АТРЫМАЛА ПАДЗЯКУ МIНIСТРА КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСI

На калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама, ў якой прымаў удзел міністр культуры Беларусі Юрый Бондар падзяку міністра культуры Беларусі атрымала В.А. Марчанка, метадыст па традыцыйнай культуры РЦК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”.

В.А. Марчанка адзначана за добрасумленную працу, значны ўклад у справу адраджэння і захавання нацыянальнай культуры.

У 2018 годзе працоўны стаж Валянціны Аляксандраўны складзе 40 гадоў: 36 гадоў аддадзена працы ў сферы адукацыі, апошнія 4 гады яна работнік культуры.

В.А. Марчанка адносіцца да той катэгорыі людзей, якія рабоце аддаюцца цалкам і займаюцца ёй з любоўю і натхненнем. А яшчэ Валянціну Аляксандраўну характарызуе імкненне да пастаяннага развіцця, пошуку і інавацый. Яе інавацыйныя праекты “Забытае ўваскрашаецца”, “Шануй сляды мінулага”, “Краснапольскі Арбат”, “Фальклорны жыццявір”, “Чары сівой даўніны” – творчыя знаходкі ў працэсе захавання і актуалізацыі народнай спадчыны свайго рэгіёну. Праз іх мэтанакіравана, сістэмна і грунтоўна вырашаюцца праблемы збірання і захавання рэгіянальнай народнай культуры, а клубнымі работнікамі засвойваюцца шляхі яе папулярызацыі і актуалізацыі. Кожны з праектаў – водгук на выклікі грамадства і сучаснага культурнага жыцця.

Як метадыст В.А. Марчанка вядзе сістэмную работу па свайму напрамку з кадрамі клубных устаноў па павышэнню іх прафесіяналізма, па распаўсюджванню лепшага вопыту.

Праз правядзенне экспедыцыйных збораў і даследванняў, выданне даследчых работ і зборнікаў, выставачную дзейнасць яна ўносіць значны ўклад у раскрыццё багатага культурнага і духоўнага патэнцыялу Краснапольскага раёна. Толькі за 2017 год праведзены грунтоўныя даследванні, вывучаны і зафіксаваны ўнікальныя культурныя з’явы мінулых стагоддзяў, якія захаваліся асобнымі носьбітамі да нашых дзён. Напрыклад, даследаваны абрад Купалле і сабраны купальскія песні і гульні ўсходняй часткі Краснапольшчыны, што мяжуе з Краснагоршчынай, даследавана ганчарства Краснапольшчыны, рэкруцкія і казацкія песні, што бытуюць на тэрыторыі раёна, апісаны ўнікальныя абрады “Свяча”, “Аброчны абед”, што яшчэ жывуць у вёсках Казелле, Халмы, Буглаі.

Такія знаходкі не застаюцца на старонках паперы і ў выглядзе фота. Валянціна Аляксандраўна знаходзіць шляхі і сродкі іх далейшага жыцця і распаўсюджвання. Так, матэрыялы Купалля былі выкарыстаны для творчых праграм Купалля ў Александрыі і абласнога праекта “Скарбніца Падняпроўя”. Матэрыялы абрадаў “Свяча” накіраваны ў Мінск для ўключэння іх у кніжнае выданне, якое рыхтуецца Я. Крукам і А. Катовіч. З даследчымі матэрыяламі па народным касцюме памежжавай тэрыторыі Валянціна Аляксандраўна запрошана выступіць на навукова-практычнай канферэнцыі ў г. Магілёве, якая адбудзецца ў рамках VI Міжнароднага форуму “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс развіцця грамадства”. Гэта ўжо другі яе ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі. На VI Міжнародны форум, як і папярэднія, запрошаны і народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі”, кіраўніком якога яна з’яўляецца. Гэты самабытны калектыў у складзе В.П. Картузовай, Т.І. Шапавалавай, Т.І. Снытка, С.В. Палітыкінай, Т.В. Сава, В.А. Марчанка і яго аўтэнтычны рэпертуар – адметная з’ява і гонар не толькі Краснапольскага раёна, але і ўсяго Падняпроўскага рэгіёну.

Вопыт работы метадыста В.А. Марчанка запатрабаваны абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці – на працягу 2017 года яна двойчы дзялілася вопытам з калегамі вобласці. Стварыла багаты метадычны фонд выдавецкай літаратуры, многія матэрыялы якога прэтэндуюць на сур’ёзнае кніжнае выданне, пра што марыць Валянціна Аляксандраўна, бо людзі прыходзяць і ўходзяць, а “напісанае застаецца”.

У Валянціны Аляксандраўны шмат адзнак і ўзнагарод, але, як прызналася яна, кожны знак увагі – гэта стымул і падтрымка, адчуванне еднасці аднадумцаў у рэчышчы стварэння і захавання нацыянальных культурных здабыткаў роднай краіны і сваёй малой радзімы.

В. АЛЯКСАНДРАВА.

Поделиться с друзьями