ФАЛЬКЛОР – ДУХ РОДНАЙ ЗЯМЛІ

На вырашэнне задач захавання фальклору і фальклорных традыцый у сучасным асяроддзі быў накіраваны двухдзённы абласны семінар, арганізаваны абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці.

Падзяліцца вопытам работы па праблеме семінара ад нашага раёна запрасілі метадыста РЦК па традыцыйнай культуры В.А. Марчанку і народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі” (кіраўнік ансамбля В.А. Марчанка).

У семінары прынялі ўдзел спецыялісты абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці (А.М. Фядосава, Н.Л. Маісеева), абласнога музея (С.Б. Рыбакова), музычнага каледжа (Л.В. Зыкава), праз лекцыі якіх можна было ўдасканаліць веды па класіфікацыі жанраў каляндарнага фальклору, пра сцэнічнае ўвасабленне фальклору, як з’явы народнага масавага свята, пра асаблівасці народнага касцюма і яго выкарыстанне ў сцэнічных дзеях.

Было прыемна сустрэцца з творчымі асобамі і калектывамі, якія па-сапраўднаму заклапочаны захаваннем фальклору ў сучасным жыцці і шукаюць для гэтага шляхі і сродкі.

Вопытам работы з фальклорным матэрыялам дзяліўся дзіцячы ансамбль “Купалачка” УА “Дзіцячая школа мастацтваў” горада Клічава і спецыялісты гэтай установы. Дзеці засвойваюць аўтэнтычны песенны і танцавальны фальклор, вядуць актыўнае творчае жыццё.

Ансамбль “Пярэзвы” РЦК Бабруйскага раёна прадэманстраваў як прафесійна і ўмела пераводзіць аўтэнтычныя формы на сучасны лад з захаваннем іх асаблівасцей і прыгажосці.

ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” запрасіла прысутных на семінары метадыстаў, мастацкіх кіраўнікоў раённых і гарадскіх цэнтраў культуры, кіраўнікоў фальклорных і вакальных ансамбляў, у сваю творчую майстэрню пад назвай “Шляхі і сродкі захавання і актуалізацыі фальклору і актывізацыя інтарэсу да яго”.

Шырока была прадстаўлена ў творчай майстэрні выдавецкая прадукцыя і метадычны фонд, напрацаваны за апошнія 3 гады метадыстам РЦК і спецыялістамі СДК. Выстава не толькі вызвала інтарэс удзельнікаў семінара, але і дазволіла ім набыць неабходныя выданні.

У тэарэтычнай частцы майстэрні “Этнакультурнае развіццё, як статэгія праектавання дзейнасці клубных устаноў” метадыстам РЦК В.А. Марчанкай была раскрыта сістэма работы ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” па захаванню фальклору праз правядзенне экспедыцый, па засваенню адшуканага фальклору і яго актуалізацыі – увядзенню “незабыўных крынічак” духоўнай спадчыны роднай зямлі ў культурнае жыццё. Былі асвечаны тыя накірункі, якія вядуць да захавання фальклорнай спадчыны ў сучасным асяроддзі.

Трэба прызнацца, што менавіта пытанні і магчымасці актуалізацыі фальклору ў нашым раёне застаюцца пакуль не надта распрацаванымі і выкарыстоўваюцца не ў поўнай меры – мясцовы аўтэнтычны фальклор амаль не ўключаецца ў масавыя мерапрыемствы раёна, нават добра прыдатныя для гэтага, напрыклад, Зажынкі, Дажынкі, і інш. Не заснаваны ў нашым раёне і свае фальклорныя фестывалі і святы. Гэтыя праблемы трэба сёння ўзнімаць і вырашаць на ўсіх узроўнях зацікаўленых у гэтым структур.

Колькі фальклорных жамчужын роднай зямлі застаюцца незапатрабаванымі, гаснуць у вёсках, не матываваныя і не знайшоўшыя шляху да шырокага кола слухачоў.

Якую  самабытнасць і прыгажосць набылі б мерапрыемствы, калі б былі заснаваныя на сваіх мясцовых “рызынках” абраднасці і на дыялектнай аўры роднай песні, а не на стылізаваным і прыўнесеным у нашу культуру матэрыяле. У нас ёсць унікальная культура, якая побач…

Дэманстрацыю вопыту работы з фальклорным матэрыялам працягнуў на семінары народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі”.

Яго ўдзельнікамі былі прадстаўлены 2 праграмы сцэнічнага ўвасаблення фальклорнага матэрыялу: праграма на купальскую тэму “Скажы, вяночак, дзе мой дружочак” і праграма “Зямля, якая спявае”, заснаваная на спалучэнні песен і паданняў.

Прысутныя на семінары пазнаёміліся і з вясельнай спадчынай нашай зямлі. Праз праграму “Вясельны абрад на краснапольскі лад” была прадэманстравана яшчэ і новая форма актуалізацыі фальклору, асабліва прыдатная для азнаямлення з фальклорам падрастаючага пакалення, якую можна назваць “Анталогія вясельных песень у інтэрактыўнай форме”.

Гэты ансамбль – актыўны ўдзельнік і пераможца рэгіянальных і абласных святаў і фестываляў, форумаў і метадычных мерапрыемстваў. У 2017 годзе ён двойчы пабываў на расійскай зямлі; на конкурсах вобласці атрымаў 3 дыпломы: 1-й і 2-й ступені ў рэгіянальным конкурсе “Спас – усяму час”, дыплом 3-й ступені – на рэспубліканскім свяце “Александрыя збірае сяброў”.

На сённяшні дзень спяваць эстраду могуць усе, а каб спяваць фальклор, патрабуецца ўнікальнасць і спевакоў, і твораў, і манеры.

А яшчэ сёння патрабуецца аб’яднанне ўсіх, хто зацікаўлены ў захаванні ўніверсальнага чалавечага капіталу, якім з’яўляецца фальклорная спадчына, і хто адказны за рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі Беларусі ў сферы культуры, накіраванай на захаванне самабытнасці культуры беларускага народа.

Матэрыялы падрыхтавала Валянціна МАРЧАНКА.

Поделиться с друзьями
480 просмотров