СФЕРА КУЛЬТУРЫ ВЁСАК – УНІКАЛЬНЫ ПЛАСТ ЖЫЦЦЯ

Сфера культуры вёскі ўяўляе сабой унікальны пласт жыцця, які ўбірае ў сябе ўзоры народнай творчасці і аматарскага мастацтва. Сённяшні час адзначаецца павышанай увагай да рэгіянальнай культуры, гісторыі, якія з’яўляюцца часткай нацыянальнай культуры краіны.

Значная роля ў захаванымі духоўнай і матэрыяльнай спадчыны належыць клубным установам, асабліва сельскім. Бо менавіта на сяле, у вёсачках захаваліся яшчэ жывыя носьбіты народнай культуры – знаўцы песень, абрадаў і іншых жанраў фальклорнай спадчыны.

На сённяшні дзень у ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” налічваюцца 7 сельскіх дамоў культуры, 1 сельскі клуб, 1 сельскі клуб-бібліятэка.

Галоўнымі задачамі гэтых устаноў з’яўляюцца захаванне традыцыйнай культуры, развіццё самадзейнага мастацтва, стварэнне ўмоў для рэалізацыі інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу насельніцтва і яго духоўнасці.

Сёння даволі востра паўстае пытанне зберажэння і актуалізацыі фальклорнай спадчыны, перадачы яе падрастаючаму пакаленню.

На базе СДК у 2017 годзе толькі па засваенню традыцыйнай культуры працуе 11 клубных фарміраванняў для дзяцей. Гэта гурткі па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, па засваенню этнаграфічных ведаў і новы гурток “Бацькаўшчына” на базе новай па форме ўстановы Палужскага клуба-бібліятэкі.

Гурткі па ДПМ Яноўскага СДК (кіраўнік гуртка Л.В. Крапіўніцкая), Горскага СДК (кіраўнік гуртка Л.У. Васількова), Ленінскага СДК (кіраўнік гуртка А.У. Кандраценка) сталі сапраўднымі творчымі майстэрнямі па засваенню дзецьмі ўмельства пляцення з газетнай лазы, вырабу лялек, бісерных сувеніраў і іншай творчай прадукцыі. Адзначаныя кіраўнікі гурткоў не толькі добра валодаюць методыкай правядзення заняткаў, але ўвесь час заклапочаны ў засваенні новых відаў народных рамёстваў і ДПМ. Выстаўкі гурткоўцаў ствараюць атмасферу творчасці і народнасці, якая, як вядома, сагравае душу чалавека, яднае яго з зямлёй таленавітых продкаў.

Плеценыя вырабы Л.В. Крапіўніцкай і яе выхаванцаў (Яноўскі СДК) упрыгожваюць клубную ўстанову, набываюцца ў якасці сувеніраў, нават запатрабаваныя гасцямі з Італіі і Бельгіі.

Сваім майстэрствам кіраўнікі гурткоў дзеляцца з калегамі. Напрыклад, толькі ў 2017 годзе А.У. Кандраценка (Ленінскі СДК) правяла для клубных работнікаў 2 майстар-класы, 2 выставы і адкрыты паказ.

З мэтай захавання лепшых узораў лакальнай культуры Краснапольшчыны пры кожнай сельскай клубнай установе створаны этнаграфічныя пакоі (хаткі), праз экспанаты якіх і захапляльныя праграмы раскрываюцца прыгажосць народнай творчасці, мудрасць продкаў, маральныя ўрокі жыцця і выкарыстоўваецца іх глыбокі выхаваўчы патэнцыял.

Новае жыццё набылі этнаграфічныя пакоі праз удзел у раённым праекце “Шануй сляды мінулага”. Клубныя работнікі выкарыстоўваюць этназборы ў якасці выстаў, пазнавальных і забаўляльных праграм, базы для даследчай дзейнасці і ў якасці асяроддзя для сцэнічных форм абрадавай культуры.

Фальклорна-этнаграфічная аснова гэтых мерапрыемстваў – сродак захавання народнай спадчыны Краснапольшчыны і далучэння да яе падрастаючага пакалення.

Добра арганізавана работа этнапакоя Яноўскага СДК, дзе вучні мясцовай школы з’яўляюцца яго пастаяннымі наведвальнікамі. Актывізавалі збіральную і творчую дзейнасць у этнакутках Тур’яўскі, Халмянскі СДК.

“Адносіцца да культуры трэба з павагай”, – такое правіла для сваёй работы абрала малады спецыяліст Тур’яўскога СДК А. Трыфаненка і ў якасці мастацкага кіраўніка ўстановы і кіраўніка клубных фарміраванняў прыкладвае ўсе намаганні, каб на новы ўзровень падняць усё лепшае ў вопыце работы свайго СДК і ўнесці нешта новае. За 9 месяцаў яе работы разам з дырэктарам установы З.А. Смаршковай, актывізавалася дзейнасць этнапакоя, дзіцячых гурткоў, ажывілася мастацкая самадзейнасць, забяспечваўся ўдзел СДК ва ўсіх раённых праектах і конкурсах.

Гісторыя і культура Краснапольшчыны добра ўвасоблены ў народнай песні, абраднасці і іншых жанрах фальклору.

За апошнія 3 гады калектывы актыўна засвойвалі методыку збірання мясцовай культурнай спадчыны, яе пераймання і ўвядзення ў жыццё, бо яна хуткімі тэмпамі знікае разам з вёскамі і ўходам з жыцця носьбітаў фальклору.

Унікальным захавальнікам мясцовага фальклору з’яўляецца народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі” (кіраўнік В.А. Марчанка), які добра вядомы на абласным узроўні, дэманструе прыгажосць аўтэнтычна-фальклорнай спадчыны Краснапольшчыны праз удзел ва многіх значных праектах, фестывалях і конкурсах вобласці, праз удзел у вучэбна-метадычных формах работы.

На аснове сабраных і засвоеных фальклорных матэрыялаў у рэпертуары гэтага калектыва такія абрадавыя дзействы як Талака, Дажынкі, Зажынкі, Юр’е, Купалле, Вяселле і інш. А сярод архаічных песень з іх рэпертуару можна знайсці песні, прымеркаваныя да кожнага каляндарнага абрада і свята.

На аснове дзейнасці гэтага калектыва створана і добрая метадычная база: з выданнем рэпертуарных зборнікаў, абагульненнем матэрыялаў экспедыцый, абагульненнем вопыту работы.

Унікальнымі захаванымі песеннымі творамі сваёй мясцовасці можа пахваліцца і фальклорны ансамбль Яноўскага СДК. Кіраўнік ансамбля “Яначкі” Т.В. Яфімчык збірае песні вёсак Курбакі, Яноўка, пасёлка Перадавы і ўмела арганізуе працэс іх засваення калектывам. Прыгожа спявае і сама ў якасці салісткі. Фальклорныя спевы гэтага аддаленага ад Краснаполля кутка – каштоўная культурная з’ява.

Актывізаваў сваю фальклорную дзейнасць і ансамбль “Ярыца” Халмянскага СДК (кіраўнік ансамбля Н.А. Дзегцярова), актыўна папаўняючы свой рэпертуар песнямі, якія спрадвеку спяваліся ў мясцовых вёсках. Акампанемент на гармоніку В.М. Саранкова стварае асаблівы мясцовы каларыт гучання для гэтага калектыва, які ўзяў кірунак на развіццё і ўдасканаленне выканання роднай песні.

Увабраўшы ў сябе сінтэз багатых культур трох славянскіх народаў, краснапольская зямля захавала свае фальклорна-этнаграфічныя асаблівасці. Фальклор гэта памяць сваёй зямлі. І гэта памяць можа знікнуць, калі не прыкладваць намаганні да яе захавання, рэтрансляцыі, фарміравання пачуцця прывязанасці да малой радзімы.

Матэрыялы падрыхтавала Валянціна МАРЧАНКА.

Поделиться с друзьями
252 просмотров