НА ПОЎНЫЯ ГРУДЗІ ДЫХАЛІ БЕЛАРУСКАСЦЮ

На поўныя грудзі “дыхаць беларускасцю” маглі наведвальнікі творчай гасцёўні “Не адракуся спадчыны сваёй”, якую ладзіла аматарскае паэтычнае аб’яднанне “Світанак” Краснапольскага РЦК і кіраўнік аб’яднання В. А. Марчанка.

Адразу хочацца адзначыць асаблівасць і значнасць гэтай падзеі для Краснапольшчыны, бо на мерапрыемства былі запрошаны члены рэспубліканскай атэстацыйнай камісіі па прагляду праграмы на прадмет надання аб’яднанню “Світанак” наймення “народны”. Пры станоўчай адзнацы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на Краснапольшчыне можа з’явіцца яшчэ адзін “народны” калектыў.

Гасцёўня “Не адракуся спадчыны сваёй” прысвячалася неацэннаму скарбу нашай спадчыны – роднай беларускай мове, якую мы завём нацыянальнай і матчынай, і праводзілася ў рамках міжнароднага Дня роднай мовы і Года малой радзімы.

На працягу амаль 2 гадзін наведвальнікі гасцёўні сапраўды на поўныя грудзі дыхалі беларускасцю, бо былі ўключаны ў роздум пра лёс роднай мовы, разважалі над яе станам і будучыняй, шукалі шляхі і сродкі захавання роднага слова, рабілі свой унёсак у папулярызацыю беларускай мовы і, канешне, на ёй размаўлялі.

Аб’яднанне “Світанак” заўсёды адкрытае да шырокага ўзаемадзеяння, таму творчыя праграмы аб’яднання адрозніваюцца вялікай колькасцю ўдзельнікаў, а яшчэ — насычанасцю, глыбокім зместам, творчасцю і разнастайнасцю форм.

Вось і гасцёўня “Не адракуся спадчыны сваёй” была багатая не толькі гасцямі і ўдзельнікамі, але і шматлікімі формамі дзейнасці і жанрамі мастацтва, што рабіла яе захапляльнай і цікавай. Стварала гасцёўня і добрую інфармацыйную і творчую прастору, у якой знайшлося месца народным і аўтэнтычным песням, фальклорным эцюдам, тэатральнаму мастацтву, жывому паэтычнаму слову паэтаў-аматараў, разважанням, пажаданням, пошуку перспектыў, інтэрактыву, рэфлексійным прызнанням, справаздачным момантам, выставам этнаграфіі, краязнаўчай літаратуры, выдавецкай прадукцыі па творчай дзейнасці аб’яднання і інш.

Кожны з момантаў праграмы суправаджалі паэтычныя радкі з творчасці членаў аб’яднання “Світанак”, якія з задавальненнем чыталі не толькі аўтары, але і аматары іх творчасці.

Прастора гасцёўні была ўвесь час напоўнена гукамі роднай мовы.

“Мы спадчыну шануем, не згубілі

Мы мовы беларускай, мовы маці.

Гучыць яна і ў хаце, і ў палацы”.

Сапраўдную асалоду ад гучання народных песень і беларускай мовы атрымалі прысутныя ў час выступлення народнага ансамбля народнай песні “Шчадрэц”. Калектывы народнай і фальклорнай песні праз сваю творчасць нясуць слухачам прыгажосць народнай песні і, канешне, роднай мовы.

Значную ролю ў папулярызацыі беларускай мовы можа адыгрываць тэатр. Краснапольскі народны тэатр РЦК у розныя гады звяртаўся да розных беларускамоўных твораў. Невыпадкова сярод гасцей мерапрыемства апынуўся акцёр тэатра М. Пугачоў, які парадаваў прысутных мастацкім словам на роднай мове.

Самабытнасць, мілагучнасць, яскравасць дыялектнай жывой мовы захаваны ў фальклоры. У гэтым праз свае чыстыя аўтэнтычныя спевы ўпэўнівалі жывыя носьбіты фальклору Н.Ф. Яцутка з в. Пачапы і В.П. Картузова, салістка народнага фальклорнага ансамбля “Горскія харашухі” Горскага СДК.

“Аўтэнтычныя песні спяваем

І на матчынай мове жывём”,

– падкрэсліваюць чытальнікі вершаў. І як тут не пагадзіцца, што народная творчасць –  добры сродак засваення, захавання і папулярызацыі роднай мовы.

У свет нашых продкаў паглыблялі наведвальнікаў гасцёўні не толькі захаваныя спевы і аўтэнтычныя строі спявачак, але і аформлены ў гасцёўні этнаграфічны куток, які дэманстраваў каларытнае багацце этнаграфіі малой радзімы.

У гэтым жа кутку адбыўся і фальклорны эцюд-рэканструкцыя “Мы ўсе з бабуліных далоняў”, праз які носьбіт фальклору В. Марчанка падзялілася дзейсным сродкам пазнання  роднай мовы, які павінен пачынацца з нараджэння. Яна прадэманстравала, як можна ўключыць малечу ў моўны працэс праз пацешкі і забаўлянкі – неацэнны скарб фальклорнай спадчыны нашых мудрых продкаў.

Любоў і павагу да роднай мовы трэба выхоўваць з маленства, дзецям трэба паказваць прыклад, каб родная мова атаясамлівалася для іх з роднай маці, родным домам, роднай зямлёй.

“Каб родных скарбаў не згубіць,

На мове трэба гаварыць”.

Гэтыя словы запрасілі ўключыцца ў размову ўсіх прысутных, што і адбылося праз інтэрактыўныя моманты гасцёўні. Адзін з іх адбыўся на аснове праказак і прымавак, бо “прымаўкі ды прыказкі – роднай мовы прывязкі”. Член аб’яднання Г. Каваленка прапаноўвала прысутным працягнуць прыказкі, аднавіць іх па пары слоў, успомніць міжмоўныя пары прыказак. Працягваючы інтэрактыў, вядучая гасцёўні В. Марчанка прапанавала прысутным зрабіць прызнанні аб словах роднай мовы, якія для іх з’яўляюцца асаблівымі.

Ёсць меркаванне, што чалавеку трэба прапускаць сябе праз беларускую інфармацыйную прастору: чытаць па-беларуску, слухаць беларускую гаворку. Так чалавек будзе прыходзіць да “беларускага стандарту”.

З задавальненнем прысутныя ў гасцёўні слухалі паэтычныя творы членаў аб’яднання “Світанак”, удзельнікаў II раённага конкурсу паэтычнай аматарскай творчасці “Мы на матчынай мове жывём”. Вынікі конкурсу падвяла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама  А.М. Раманенка. Конкурс быў прымеркаваны да Дня роднай мовы і натхніў мясцовых паэтаў на шчырыя прызнанні ў любові да роднай мовы. Вершы гучалі з вуснаў Д. Кустава, Г. Каваленка, В. Марчанка, якія сталі пераможцамі конкурсу і атрымалі дыпломы II ступені (Д. Кустаў і Г. Каваленка) і I ступені (В. Марчанка). Дыплом III ступені атрымала А. Семуценка.

Аб актыўнай дзейнасці аб’яднання “Світанак” па папулярызацыі беларускай мовы і сваёй малой радзімы, паэтычнага слова распавяла член мастацкага савета аб’яднання С. Сазонава.

Сваімі думкамі падзяліўся член аб’яднання С. Сыранкоў. Ён станоўча адгукнуўся аб ідэі стварэння “Світанка”, яго ролі ў развіцці творчасці і значным укладзе ў папулярызацыю беларускай мовы.

Актыўную дзейнасць “Світанка” дэманстравала і выстава выдавецкай прадукцыі аб’яднання. Сярод выданняў –  персанальныя і калектыўныя брашуры вершаў, буклеты, брашуры з матэрыяламі праведзеных мерапрыемстваў, першая выдадзеная кніга вершаў і інш.

Аб плённым і значным супрацоўніцтве аб’яднання і раённай газеты распавяла рэдактар газеты “Чырвоны сцяг. Краснаполле” Н.В. Козік.

Шматлікасць удзельнікаў гасцёўні гаварыла не толькі аб аўтарытэце аб’яднання “Світанак”, але і аб зацікаўленасці арганізатараў і наведвальнікаў-краснапальчан падзеямі, прысвечанымі роднай мове, іх заклапочанасці станам культурнай спадчыны, аб актыўным стаўленні да іх захавання і развіцця. І гэта – добры знак. Бо ці пачуюць нашы дзеці і ўнукі мову нашых славутых продкаў залежыць ад кожнага з нас. Няхай праз роднае слова адраджаецца наша душа, душа народа і нацыі.

 В. Аляксандрава.
Фота Р. ЯЗЕРСКАГА

Поделиться с друзьями
662 просмотров

2 thoughts on “НА ПОЎНЫЯ ГРУДЗІ ДЫХАЛІ БЕЛАРУСКАСЦЮ

  • 11.03.2020 в 11:24
    Permalink

    Здравствуйте. В статье автором приводятся только отрывки из стихотворений в 2-3 строки. Если у Вас некорректно отображается вся статья, проблема может быть в Вашем браузере.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.