МОВА МАЁЙ РАДЗІМЫ

У цэнтральнай раённай бібліятэцы ім. М. Ткачова адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы. Супрацоунікамі ўстановы культуры было падрыхтавана мерапрыемства, удзельнікамі якога сталі 5 “Б” клас УА “Краснапольская раённая дзяржаўная гімназія” разам з педагогам-арганізатарам  Д.У. Куставым. У якасці ганаровага госця на сустрэчы  прысутнічала метадыст  раённага  Цэнтра культуры, а таксама  знакамітая паэтка краснапольскага краю В.А. Марчанка.

З прывітальнымі словамі перад прысутнымі выступіла  Валянціна Аляксандраўна Марчанка. Пачынаючы гаворку аб ролі роднай мовы ў нашым жыцці, Валянціна Аляксандраўна, звярнула ўвагу на тое,  як мала падрастаючае пакаленне гаворыць  па-беларуску, у асноўным,  у школе  на занятках беларускай мовы і літаратуры. І гэты дзень, які  прысвечаны захаванню роднай мовы, адзначаюць ва ўсім свеце недарэмна. Нельга дапусціць таго, каб наша родная мова знікла наогул з зямлі, як гэта здарылася калісьці з некаторымі мовамі. І, нягледзячы на тое, што ў нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы, сваю родную мы павінны  шанаваць і берагчы.

Некалькі слоў аб сваёй паэтычнай дзейнасці сказаў  удзельнікам сустрэчы педагог-арганізатар і  паэт Д.У. Кустаў. Ён таксама  прадставіў увазе прысутных  некаторыя свае вершаваныя творы, пазнаёміў са сваім зборнікам вершаў, які  размяшчаецца  на паліцах бібліятэкі.

Шмат беларускіх пісьменнікаў і паэтаў-суайчыннікаў успомнілі ў той дзень. Іх вершы і творы дзеці  добра ведаюць і зараз.

На працягу сустрэчы  ўдзельнікі  паслухалі цікавую казку, прысвечаную роднай мове, паспаборнічалі ў інтэлектуальнай гульне і пазнаёміліся з выставай кніг “Багата, родная ты мова…”. А завяршылася мерапрыемства словамі:” Будзьце і вы  разам з тымі, хто думае пра будучыню роднай мовы. Размаўляйце па- беларуску, бо заўтра наша мова вам, вашым дзецям  і ўнукам стане неабходнай”.

А.Чарткова,  ДУК “ЦБС  Краснапольскага раёна”.

Поделиться с друзьями
225 просмотров