СВЯТА БЕЛАРУСКАЙ КУХНІ

Менавіта з гэтай мэтай у школе праводзяцца розныя мерапрыемствы з удзелам бацькоў, якія сваім  прыкладам паказваюць маладому пакаленню тыя каштоўнасці, якія сапраўдны чалавек ніколі не павінен забываць. Адна з іх – гэта культура беларускага народа, якая ўключае ў сябе народныя святы, звычаі, абрады, беларускія стравы і шмат іншага.

Мы імкнёмся да таго, каб наша моладзь ведала культуру нашай краіны.Так у кастрычніку, на свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы, у школе прайшло Свята беларускай кухні. Кожны клас рыхтаваў розныя беларускія  стравы, знаёміў з цікавымі рэцэптамі, якія засталіся ад бабуль, у прэзентацыях гучала інфармацыя аб тым, якія стравы абавязкова рыхтаваліся ў пэўныя святы, якія напіткі ў беларусаў былі галоўнымі і шмат іншага. Страў на сталах было не злічыць: бульба ў чугунках з печы з чорнай запечанай корачкай, шкваркі з яйкамі, дранікі, калдуны, пірагі з капустай, бульбай, халадзец, капуста квашаная з клюквай, сала, грыбы… Многія дзеці дапамагалі матулям з прыгатаваннем гэтых страў, а некаторыя, нават, зрабілі іх самі.

Вельмі прыемна было, што вучні аднесліся да падрыхтоўкі з адказнасцю, прадумалі “абарону” сваіх страў, сустракалі журы з загадкамі, танцамі, песнямі. Некаторыя гаспадары сустракалі ў беларускім  адзенні і на беларускай мове. І, канешне, прыемна было на гэтым свяце бачыць бацькоў, якія не проста прыйшлі паглядзець на ўсю гэтую прыгажосць і багацце, але і самі прынялі ўдзел. Напрыклад, Наталля Віктараўна Козінцава сустрэла журы як гаспадыня 10 “А” класа, а Тацяна Мікалаеўна Кухарэнка падзялілася рэцэптам любімай сямейнай беларускай стравы – клёцак з бульбы.

Вельмі цяжка ў гэты дзень прыйшлося журы, у склад якога ўваходзіў і  старшыня папячыцельскага савета Васіль Васільевіч Чамянцоў. Усе былі добра падрыхтаваны, таму кожны клас атрымаў грамату з прызавым местам. А пераможцам на гэтым свяце, на мой погляд, стала жаданне ведаць, любіць, захоўваць спадчыну свайго народа.

Т. Кірэенка, педагог-арганізатар ДУА “Сярэдняя школа г.п. Краснаполле”.

Поделиться с друзьями
958 просмотров