Гучыць Краснаполле

“Вянок Аляксею Пысіну” – назва свята натхніла яго ўдзельнікаў на тое, каб сваімі ўспамінамі, разважаннямі, вершамі, песнямі сплесці самабытны, па-сяброўску шчыры, па-краснапольску таленавіты ўспамін аб славутым земляку. На свяце не было людзей абыякавых, кожны прыйшоў па загадзе сваёй душы і сэрца.

Л.М. Пшанічнікава, дырэктар ДУА “Палужскі ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа”, на базе якой створаны літаратурны музей А.А. Пысіна, назвала яго жывым арганізмам, бо гэта скарбонка памяці не толькі захоўвае багаты матэрыял аб славутым паэце і яго творчасці, але і ўвесь час абнаўляецца, дзякуючы наладжаным стасункам з яго сям’ёй, з тымі, хто блізка ведаў А.В. Пысіна. Менавіта таму аповед Лідзіі Мікалаеўны пра паэта быў вельмі пранікнёным, а яго вершы, якія прагучалі ў выкананні вучняў школы, далі зразумець, што і маладых кранае творчасць майстра.

Прафесійна афарбаваў асабістыя ўспаміны аб паэце Аляксандр Васільевіч Паплыка, вядомы мастак Краснапольшчыны, які стварыў шэраг партрэтаў А.В. Пысіна: “Узнёсласць знешняга выгляду, шырокую душу і сэрца гэтага чалавека нельга было абысці ўвагай. Пасля сустрэчы з ім многія сцвярджалі, што без вялікай душы, без вялікага сэрца нельга мець такую высокую паэзію”.

Чалавек працягвае чалавека; паэт нараджаецца, каб працягнуць паэта. У гэтым сэнсе А.В. Пысін сапраўдны творца, бо натхніў, падтрымаў не аднаго з пачынаючых паэтаў Краснапольшчыны.

Са школьных гадоў ішла сцежкамі паэзіі і мастацтва Галіна Мікалаеўна Яўсеенка. Яе ўспаміны аб гадах працы ў рэдакцыі газеты “Чырвоны сцяг” дазволілі ўявіць, наколькі багатым і разнастайным было літаратурнае жыццё нашай малой радзімы. Раённае літаратурнае аб’яднанне “Світанне” існавала з 60-ых гадоў, а на аднайменнай старонцы газеты друкаваліся творы Сцяпана Кухарава, Анатоля Казлова, Тамары Жэбінай, Яўгена Таўкачова.

“Калі я садзілася пісаць верш, я заўсёды ўспамінала Аляксея Васільевіча, яго парады і наказ займацца літаратурнай справай, бо “гэта тваё”, гаварыў ён”. У гэтым пераканаліся і прысутныя, якія пачулі рамантычныя і натхнёныя вершы ў выкананні аўтара.

Слухаеш вершы Сяргея Мікалаевіча Сыранкова і адчуваеш, чым жыве гэты няўрымслівы па натуры жыццялюб, літаратурная сцяжынка якога таксама перасеклася з творчым шляхам А.В. Пысіна. Кожны верш – гэта частка самога аўтара, непаўторнасць яго асобы, яго думкі, перажыванні, пачуцці.

Галоўнае, што гэтыя сталыя, самадастатковыя людзі шчыра кажуць пра тое, як неабходна падтрымка маладым паэтам.

З 2017 года на Краснапольшчыне пад кіраўніцтвам Валянціны Аляксандраўны Марчанка быў рэалізаваны праект “Краснапольшчына літаратурная”, у рамках якога створана паэтычнае аб’яднанне “Світанак”.

На свяце гучалі вершы маладых удзельнікаў аб’яднання.

Нездарма кажуць, што жаночае сэрца – гэта кладзеж кахання, пяшчоты і ласкі. Што яго турбуе? Чаму яно баліць? На гэтыя пытанні адказалі паэтычныя творы Аляксандры Амельчанка, якія былі адзначаны на рэгіянальным фестывале паэзіі і аматарскай песні “Пісьмянкоў луг”.

Імя Дзяніса Кустава таксама добра знаёма краснапальчанам і чытачам раённай газеты “Чырвоны сцяг. Краснаполле”: паэт, уладальнік гран-пры рэгіянальнага фестывалю паэзіі і аматарскай песні “Пісьмянкоў луг”, уладальнік Дыплома літаратурнага оnline конкурса “Люди Алёхинского духа”, які праходзіў у г. Курск Расійскай Федэрацыі. Яго жыццё пэўным чынам таксама было звязана з А.В. Пысіным. Школа, дзе пачынаў працаваць настаўнікам Дзяніс Уладзіміравіч, носіць імя паэта. Як даніна памяці прызнанаму майстру беларускай паэзіі, гімн святу беларускага пісьменства прагучаў верш Дзяніса Кустава “Беларуская мова”.

Атмасфера свята склалася душэўная і шчырая. Падзякі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама былі прызнаннем паэтычных талентаў вопытных майстроў і добрым стымулам для творчага росту маладых паэтаў.

Кульмінацыйным узлётам свята паэзіі стала ўручэнне спецыяльнай прэміі Краснапольскага райвыканкама імя Аляксея Пысіна ветэрану працы ўстановы “Рэдакцыя Краснапольскай раённай газеты “Чырвоны сцяг. Краснаполле” Галіне Мікалаеўне Яўсеенка. Алена Іванаўна Чаюкова, намеснік старшыні Краснапольскага райвыканкама, пры гэтым адзначыла: “Дні пісьменства праходзяць па ўсёй Рэспубліцы Беларусь, і, дзякуючы нашым таленавітым людзям, такое свята адбылося на Краснапольшчыне. Хацелася, каб гэта мерапрыемства стала традыцыйным, збірала ўсё больш удзельнікаў і гасцей”.

Свята закончылася, і тыя, хто сам піша вершы, і хто з’яўляецца іх удзячнымі слухачамі, адзначылі яго душэўнасць і цеплыню. Мы абавязаны захаваць гэтыя адчуванні, падзяліцца імі з яшчэ большай колькасцю людзей, каб наша Краснапольшчына гучала і добрымі справамі, і талентамі сваіх жыхароў.

Наталля КОЗІК.
Фотаздымкі Рамана ЯЗЕРСКАГА.

Поделиться с друзьями

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *