Вызвалялі родную зямлю. 1 кастрычніка – 75 год з дня вызвалення Краснапольшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Першым на тэрыторыю Краснапольшчыны ўступіў 1022-гі стралковы полк, у якім служыў агітатарам ураджэнец в. Лютня Краснапольскага раёна, настаўнік капітан М.А. Андрэенка. Калі часць заняла вёску Какойск, воіны даведаліся, што перад адыходам фашысты расстралялі тут жанчыну і дзвюх яе дачок, западозраных у сувязі з партызанамі. Байцы сабраліся ля іх магіл на мітынг. Сярод выступаючых гарачую, прасякнутую нянавісцю да захопнікаў, прамову сказаў Мікалай Андрэевіч Андрэенка.

Праследуючы адступаючага праціўніка, 269-я стралковая дывізія вызваліла таксама вёску Палуж-1 і выйшла на рубяжы заходняй вёскі Новая Ясенка, якая знаходзілася за 1,5 кіламетра ад Краснаполля.

Вораг аказваў упартае супраціўленне. Гітлераўцы прадпрымалі тады ўсё, каб за адну ноч ператварыць у разваліны і попел гарадскі пасёлак. Капітан Андрэенка накіроўваецца ў 6-ю роту, якая павінна была першай пачаць бой.

Камандзір роты маёр Карнееў і капітан Андрэенка, добра ведаючы мясцовасць, умела кіравалі начным боем. Дапамога сусудзяў справа і злева дазволіла скаардынаваць дзеянні і нанесці рашаючы ўдар. У першых шарэнгах атакуючых ішоў капітан Андрэенка. Раптоўна ўварваўшыся на вуліцы Краснаполля з заходняга боку з крыкам “За мной, бі падпальшчыкаў!”, ён вёў салдат у бой.

Частка каманды падпальшчыкаў была перабіта, астатнія ў паніцы кінуліся ўцякаць.

На ўсходняй частцы былі падпалены толькі гаспадарчыя пабудовы Краснапольскага ільнозавода.

На світанні М.А. Андрэенка адшукаў камандны пункт камандзіра палка, які быў размешчаны на заходняй ускраіне гарадскога пасёлка. У гэты час камандзір разглядаў у бінокль мясцовасць наперадзе.

– Дазвольце глянуць, таварыш падпалкоўнік, – папрасіў М.А. Андрэенка.

Камандзір моўчкі працягнуў яму бінокль. У акулярах наблізілася напаўразбураная і, здавалася, пустынная вёска. Але ўсе ведалі, што там – вораг.

– Гэта Лютня, таварыш падпалкоўнік. У ёй я нарадзіўся.

– Да абеда мы возьмем тваю вёску, капітан, – сказаў камандзір. – Правядзі падрыхтоўку  асабовага саставу да будычых баёў.

Так наш зямляк М.А. Андрэенка ў складзе 269-й стралковай дывізіі вызваляў ад нямецкіх акупантаў родную зямлю.

Баявыя заслугі нашага земляка адзначаны многімі ўрадавымі ўзнагародамі, у тым ліку ордэнамі Айчыннай вайны I-й і II-й ступені, Чырвонай Зоркі і многімі медалямі.

З кнігі Л.В. Лабаноўскага «Вайна народная».

Хто з юнакоў не марыць стаць афіцэрам? Так было і ў Івана Церахава. Скончыўшы сярэднюю школу, хлопец з вёскі Касцягаўка паступіў у ваеннае вучылішча. Будучы курсантам, ён зразумеў, наколькі важная і неабходная прафесія – абараняць Радзіму. І яму давялося прымяніць сваё майстэрства на справе.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, малады афіцэр Церахаў стаў у баявы строй. Шмат нялёгкіх франтавых шляхоў давялося прайсці гэтаму чалавеку. Аж да самага фашысцкага логава – Берліна – пралягаў гэты шлях.

Асабліва ажыўлена Іван Ільіч расказваў пра тое, як яму давялося  ўдзельнічаць у вызваленні роднай Магілёўшчыны ад фашысцкіх захопнікаў.

– Сапраўды, – гаварыў І.І. Церахаў, – былі баі вялікія і малыя, былі перамогі. Прыемна было адчуваць і бачыць, з якой радасцю сустракалі воінаў-вызваліцеляў людзі, якія зведалі ўсе жахі фашысцкай акупацыі. А вось калі даведаўся, што ў канцы верасня 1943 года наша 25-я гвардзейская дывізія пайшла з баямі ў напрамку Краснапольшчыны, то сэрца трапятала ад нейкай асаблівай радасці, ад таго прадчування, што вось-вось ступіш на тую зямлю, якая цябе ўзгадавала, на зямлю, дзе мілей і даражэй няма нічога на свеце, дзе кожная сцяжынка – родная, кожная крынічка – любая сэрцу, кожнае дрэўца – сваё, да болю знаёмае…

Капітан І.І. Церахаў камандаваў артылерыяй 96-га палка 25-й стралковай Калінінскай дывізіі. Пасля вызвалення гарадоў Злынка, Мглін і Сураж перад дывізіяй была пастаўлена задача нанесці сакрушальныя ўдары па ворагу і ўступіць на тэрыторыю Магілёўшчыны. 

Гарачы бой з ворагам завязаўся пад вёскай Курбакі на Краснапольшчыне. У гэтай справе дапамаглі мясцовыя партызаны, якія ўзарвалі мост праз рэчку ў вёсцы Горы, і шлях для адцягвання варожай тэхнікі быў на нейкі час адрэзаны. Гэты момант і выкарысталі байцы. Тут было знішчана шмат жывой сілы і тэхнікі, узята ў палон каля сотні гітлераўцаў.

З дазволу камандавання Іван Ільіч заехаў на некалькі хвілін у родную Касцягаўку. А тут якраз бацькі вярнуліся з лесу, дзе хаваліся ад ворагаў.

Назаўтра, калі наступіла зацішша паміж баямі, воіны дывізіі хавалі сваіх загінуўшых сяброў. Ушанаваць светлую памяць паўшых вызваліцеляў сабралася мясцовае насельніцтва. Над брацкай магілай воіны пакляліся помсціць ворагу за смерць загінуўшых сяброў па зброі. І помсцілі. Жорстка помсцілі.

Дывізія пайшла з баямі далей. Пасля вызвалення Краснапольшчыны воіны выйшлі на левабярэжжа Сожа і тут, у раёне Прапойска, сустрэлі жорсткае супраціўленне гітлераўцаў, якія імкнуліся выкарыстаць гэты водны рубеж і затрымаць далейшы рух нашых войск.

Баі былі гарачыя. Калі па начах пачыналася артылерыйская перастрэлка, здавалася, што неба гарэла над Сожам.

Гінулі баявыя сябры, а на іх месца станавіліся іншыя. Цяжкую страту панёс Іван Ільіч. Пры фарсіраванні Сожа загінуў яго малодшы брат Уладзімір, які пасля вызвалення роднай вёскі ўліўся ў састаў дывізіі. Цяжкае раненне атрымаў і камандзір палкавой артылерыі капітан Церахаў. Потым, будучы ў ваенным шпіталі, да Івана Ільіча дайшла вестка, што за паспяховае правядзенне баявых аперацый на Сожы ён удастоены высокай урадавай узнагароды – ордэна Аляксандра Неўскага.

Паправіўшы здароўе, капітан Церахаў уліўся ў баявыя рады. Прымаў удзел у вызваленні гарадоў і вёсак Беларусі, суседняй Польшчы. І так аж да Берліна, да светлага дня Перамогі.

С. Сямёнаў. «Чырвоны сцяг», № 133 за 5 лістапада 1981.
Здымкі з фонду Краснапольскага гісторыка-этнаграфічнага музея.

Поделиться с друзьями
448 просмотров

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.