АД СМЕШНАГА ДА ТРАГІЧНАГА – АДЗІН КРОК

Адкрыццё VI Міжрэгіянальнага фестывалю аматарскіх тэатраў “Тэатральныя вечарыны-2017” адбылося прэм’ерным паказам спектакля “Сабака з залатым зубам” па п’есе Уладзіміра Сауліча ў выкананні артыстаў Краснапольскага народнага тэатра раённага Цэнтра культуры.

Валодаючы вялікай доляй гумару і камічнасці, рэжысёр спектакля артыст народнага тэатра Міхаіл Пугачоў, на маю думку, выбраў у якасці асабістай рэжысёрскай работы гэтую п’есу таму, што менавіта трагікамедыйны жанр найбольш удала характарызуе яго артыстычную натуру і стаўленне да пэўных сітуацый сучаснай рэчаіснасці. Усе мы добра памятаем яго славутыя “Замовы”, не раз выклікаўшыя бурныя апладысменты гледача, гумарыстычныя замалёўкі і інтэрмедыі ў яго выкананні, удала створаныя вобразы на сцэне і інш.

Але смешнае ў сцэнічным  адлюстраванні, па задумцы рэжысёра, не адзінае на чым імкнуўся засяродзіць увагу гледача і сцэнарыст, і пастаноўшчык п’есы. Звычайныя жыццёвыя абставіны, даведзеныя да абсурду, калі страчваецца ўсялякі здравы сэнс, уведзеныя ў разрад трагічнасці – вось што цікавіла рэжысёра, падштурхоўвала да даследвання, і дало падставы выбраць менавіта гэты твор. Тым і прыцягвае ён, як аўтараў пастаноўкі, так і гледачоў.

Па выказванню саміх творцаў і выканаўцаў спектакля “Сабака з залатым зубам”, гэта не толькі крушэнне вялікай краіны Саветаў, але і больш жудаснае – руйнаванне чалавечых узаемаадносін, страта маральных каштоўнасцей у пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддя. А менавіта тады адбываецца дзея п’есы. У той няпросты для краіны час асобныя нашы суайчыннікі былі падвержаны гэткаму страшнаму падзенню маральнага стану.

І ўсё ж галоўны герой п’есы маёр Козлікаў (яго вобраз стварыў сам рэжысёр) і яго жонка Хаўроння Захараўна (артыстка народнага тэатра Святлана Петрачэнка) не вытрымалі выпрабавання жыццёвымі няўладдзямі тых часоў. Матэрыяльны дабрабыт і прэстыж у іх разуменні падмянілі чалавечы воблік і сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці ў сям’і.

Калі пераказваць змест у двух словах, то яго сэнс крыецца ў тым, што начальнік медвыцвярэзніка маёр Козлікаў у пагоні за модай і ў жаданні “перапрыгнуць” свайго вышэйстаячага начальніка (у якога тры пародзістыя сабакі) заводзіць не менш пародзістага шчанюка, выпісанага з самой Амерыкі. І нават ставіць яму залаты зуб, каб іншыя лопнулі ад зайздрасці. Але вось незадача. Няма дзе таму шчанюку па мянушцы Пан Фокс жыць. І сын прыспешвае родную маці, Кацярыну Карпаўну, адправіцца ў дом састарэлых, каб высвабадзіць пакой у кватэры для Фокса. А калі гэта не атрымоўваецца і ўвогуле загадвае памерці ей як мага хутчэй.

Дыялогі паміж героямі, ды і асабістыя маналогі, звернутыя ў глядзельную залу, не што іншае, як адлюстраванне чэрствасці чалавечай душы, яе збяднеласці, дэманстрацыя неймавернага эгаізму, дэспатычнасці і надзвычайнай жорсткасці пераходзячай у цынізм. Менавіта таму многія мізансцэны спектакля, надзвычай камічныя, не выклікаюць смеху ў гледача, а наадварот, прымушаюць задумацца над рэчаіснасцю і спазнаць усю агіднасць адносін роднага сына да маці.

У акружэнні антыгерояў найбольш яскрава выкрышталізоўваецца вобраз маці маёра Козлікава, які ўдала стварыла Вольга Салдаценка, якая быццам бы на ікону моліцца на партрэт сына. Канешне, сын Кацярыны Карпаўны не заўсёды быў такім, як зараз. Але маці і сёння, нягледзячы ні на што, гатова нават асабістае жыццё аддаць, каб жылося яе крывіначцы добра. Ёй незразумела сынава жаданне прамяняць яе на сабаку, але яе гатоўнасць і пакорнасць выканаць волю сына ўраджвае. Па задумцы аўтара п’есы, Кацярына Карпаўна ледзьве не адзіны станоўчы герой, што надзвычай сімвалічна.

На жаль, вельмі падобна сваімі паводзінамі і спажывецкімі адносінамі да жыцця дачка галоўных герояў Лада (А. Уварава). Было б неверагодным, калі б у маральна спустошаных асоб мелася дзіцяці больш выхаванае. Але ў шэрагу мізансцэн, асабліва на прыканцы дзеі, Лада дэманструе надзвычай каштоўныя чалавечыя якасці і праяўляе спагаду да сваёй састарэлай бабулі. Яна нават просіць Кацярыну Карпаўну не паміраць адной, а забраць яе туды, у вечнасць, разам з сабой. І гэта не нейкае пафаснае адступленне, а крык душы дзяўчыны, якой абрыдла мяшчанскае асяроддзе побыту бацькоў, іх асабістая дэградацыя і амярцвенне душы, якія зацягваюць і дачку.

Сараўдным прайдзісветам паўстае ў пастаноўцы сяржант Дзюба. Гэты прахіндзей, каб падладзіць свайму начальніку, скраў сабаку ў старога Язэпа, выправіў яму радаслоўную і пашпарт. Так стаў звычайны бобік па мянушцы Тузік амерыканскім Панам Фоксам. Але трэба аддаць належнае выканаўцы ролі сяржанта Дзюбы Аляксандру Кузняцову. Здаецца, і не самая галоўная гэтая роля, але выканаў ён яе даволі прафесійна з нямалай доляй гумару і артыстызма.

Не менш удала адлюстраваны вобраз дзеда Язэпа, які стварыў артыст народнага тэатра Віктар Лазовік. Мудрасць, жыццёвая памяркоўнасць, чалавечнасць і прыстойнасць у адносінах да другіх таксама ставіць яго ў разрад станоўчых герояў п’есы.

Апавядаючы пра падзеі, якія разварочваюцца на сцэнічных падмостках, нельга не супыніцца на сітуаціі, калі самаму маёру Козлікаву давялося выпатрабаваць сабе даведку аб асабістай смерці, а затым і ўвогуле у п’яным угары легчы ў труну. Становішча сапраўды надзвычай неверагоднае. Але менавіта яно падкрэслівае падзенне не толькі маральных каштоўнасцей чалавека разумнага, але і яго ўнутраны разлад і спустошанасць.

Дзякуючы менавіта такім неверагодным паваротам жыцця, рэжысёр разам з аўтарам п’есы асуджаюць усю агіднасць працэсу распада чалавека, як асобы, дэманструюць тую крайнюю мяжу, пераступіўшы якую, няма вяртання да чалавечага аблічча і маральнасці паводзін. У гэтым і крыецца перасцярога і галоўны сэнс трагікамедыі кожнаму, хто па той ці іншай прычыне стаіць перад выбарам.

Тамара БРАТАЧКІНА.

Фота Аляксандра ДАНЧАНКІ.

Поделиться с друзьями
1 166 просмотров