Найбуйнейшы збор кніжных выданняў Беларусі

Самая аддаленая вёска Краснапольскага раёна – Выдранка – знакаміта тым, што тут, у маёнтку Ягора Іванавіча Бараноўскага ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў існаваў адзін з двух найбуйнейшых кніжных збораў Беларусі. Другі належаў Эмерыку Гуттэн-Чапскаму. Больш таго, выдранская библіятэка была адной з буйнейших не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе – у ёй налічвалася каля дзесяці тысяч экземпляраў кніг.

Дваранін па паходжанні, Ягор Бараноўскі працаваў у органах Міністэрстваў юстыцыі і ўнутраных спраў Расійскай імперыі, пасля стаў агентам “Рускага грамадства параходства і гандлю”, калясіў па ўсім свеце, займаўся пытаннямі пастаўкі гарбаты, бавоўны, тытуню і іншых тавараў з Індыі, Кітая, Аўстраліі. Жыў у Італіі, апошнія гады правёў у сваім маёнтку ў Выдранцы.  Бібліятэка Бараноўскага займала чатыры самых вялікіх панскіх пакоя, багата абстаўленых прадметамі мастацтва. Са скульптурных вобразаў самым цікавым быў бронзавы барэльеф Аляксандра Македонскага. Да кніг уладальнік Выдранскай бібліятэкі меў свае экслібрысы, якія стварыў яму мюнхенскі мастак Бота Шміт. Адзін з іх быў пейзажны, з выявай баброў (на здымку). Духоўныя скарбы ў Выдранцы, на вялікі жаль, захаваць не ўдалося – у 1918 г. значная частка самых каштоўных кніг была знішчана.

Тым не менш, больш за шэсць тысяч кніг удалося выратаваць. Значная частка рарытэтаў з бібліятэкі Я.І. Бараноўскага трапіла да настаўнікаў мясцовай школы С.І. Шаршнёва і М.І. Жукава, пасля большасць каштоўных кніг было вывезена ў Ленінград і прададзена праз букіністычныя крамы. Ужо ў нашы дні, пры разборцы памяшкання, у якім размяшчалася Выдранская сярэдняя школа, працоўнымі была знойдзена металічная капсула з запіскай унутры, якая захоўвалася ў так званым “чырвоным куце” першага вянка пабудовы. Аказалася, што гэта памяшканне будавалася па жаданні Бараноўскіх ў 1890 годзе як прытулак для хворых. Вось што было напісана ў запісцы: «Прытулак для хворых з дапамогай Божай будуецца па волі дачкі маёй Марыі Дорн і яе дзядзькі, а майго роднага брата Аляксандра Іванавіча Бараноўскага, ў 1890 годзе”. На адваротным баку паперы надрукавана: “Ягор Іванавіч Бараноўскі. Ганаровы апякун. Тайны радца”. Хутчэй за ўсё, гэта была яго візітная картка, якую ён выкарыстоўваў пад запіску. Сёння каштоўная знаходка разам з капсулай захоўваецца ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі.

Установа культуры "Магілёўская абласная бібліятэка ім. У.І. Леніна”.

Поделиться с друзьями