Пра свайго не забудзем паэта

Памяць аб адных людзях захоўваецца ў помніках і манументах, памяць аб другіх мы беражом у сваіх сэрцах як адгалосак іх добрых спраў, памяць некаторых ствараецца радкамі неўміручых твораў.

Час, сапраўды, захоўвае імёны тых, хто своечасова знайшоў і проста сказаў другім патрэбныя словы – часам добрыя, часам – горкія ці іранічныя.

Наш зямляк А. В. Пысін пакінуў нам сваю цудоўную літаратурную спадчыну. Яго паэтычнае слова – добры сродак выяўлення шматграннага духоўнага жыцця народа. Мы маем магчымасць праз яго творчасць трапляць у той час, сведкам якога быў паэт. Маем магчымасць атрымліваць асалоду ад мастацкіх вобразаў яго неўміручай паэзіі, насычацца духоўнасцю, думаць і разважаць разам з таленавітым паэтам-земляком над многімі паняццямі, сітуацыямі, падзеямі і, канешне, натхняцца яго творчасцю.

Сёння аматары слова Краснапольшчыны працягваюць традыцыі літаратурнага жыцця свайго краю і шукаюць нешта сваё, адметнае. Яны жывуць побач з намі, але бачаць больш за другіх, турбуюцца пра лёс свайго кутка, сваёй вялікай і малой радзімы, роднай мовы, паэтычнага слова.

Аматарскае паэтычнае аб’яднанне “Світанак” Краснапольскага РЦК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” пад кіраўніцтвам В. А. Марчанка вядзе актыўную творчую сацыяльна-культурную дзейнасць – ініцыіруе шмат паэтычных конкурсаў, мерапрыемстваў, плённа працуе з насельніцтвам. Члены аб’яднання працуюць над удасканаленнем паэтычнага майстэрства, спасцігаюць сакрэты слова, якое з’яўляецца найлепшым матэрыялам для творчасці. Словам можна ляпіць, маляваць, ствараць пачуцці і рэаліі жыцця. Галоўнае, каб ішло яно ад сэрца і на шляху сваім сустракалася з другім сэрцам – чуллівым і спагадлівым.

Сёння аб’яднанне “Світанак” аддае павагу славутаму земляку А. В. Пысіну ў сувязі са 100-годдзем з дня яго нараджэння, заклікае кожнага з вас, землякі, звярнуцца да творчасці паэта і творчасці яго паслядоўнікаў.

Валянціна Марчанка.

А. В. Пысіну, паэту-земляку,
да яго 100-годдзя з дня нараджэння.

Вершы Валянціны Марчанка.

ПРА СВАЙГО НЕ ЗАБУДЗЕМ ПАЭТА

Пра свайго не забудзем паэта…
Крочыў ты па радзімай зямлі —
І вядомы цяпер на паўсвета
Гэты край, дзе пяюць салаўі.

Ты любіў свае родныя гоні,
І жыты табе білі паклон.
Мы сабраліся зноў ў Краснаполлі
Табе словы сказаць наўздагон.

Верны сын і зямлі, і краіны,
Ты і зброяў служыў, і радком.
І такое багацце пакінуў!
Твае творы ўвайшлі ў кожны дом.

Хай закончыўся шлях твой жыццёвы –
Салаўі ўсё пяюць і пяюць,
І шануюцца Пысіна словы
І на вуснах нашчадкаў жывуць.

Сто гадоў з нараджэння паэта,
Гэта дата – натхненне для нас,
Колькі песень яшчэ будзе спета,
Новых творцаў адкрые нам час.    

КРАСНАПОЛЬСКІ КУТОЧАК ЗЯМЛІ

Ты камусці зусім невядомы,
Краснапольскі куточак зямлі.
Славіў Пысін – паэт адмысловы
Гэты край, дзе пяюць салаўі.

Ты да скону у сэрцы, радзіма,
Жыватворнай крыніцай бруіш,
Васількоў паглядаеш вачыма
І бусламі у небе ляціш.

Ты здзіўляеш і вабіш лясамі,
Курганамі далёкіх вякоў
І вясковых пяюх галасамі,
Плённай працай маіх землякоў.

Мне пашчасціла тут нарадзіцца,
Дзе прыволле шырокіх палёў,
Дзе з дзяцінства за вёскай пшаніца –
Акіян залатых каласоў!

Я бывала ў краінах далёкіх,
Толькі як надакучыць у іх,
Я спяшу да азёр сінявокіх,
Да сяброў, да сцяжынак сваіх.

Толькі тут разумею: я – дома.
Тут і мова, і песні свае,
Тут любая былінка знаёма,
Тут ад радасці сэрца пяе!

Я свае адкрываю далоні,
Я, шчаслівая, промні лаўлю.
Адчуваю: люблю я да болю
Краснапольскую нашу зямлю.

КРЫНІЦЫ ПАЭТЫЧНЫЯ

Крыніцы паэтычныя –
Магутныя і чыстыя.
Праз мітусню жыццёвую
Праб’е струмень душы.
Паэзія – глыбокая,
І плынь яе – далёкая,
Крыніца жыватворная.
Пішы, паэт, пішы

ДЗЕ ПАЭТЫ Ў ПРАВІНЦЫІ НАШАЙ?

“Дзе паэты ў правінцыі нашай?” –
Нехта скажа. Не верыш дарма.
Сыранкоў і Амельчанка Саша,
Каваленка, Яўсеенка, я
І Святлана Сазонава – творцы,
Семуценка, і Кустаў, і ты…
Іх нямала у роднай старонцы, -
Гэта ж край, дзе пяюць салаўі.
Салаўі – гэта нашы паэты,
Услаўляюць старонку сваю,
Прысвячаюць ёй вершы, санэты –
Песню роднаму краю пяюць.
Аб’яднанне паэтаў “Світанак”
Гучным словам малюе жыццё.
У радках – землякі дарагія
І радзімы малой хараство.
Трапяткое іх слова жывое,
Гукі роднае мовы ляцяць…
Не, зямля не знямее ніколі,
Бо паэты не могуць маўчаць.

Поделиться с друзьями
442 просмотров

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.