Народная культура малой радзімы

Народная мудрасць і творчасць выступаюць ў казках, песнях, абрадах, гульнях, забавах праз розныя вобразы. З далёкага свайго дзяцінства засталіся ў маёй памяці такія з іх, як «Калечына-малечына», «Баба-калечка», «Старчык-мальчык», «Ікаўка» і іншыя.

«Калечына-малечына» была пастаяннай забавай для нас, вясковай дзятвы. І гулялі ў яе выключна ў час, калі пасвілі вясковых кароў. У вёсцы была ўстаноўлена «рядоўка» – чарга, па якой кожны двор, які меў у сваёй гаспадарцы жывёл, вылучаў з ліку членаў сям’і пастухоў, якія пасвілі вясковую скаціну: кароў, цялят, авечак. З маленства такімі пастухамі станавіліся і мы, дзеці. За доўгі дзень у якія толькі гульні і забавы мы не гулялі! А калі пачыналі сумаваць, з нецярплівасцю пыталі: «Калечына-малечына, колькі часоў да вечара?».

Хто ж яна такая – «Калечына-малечына»? Гэта звычайны пастухоўскі кій. Менавіта яго мы ставілі на указальны палец, утрымлівалі яго вертыкальна і, звярнуўшыся да кія, задавалі сваё пытанне, пасля якога лічылі гадзіны: «Адзін, два, тры, чатыры…» На якім ліку кій валіўся, столькі гадзін і было да вечара.

Акрамя «Калечыны-малечыны», была яшчэ і «Баба-калечка». «Бабу-калечку» мы прасілі нас сагрэць. Справа ў тым, што ўсё дзяцінства ўлетку мы плёскаліся ў балоце. Плёскаліся да пасінення! А потым, калі выходзілі на мураваны лужок, прыкладалі да вуха далонь, нахілялі на той бок галаву, скакалі на адной назе і прыгаворвалі: «Баба-калечка, сагрэй чалавечка, еслі не сагрэеш, сама пакалееш». Так вытрасалася вада з вуха, а мы саграваліся ад сваіх скокаў то на адной, то на другой назе.

Па далоні пасля купання і па звароту да «бабы», «дзеда», «серенькага мядзьведзя» мы атрымлівалі «прагноз пагоды» на наступны дзень. Спачатку ўсё рабілася, як і ў «Бабе-калечцы», толькі прыгавор быў такі: «Калдуй, баба, калдуй, дзед, калдуй, серенькі мядзьведзь – ці на хмару, ці на цень, ці на ясны дзень. Якая заўтры будзя пагода?» Потым адымалі далонь і разглядалі малюнак на ёй. Калі далонь была светлая, мы радаваліся прагнозу – будзе ясны дзень. Калі на далоні былі плямы, часам сінія ад нашага пераахаладжэння, мы засмучваліся, бо гэта прадвяшчала пахмурнае надвор’е ці дождж. А мы ж марылі пра купанне і на наступны дзень. І купаліся, як казалі, уволю, бо дарослыя былі на рабоце ў поле, а мы даглядалі адзін аднаго, пасвілі гусей і належылі самі сабе.

Яшчэ мы звярталіся да «Старчыка-мальчыка». Гэта было ў тым выпадку, калі ў вока трапляла парушынка. Мы закрывалі вока, браліся дзвума пальцамі за вейкі, падзёргвалі іх у такт слоў і прыгаворвалі: «Старчык-мальчык, вынь сурынку, еслі не вынеш, самому засурю».

Калі ж на чалавека нападала ікаўка, то трэба было на адным дыханні некалькі раз прамовіць: «Ікаўка, ікаўка, стань у варот, хто будзя йціць, ты тому скок у рот».

Калі добра падумаць і паразважаць, то можна заўважыць, што кожная з гэтых простых народных забаў мае пад сабой мудрасць і сапраўднае цалебнае ўздеянне – псіхалагічнае ці фізічнае.

…Як вы заўважылі, мову я цытую з захаваннем яе асаблівасцей у той памежжавай мясцовасці, дзе я жыла. Гэты рэгіён сапраўды з цяжкавызначальнай этнічнай прыналежнасцю…

…Усе прыведзеныя тут прыгаворы і забавы я добра памятаю з дзяцінства, якое прайшло ў вёсцы Ярмоленка Краснагорскага раёна Бранскай вобласці, што на памежжы з Краснапольскім раёнам Магілёўскай вобласці. Нарадзілася я ў 1958 годзе менавіта тут, вучылася ў Кібіршчынскай васьмігадовай школе, потым 4 гады засвойвала прафесію настаўніка ў Суражскім педвучылішчы, тры гады працавала настаўніцай у Латакоўскай сярэдняй школе, а ў 1981 годзе пераехала ў Беларусь, у Краснапольскі раён, дзе і жыву да гэтага часу. Скончыла Магілёўскі педагагічны інстытут, добра пасябравала з беларускай мовай, з беларускай культурай. Але не забываюся аб той народнай вясковай культуры, у свеце якой правяла дзяцінства і юнацтва, якую ўвабрала ў сваё сэрца і жыццё, захоўваю яе і дзялюся ёй са сваімі ўнукамі і з усімі вамі.

Валянціна Марчанка.

Поделиться с друзьями
713 просмотров

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.