняў засталіся не самыя маладыя з прысутных, а хутчэй наадварот. А гэта гаворыць пра іх грамадскую актыўнасць і неабыякавасць да жыццёвых з’яў соцыума – пра сапраўдныя грамадзянскія якасці.

Паэзія – асаблівы свет, далучайцеся да яго, не прапускайце каштоўныя імгненні і магчымасці.

Валянціна МАРЧАНКА.

Поделиться с друзьями
528 просмотров