Сэрцам роднага слова краніся

У рамках Тыдня беларускага пісьменства ў РЦК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” адбылася метадычна-творчая гасцёўня “Сэрцам роднага слова краніся”.

Арганізатар і кіраўнік сустрэчы метадыст Марчанка В. А., ставіла мэтай стварыць асяродак, у якім можна было б апынуцца ў святле беларускай мовы, творчасці, фальклору; далучыцца да роздуму аб лёсе роднай мовы; ацаніць няпросты шлях беларускага пісьменства, беларускай літаратуры і мовы; аддаць даніну павагі дзеячам Беларусі і сваёй малой радзімы за захаванне і ўзбагачэнне культуры беларусаў. А яшчэ — падзяліцца вопытам арганізацыі культурных мерапрыемстваў і супрацоўніцтва ўстаноў, арганізацый і творчых сіл

Аўдыторыяй і ўдзельнікамі гасцёўні сталі ДУК: “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”, “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Краснапольскага раёна”, “Краснапольскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей”; рэдакцыя газеты “Чырвоны сцяг”; РДР, літаратурнае аб’яднанне аматараў-паэтаў Краснапольшчыны “Світанак”, народны клуб ветэранаў “Дабрыня”.

Праграма гасцёўні была насычанай, ахоплівала розныя сферы і жанры нацыянальнай культуры, а выкарыстанне розных форм і прыёмаў яе рэалізацыі, рабілі сустрэчу жывой, цікавай і натхняльнай.

Кампазіцыя-экскурс “Былоў ў думках ускрашаць” ўвяла прысутных у гісторыю развіцця беларускага пісьменства і літаратуры.

“Мова і літаратура — найвялікшая культурная каштоўнасць” — гэту тэму раскрыла загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК “ЦБС” Чарткова А. І. Яна распавяла пра літаратурныя здабыткі краіны апошніх стагоддзяў, упэўніўшы, што ў нас багатая літаратура.

Пра такі важны сродак кансалідацыі грамадства, асветы і асвятлення падзей жыцця, якімі з’яўляюцца пячатныя СМІ, распавяла супрацоўнік рэдакцыі газеты “Чырвоны сцяг” Д. М. Манько. Рэдакцыя газеты атрымала Падзячны ліст ад ДУК “ЦКС” за ўзаемадзеянне і папулярызацыю культурнага жыцця.

Аблічча кожнай нацыі вызначае нацыянальная культура. Не выпадкова ў гасцёўні знайшлі месца і выстава народнай творчасці “Не страчаны свет народнай культуры”, падрыхтаваная РДР, і кніжная выстава “Спачатку было слова” цэнтральнай бібліятэкі.

Жыватворнай крыніцай нацыянальнай культуры з’яўляецца і мова. У захаванні беларускай мовы важную ролю сыграў фальклор, ён лічыцца асновай літаратуры. Фальклору і народнай песне таксама быў вылучаны час у гасцёўні пад назвай “Мінулае, якое ў сучаснасці”. Ён быў запоўнены жывым гучаннем фальклору ў выкананні народнага клуба ветэранаў “Дабрыня” і выступленнем метадыста па традыцыйнай культуры Марчанка В. А. аб знаходках і праблемах у захаванні фальклорнай спадчыны малой радзімы.

Наша культура, мова — гэта тое, што адрознівае беларусаў ад іншых. І грамадзянскім абавязкам кожнага з нас з’яўляецца захаванне родных традыцый, звычаяў, мовы, каб не зышлі яны ў нябыт. Конкурс чытальнікаў беларускай паэзіі “Ажыць павінна абавязкова мова маці маёй — беларуская мова” сярод клубных і бібліятэчных работнікаў стаў своеасаблівым узнёскам у папулярызацыю роднай мовы.

Наступны фрагмент сустрэчы “Люблю цябе, мой край, бясконца” даў магчымасць сустрэчы з мясцовымі аматарамі-паэтамі Краснапольшчыны, членамі аб’яднання “Світанак”. Гэтыя творчыя асобы свае думкі і пачуцці ўмеюць увасабляць у прыгожыя паэтычныя вобразы і словы.  В. Марчанка, Д. Кустоў, Г. Яўсеенка чыталі свае вершы, прысвечаныя малой радзіме, мове, кнізе. Прыемнай навіной літаратурнага жыцця Краснапольшчыны стала тое, што верш В. Марчанка ўвайшоў у зборнік, састаўлены па выніках конкурсу “Радзіма мая дарагая”, прысвечанага 100-годдзю А. Бачылы і арганізаванага Саюзам пісьменнікаў Беларусі.

Завяршылася сустрэча ў гасцёўні песняй (у выкананні В. Гомаравай. Горскі СДК), прысвечанай малой радзіме і пажаданнем не губляць у сабе радасць новых сусветаў, якія раскрываюцца праз судакрананне з роднай культурай, мовай, кнігай, творчымі асобамі.

 В. А. Марчанка.

Поделиться с друзьями
731 просмотров

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.