У МЭТАХ ЗАХАВАННЯ НАРОДНАЙ СПАДЧЫНЫ

У шэрагу форм сістэмнай метадычнай работы па традыцыйнай культуры РЦК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” знайшла сваё месца творчая майстэрня на тэму: “Захаванне народнай спадчыны: ад вывучэння да ўвядзення ў жыццё”.

Змест, формы і прыёмы творчай майстэрні былі арыентаваны на метадычную і практычную падтрымку клубных работнікаў, забеспячэнне іх навыкамі і ведамі, неабходнымі для ўдзелу ў конкурсах і мерапрыемствах, запланаваных у Год малой радзімы.

Зберажэнне і развіццё здабыткаў народнай спадчыны, нацыянальнай культуры, развіццё аматарскай мастацкай творчасці, рамёстваў, раскрыццё і падтрымка талентаў і носьбітаў аўтэнтычнага фальклору – сярод галоўных задач дзейнасці клубных устаноў. Менавіта на рашэнне гэтых задач накіраваны такія конкурсы ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”, як конкурс абрадавых праграм “Фальклорны жыццявір”, конкурс па ДПМ і рамёствах “Жывое дрэва рамяства”, па папулярызацыі фальклору “Песня маці і сёння жыве”, конкурс “Лепшы даследчык народнай спадчыны”, якія адбудуцца ў 2018 го- дзе. Праз творчую майстэрню клубныя работнікі засвойвалі шляхі і сродкі захавання і актуалізацыі народнай спадчыны, на аснове метадычных рэкамендацый, раздатачных і наглядных матэрыялаў практыкаваліся ў прыёмах яе папулярызацыі праз публіцыстычныя, наглядныя, практычныя сродкі.

Неабходнай часткай творчай майстэрні стала і выступленне мастацкага кіраўніка Тур’яўскога СДК А. С. Трыфаненкі па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення масавага мерапрыемства, распрацоўцы сцэнарыя і яго афармленню, бо гэтая практыка – у аснове якасці работы і культуры вядзення клубнай дакументацыі і метадычнай прадукцыі з вопыту работы.

У рабоце творчай майстэрні была прапанавана трыбуна вопыту метадыста В.А. Марчанкі па тэме “Шляхі папулярызацыі і актуалізацыі народнай спадчыны”. Валянціна Аляксандраўна падзялілася формамі і прыёмамі ўвядзення ў жыццё фальклорных і этнаграфічных збораў. У якасці адкрытага паказу зрабіла выставу-прэзентацыю ручнікоў па экспедыцыйнаму даследванню “Вясельныя ручнікі Краснапольшчыны”. Праз прэзентацыю выдавецкага фонду з вопыту работы раскрыла магчымасці публіцыстычных форм папулярызацыі вынікаў экспедыцый: навуковай, метадычнай, мастацкай літаратуры. 

Атрымаўшы грунтоўную метадычную падтрымку, клубныя ўстановы з сакавіка ўключаюцца ў паказы конкурсных мерапрыемстваў. Гэтыя паказы адкрыты для наведвання калег, што спрыяе абмену вопытам, удасканальванню дзейнасці, накіраванай на падтрыманне народнай спадчыны і самабытнасці культурнага жыцця малой радзімы.

В.АЛЯКСАНДРАВА.

Поделиться с друзьями
393 просмотров