У ПОШУКАХ СТРАЧАНАГА

Ганчарства – былы гонар Краснапольшчыны. Нездарма збаны ўслаўляліся мясцовымі паэтамі розных пакаленняў. У А. В. Пысіна, нашага земляка, вядомага паэта 20 ст., знаходзім радкі, сагрэтыя любоўю, дзе “збаны, як званы”. Як мясцовая сучасная паэтка, таксама адзначаю ў сваіх радках асаблівасць сімволікі Краснапольшчыны – прысутнасць на сцягу выявы глінянага збана:

“Наш сцяг краснапольскі – і светлы, і чысты,

З мясцовае гліны — збанок залацісты…”

Як развівалася ганчарства на Краснапольшчыне? Якія функцыі выконвалі ганчарныя вырабы? Як аздабляліся? Як сучаснае насельніцтва ставіцца да традыцыйнага посуду і адраджэння традыцыйнага рамяства ў сваім рэгіёне? На ўсе гэтыя пытанні хацелася атрымаць адказы ў ходзе этнаграфічнай экспедыцыі, якая завяршылася выданнем ілюстраванай брашуры “Элементы ганчарства на Краснапольшчыне” (аўтар В. Марчанка).

Цікаўнасць да гэтых пытанняў ўзнікла яшчэ і ў сувязі з рэалізацыяй на Краснапольшчыне ініцыятывы па адраджэнню ганчарства ў раёне ў рамках праекта “Содействие развитию на местном уровне в Республике Беларусь”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца праграмай развіцця ААН. З такой ініцыятывай выступіла ДУК “Краснапольскі раенны гісторыка-этнаграфічны музей” у партнёрстве з раённым Домам рамёстваў.

Ёсць спадзяванне, што Краснапольшчына набудзе былую вядомасць у якасці ганчарнага цэнтра рэгіёну, захавае для нашчадкаў традыцыйнае рамяство роднай зямлі.

У ДУК “Краснапольскі раенны гісторыка-этнаграфічны музей” захоўваецца вялікая калекцыя ганчарных вырабаў, распаўсюджаных на тэрыторыі Краснапольскага раёна. Гаршкі, глякі, слоікі, макатры адлюстроўваюць шырокі асартымент ганчарных вырабаў, даюць уяўленне пра іх функцыі і спосабы аздаблення.

Яшчэ гадоў 10 назад па ўсяму Краснапольскаму раёну распаўсюджваліся гаршкі і глякі І. Я. Болцікава, майста з вёскі Забор’е.  На сённяшні дзень на Краснапольшчыне не засталося ніводнага жыхара, які б валодаў сакрэтамі гэтага майстэрства. А раней ганчарства было добра развіта ў вёсках Забор’е, Выдранка, Галузы, Гніліца, Новае жыццё, Краснаполле і інш.  Кірмашы ў Краснаполлі, як і вясковыя, давалі воку і душы чалавека асалоду ад цёпла-залацістых гладышоў, бліскучых глазураваных гаршкоў, кантраст якім стваралі сіне-чорныя пасудзіны, зробленыя па асаблівай тэхналогіі, а гаспадыням давалі магчымасць набыць неабходны скарб іх побыту.

Экспедыцыя пацвярджае схільнасць сённяшніх жыхароў Краснапольшчыны да выкарыстання глінянага посуду як у якасці прадметаў побыту, так і ў якасці адметнага знака роднай культуры – для ўпрыгожвання, стварэння каларытнай карціны жытла.

 У вёсцы Лешчанка Васіль Конахаў сабраў і паказаў цэлую калекцыю гаршкоў і глякоў. Размешчаныя на адной з вонкавых сцен пабудовы, яны разам з іншымі прадметамі даўніны ствараюць своеасаблівую атмасферу вясковага духа. Васіль з захапленнем калекцыяніруе такія прадметы і ўпрыгожвае імі сваю зону адпачынку. А вось яго маці Валянціна Іосіфаўна па-ранейшаму выкарыстоўвае глякі пад малако.

 Багатая калекцыя гаршкоў і глякоў і ў жыхара вёскі Горы Аляксандра Канстанцінава, а яго жонка Надзея ў маленькім гаршочку кіпяціць малако для ўнука.

А. А. Канстанцінаў дзеліцца: “Здаецца, і гаршкоў у нас у раёне ўжо не робяць, а як “бабіну кашу” на хрэсьбіны біць, дык, глядзі, і гаршок знаходзіцца. Любяць і цэняць іх нашы людзі. І нямала ў каго яны захоўваюцца дома. Я з задавальненнем заняўся б такім рамяством, каб меў неабходнае абсталяванне і каб атрымаў у майстра пару ўрокаў. Глядзі, на пенсіі ці ў вольны час і было б чым заняцца. Ды і ўнуку паказаў бы сапраўднае вясковае рамяство”.

І такіх прыхільнікаў глінянага цуда знайшлося нямала як сярод старых, так і сярод маладых. А гэта ўпэўнівае – гліняныя вырабы былых майстроў Краснапольшчыны і сёння жывуць у быту і культурным асяроддзі жыхароў.

Гліняны посуд можна сустрэць у якасці экспанатаў этнаграфічных хатак, створаных на базе клубных устаноў ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”. Ён ўпрыгожвае выставы і святы, надае асаблівы каларыт, служыць прыкметай шанавання культуры продкаў і з’яўляецца сувяззю часоў і пакаленняў.

Усе вырабы, якія давялося ўбачыць падчас экспедыцыі, глядзеліся цудоўна ў сваёй прастаце, чысціні ліній і без залішняй мудрагелістасці ўзораў. Формы пасудзін у асноўным прыземістыя і акруглыя, з вельмі плаўнымі пераходамі ад тулава да плечыкаў. Яно і зразумела: іх ляпіў чалавек, для якога родная і блізкая менавіта раўнінная мясцовасць, — без высокіх гор, з пакатымі ўзгоркамі і роўнымі пераходамі невялікіх узвышшаў і нізін, з рэкамі і азёрамі са спакойнай паверхняй вады. Прыродным наваколлем правяралася ўсё: ці тыя абраны формы, ці тыя вытрыманы прапорцыі. Сапраўды, народнае мастацтва – гэта мастацтва прыроды.

Прадметы даўніны праліваюць жыватворнае святло на культуру і падзеі мінулых вякоў. Гэтыя прадметы і сёння хвалююць чалавека неаслабным голасам народнай даўніны, завуць на пошукі страчанага.

Валянціна МАРЧАНКА.

Поделиться с друзьями
195 просмотров