Удзел Краснапольшчыны ў Міжнародным форуме

Міжнародны форум “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс развіцця грамадства” праводзіцца ў горадзе Магілёве з 2012 года. У розныя гады ў ім прымалі ўдзел прадстаўнікі многіх краін бліжняга і дальняга замежжа. Арганізатарам форуму з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, установа культуры “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”.
Форум з’яўляецца ўнікальнай не толькі для Беларусі міжнароднай пляцоўкай па абмену вопытам па захаванню і актуалізацыі традыцыйнай культуры, вызначэнню стратэгій падтрымкі і развіцця традыцыйнай культуры, аховы і трансляцыі каштоўнасцей традыцыйнай культуры, пошуку шляхоў міжнароднага супрацоўніцтва ў дадзеным накірунку.
Традыцыйна ў форуме прымаюць удзел вучоныя і спецыялісты ўстаноў, арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, якія займаюцца вывучэннем і захаваннем традыцыйнай культуры, кіраўнікі і спецыялісты дзяржаўных органаў кіравання, кіраўнікі і ўдзельнікі фальклорных і аўтэнтычных калектываў, прадстаўнікі сродкаў массавай інфармацыі і іншыя.
У 2018 годзе адбыўся VI Міжнародны форум, які доўжыўся з 24 па 28 красавіка. У ім прынялі ўдзел спецыялісты і творчыя сілы і ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”
Аб навукова-практычнай канферэнцыі і народным касцюме
Абавязковай часткай Міжнароднага форуму з’яўляецца навукова-практычная канферэнцыя, тэма якой вызначаецца кожны год. Удзельнікі канферэнцыі імкнуцца адказаць на пытанне, што ў традыцыйнай культуры можа і павінна быць захавана, падтрымана, узноўлена і арганічна ўключана ў соцыакультурную сітуацыю сённяшняга дня.
Тэмай навукова-практычнай канферэнцыі VI Міжнароднага форуму стала наступная: “Нацыянальны касцюм як элемент гістарычнай спадчыны ў сучаснай культуры”.
Установай культуры “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” на навукова-практычную канферэнцыю была запрошана і выступіла з дакладам на тэму “Этнаграфічныя рэаліі бытавання народнага касцюма памежжа. Краснапольскі строй” метадыст па традыцыйнай культуры РЦК г. п. Краснаполле В. А. Марчанка.
З кожным годам скарбніца народнага касцюма бяднее, ён уходзіць у небыццё разам са старэннем людзей і знікненнем вёскі. Таму гэты твор народнага мастацтва патрабуе захавання і вывучэння.
У сваёй рабоце Марчанка В. А. разлядала асаблівасці традыцыйнага касцюма краснапольскага строю і яго лакальныя асаблівасці, набытыя на аснове ўзаемадзеяння культур, праз параўнанне асобнікаў адзення памежных тэрыторый у ходзе яе ўласнай экспедыцыйнай практыкі і даследвання...
Як прызналася Валянціна Аляксандраўна, даследчая экспедыцыйная работа даставіла ёй сапраўднае задавальненне. Яе вынікам з’явілася брашураванае, добра ілюстраванае выданне, і выступленне на навукова-практычнай канферэнцыі, якое зацікавіла ўдзельнікаў канферэнцыі.
Беларускі народны касцюм – феномен духоўна-практычнай дзейнасці народа. У ім знайшлі ўвасабленне шматвяковы вопыт народа, яго гісторыя, культура, светапогляд, менталітэт. Беларускі касцюм, як і ўся культура беларусаў, не развіваліся адасоблена ад культуры іншых народаў. Беларуская культура сфарміравалася як культура славянская, якая лёгка ўспрымала дасягненні іншых і прыстасоўвала іх да ўмоў свайго жыцця.
Характарызуючы мясцовыя асаблівасці касцюма, сфарміраваныя пад уплывам розных культур, Марчанка В. А. выкарыстоўвала экспанаты ўласнай калекцыі элементаў народнага касцюма, набытыя на тэрыторыі як Краснапольскага, так і Краснагорскага раёнаў, экспанаты Краснапольскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея, этнаграфічных куткоў клубных устаноў раёна. Грунтоўна папрацавала з навуковымі крыніцамі, прадстаўленымі раённай бібліятэкай, з інтэрнэт-рэсурсамі.
Як прызналася Валянціна Аляксандраўна, ёй было цікава пазнаёміцца і пагутарыць з навукоўцамі з г. Мінска, якіх ужо ведала па іх кніжных выданнях, – прафесарам кафедры этналогіі і фальклору УА “Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтва”, доктарам мастацтвазнаўства, дацэнтам В. А. Лабачэўскай і дацэнтам, вядучым навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Піскуном Ю. А.
Скарбонка ўзнагарод Валянціны Аляксандраўны папоўнілася дыпломам удзельніка VI Міжнароднага форуму “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс развіцця грамадства”, а яе бібліятэка — цудоўным выданнем, атрыманым у падарунак, — кнігай В. А. Лабачэўскай “Беларускі народны тэкстыль”.
У Валянціны Аляксандраўны ёсць спадзяванне, што яе даследванне, як і іншыя, зацікавяць спецыялістаў сферы культуры і адукацыі, школьнікаў, музейных работнікаў.
Перад пачаткам канферэнцыі ўдзельнікам форуму была прадстаўлена дэманстрацыя-дэфіле традыцыйных касцюмаў рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь. У дэманстрацыі касцюма краснапольскага строю прыняла ўдзел Ганна Снытка, спецыяліст краснапольскага РЦК.
За два дні работы канферэнцыі (25 і 26 красавіка) прагучала больш двух дзесяткаў дакладаў па народнаму касцюму розных краін, сярод якіх – Беларусь, Узбекістан, Кыргызстан, Азербайджан, Казахстан, Літва, Латвія, Кітай, Грузія, Расія, Літва, Эстонія. Разглядаліся асаблівасці традыцыйных касцюмаў, сродкі іх выразнасці і прыгажосці, сучасныя тэндэнцыі развіцця касцюма і інш. Амаль усе выступаючыя былі апрануты ў нацыянальныя касцюмы сваіх краін.
Усё багацце беларускага касцюма шырока было прадстаўлена і пры ўрачыстым адкрыцці VI Міжнароднага форуму. Форум адкрыўся фальклорнай праграмай “Ласкавая матуліна спадчына” у канцэртнай зале “Магілёў”.
Гасцей форуму віталі намеснік Міністра культуры Васіль Чэрнік і начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярына Музычэнка.
Такія міжкультурныя і міждзяржаўныя дыялогі, як канферэнцыя і сам форум, арыентаваны на пошук аптымальнай мадэлі існавання розных культур і этнасаў на сучасным этапе.

Тэма дня – “Кола жыцця”

Прыгожай культурнай з’явай міжнароднага форуму стала тэатралізаванае фальклорнае прадстаўленне “Кола жыцця”, якім завяршаўся дзень 26 красавіка. Намаганнямі майстра сваёй справы рэжысёра абласнога метадычнага цэнтра Маісеевай Н. Л., вядучых прадстаўлення А. Глуздова і П. Шаўлякова, канцэртнай групы, удзельнікаў прадстаўлення з ліку калектываў і выканаўцаў розных раёнаў вобласці прадстаўленне адбылося відовішчным, насычаным, прыгожым і пазнавальным.
Госці і ўдзельнікі форуму апынуліся ў плыні народнай творчасці. Праграма прадстаўлення была пабудавана на каляндарна-абрадавым матэрыяле і была насычана аўтэнтычнымі і фальклорнымі песнямі, танцамі, абрадамі, прымеркаванымі да святаў усіх каляндарных цыклаў года.
Асаблівасцю праграмы было і тое, што ў ёй прынялі ўдзел пераможцы абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Скарбніца Падняпроўя”, які быў рэалізаваны на працягу 2017 года.
Сярод пераможцаў і ўдзельнікаў праграмы “Кола жыцця” апынуліся і аматары фальклору краснапольскай зямлі – народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі” (кіраўнік Валянціна Марчанка) і гарманіст Віктар Саранкоў.
Прадстаўленне завяршалася ўручэннем дыпломаў пераможцаў. Дыпломы 1-й ступені атрымалі і нашы ўдзельнікі – народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі” і гарманіст Віктар Саранкоў.
“Песня “Салавейка” у вашым выкананні ўзарвала мне душу. У мяне і слёзы, і замілаванне! Гэта ўнікальна, гэта было лепшае ў праграме. Я ледзь не пабегла на сцэну, каб абняць вас”, — так адгукнулася на выкананне “Горскімі харашухамі” песні “А чом, салавейка, смуцён, невясёл” Аксана Катовіч, калі сустрэлася з імі на наступны дзень форуму ўжо на мсціслаўльскай зямлі. Але пра гэта крыху пасля.
Зараз жа хочацца дадаць, што ўдзел у мінулагоднім абласным праекце быў адзначаны для нашых землякоў яшчэ і такім шэрагам узнагарод: дыпломамі 1-й ступені ўзнагароджаны салісткі народнага фальклорнага ансамбля “Горскія харашухі” Вера Пятроўна Картузова і Валянціна Марчанка, артыст народнага тэатра РЦК Міхаіл Пугачоў. Дыпломам 2-й ступені ўзнагароджаны народны ансамбль народнай песні “Шчадрэц” (кіраўнік В. С. Шаршнёва). Дыпломам 3-й ступені адзначана майстар па саломапляценню РДР Валянціна Маскалькова. Два дыпломы атрымаў метадыст-майстар разьбы па дрэве РДР Андрэй Ганчарэнка – “За асабісты ўклад у развіццё дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва” і “За правядзенне майстар-класа ў рамках абласнога фестываля фальклорнага мастацтва “Скарбніца Падняпроўя””.

”Вясёлка веснавых святаў” на мсціслаўскай зямлі

Свята народнай творчасці “Вясёлка веснавых святаў” адбылося 27 красавіка, ў чарговы дзень Міжнароднага форуму, на мсціслаўльскай зямлі – у прыгожым месцы Семігор’е.
Тут аматарскія калектывы народнай творчасці на сваіх пляцоўках у адпаведнасці з канцэпцыяй праграмы форуму дэманстравалі свае брэндавыя культурныя з’явы, уплятаючы іх у абраднасць веснавога цыклу, а яшчэ імкнуліся засяродзіць увагу ўдзельнікаў форуму на асаблівасцях традыцыйнага касцюма.
Аўтэнтычныя спевы народнага фальклорнага ансамбля “Горскія харашухі” – унікальная з’ява лакальнай культуры Краснапольшчыны, высока ацэненая спецыялістамі абласнога ўзроўня. Аўтэнтычнасць спеваў і захаванай абраднасці і ляглі ў аснову праграмы, падрыхтаванай на свята “Вясёлка веснавых святаў”, як і ўнікальнасць ігры на гармоніку Віктара Саранкова.
Праграма ўключала аўтэнтычныя песні вёскі Горы, абрадавую замалёўку “Навіна”, гульні і карагоды веснавога цыклу, ігру на гармоніку, частаванне гасцей. Праграма, распрацаваная метадыстам Марчанка В. А., мела цікавую і цельную кампазіцыйную пабудову. Разыграць прадстаўленне разам з народным фальклорным ансамблем “Горскія харашухі” дапамаглі культработнікі РЦК Аляксандр і Аксана Кузняцовы, Ганна Снытка.
“Усё атрымалася ў народнай традыцыі – прыгожа, жыва і натуральна. У праграме ўсё прадума і граматна зроблена”, — адгукнуўся на работу краснапольскіх творцаў загадчык аддзела народнай творчасці УК “Магілёўскі абласты цэнтр народнай творчасці” А. Глуздоў.
Многа добрых водгукаў атрымала ад гасцей форуму старэйшая ўдзельніца з ліку “Горскіх харашух” Вера Пятроўна Картузова. Яе ўнікальная народная манера спявання з захаваннем мілых нашаму слыху і сэрцу дыялектаў заўсёды заварожвае і нараджае пачуццё першаасновы.
У народнай традыцыі адбылося і частаванне гасцей, для якіх Наталля Козенцава напякла ды нажарыла і бліноў, і аладак, і яешні. Дамашнія саленні, напоі, сала ды кілбаскі, жар палявой печкі, пах варанай бульбы і дранікаў пад вясёлы спеў гармоніка парадаваў гасцей сваёй натуральнасцю, прастатой і прыгажосцю.
Прыгажосць – уласцівасць народных традыцый, таму яны і вечныя, і жывучыя.

Валянціна Аляксандрава.

Поделиться с друзьями
425 просмотров

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.