ПРЫЗНАННІ Ў ЛЮБОВІ ДА МОВЫ І РАДЗІМЫ

Конкурс “Пра цябе, родны краю, спяваю” адбыўся на Краснапольшчыне да Дня беларускага пісьменства. Яго вынікі былі падведзены ў метадычна-творчай гасцёўні, якая ладзілася ў РЦК 3 верасня.

Праз гэты конкурс, прысвечаны Году малой радзімы і Дню беларускага пісьменства, у кожнага дарослага і маленькага жыхара раёна была магчымасць паказаць багацці Беларусі і сваёй Краснапольшчыны – прыродныя, культурна-гістарычныя, моўныя і інш. Была магчымасць далучыцца да літаратурнай творчасці, аддаць даніну павагі беларускім асветнікам, паказаць прыгажосць беларускай мовы і прыгажосць сваіх пачуццяў.

На конкурс паступіла 16 твораў. Большасць з іх – у намінацыі “Люблю цябе, Белая Русь”. Паэтычныя творы, эсэ, нарысы на беларускай мове замілоўваюць шчырымі пачуццямі, роздумам, асэнсаваннем рэчаіснасці жыцця і асаблівасцей сваёй Радзімы – гістарычных, культурных, традыцыйных.

Сваёй творчасцю падзяліліся як сталыя творцы, так і тыя, хто толькі спрабуе сябе ў ёй, самаму малодшаму ўдзель- ніку – 12 год.

У кожнага з творцаў – свае прычыны любіць гэту зямлю, свае вынашаныя ў душы трапныя словы, свае сродкі выразнасці і асаблівасці твораў.

У Галіны Каваленка родны край выклікае шмат эмоцый і пачуццяў. Яе вершы – з вялікай колькасцю клічнікаў. І разам з тым адчуваецца, што аўтар углядаецца ў сваю зямлю да драбніц, таму бачыць і слязінкі расы, і сінь чабору, і буслянку каля хаты. Чуе і шчэбет птушак, і шум бароў. І ўсё гэта для яе – самае дарагое, усё гэта яна і лічыць сваім багаццем.

Край мой родны! Водар мяты,
Сінь чабору, рэчка, гай,
І буслянка каля хаты…
Гэта ўсё мой родны край!

Такой жа цеплынёй дыхаюць і радкі вершаў Валянціны Марчанкі, якая для конкурсу напісала іх некалькі.

У адным з твораў паэтка прызнаецца, што прад роднай зямлёй яна схіляецца ў глыбокім паклоне, бо тут жывуць яе землякі, у якіх меладычныя песні, працавітыя рукі, валасы ільняныя і вачэй чысціня. Яна з любоўю апісвае палі і разлогі, жытнёвае поле, дзе заблукаў задуменны васілёк, і ўплятае свой голас у песні роднай зямлі – імкнецца пасеяць на ёй хоць жменьку паэтычных радкоў. І гэта добра ў яе атрымоўваецца.

Прарастайце вы, гукі, і, словы, ляціце,
Уплятайцеся ў песні ад роднай зямлі.
Ты натхненне маё, і праменне, і сіла,
Слаўся, край краснапольскі, дзе пяюць салаўі!

За трывалыя сувязі з зямлёй, працавітасць хваліць у сваёй конкурснай рабоце беларусаў Дзяніс Кустаў і лічыць Беларусь краінай, лепш якой няма.

Канкрэтныя ўмовы жыцця ў Краснаполлі, жыццё і дзей- насць у аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў, якое яна наведвае, апісвае ў сваім эсэ Дар’я Храмко і пытаецца, як жа можна не любіць яе – Краснапольшчыну і Беларусь. Дар’я прызнаецца, што яна ганарыцца тым, што з’яўляецца грамадзянкай Беларусі. А словы “Беларусь”, “Радзіма”, “любая старонка” напоўнены для яе гонарам і цеплынёй.

Захапленне краявідамі роднай зямлі, выказванне павагі да сваіх працавітых землякоў, разуменне, што радзіма ў чалавека адна, – усе гэтыя прызнанні можна знайсці ў творы дзяўчынкі Валерыі Андрыянавай. 

Такой цеплынёй дыхаюць радкі і іншых удзельнікаў конкурсу.

Нямала новых твораў патрапіла на конкурс у намінацыі “Мова беларуская мая”, дзе канкурсанты прызнаваліся мове ў любові, ацэньвалі яе значнасць і асаблівасці, любаваліся яе мілагучнасцю.

Для Дзяніса Кустава няма прыгажэй ні словаў, ні гукаў, чым беларускія.

Галіна ж Яўсеенка прапанавала на беларускай мове паэтычныя вершаваныя замалёўкі пра восень. Як жа мілагучна гучаць яе радкі, нясуць прыгажосць беларускай мовы, якую, на жаль, так рэдка чуеш у паўсядзённым жыцці. Паспрабуйце прачытаць іх – вы абавязкова пачуеце шапаценне лістоты і дыханне вятроў.

Адцвітаюць восеньскія кветкі
З першымі халоднымі вятрамі.
Апусцелі сумныя палеткі,
Шамаціць лістота пад нагамі…

Ірына Козічава перажывае, што на беларускай мове размаўляюць вельмі мала, а ёй так хацелася б, каб кожны адчуў густ роднай мовы, каб паўсюдна гучалі вершы Коласа, Купалы, якія праславілі сваёй творчасцю Беларусь.

На беларускай мове размаўляюць вельмі мала!
Гавораць: простая, мужыцкая яна.
Аднак жа колькі хараства ў ёй назаткана:
Пачуеш слова – захапляецца душа!

Творы В. Марчанкі, прысвечаныя мове, раскрываюць старонкі яе гісторыі, адзначаюць яе рысы і напоўнены замілаваннем мовай бацькоў – пявучай, непаўторна-адзінай, цёплай для сэрца і слыху. Аўтар упэўнена ў неўміручасці беларускай мовы, заклікае да яе захавання і сама на справе шмат чаго робіць для жыцця роднай мовы.

Захавай праз вякі для патомкаў далёкіх
Мову роднай зямлі, той, дзе бусел-лялёка
Распластаў над жніўём свае белыя крылы,
Той, дзе водар палёў, дзе жыву я шчаслівай.

Кожны з нас носіць у сваім сэрцы пачуццё любові да вялікай і малой радзімы, павагі да гераічнага і працоўнага мінулага і сённяшняга часу, гонару за багатую культурную спадчыну, сярод якой галоўнае дасягненне і каштоўнасць беларусаў – родная беларуская мова.

Конкурс пацвердзіў, што і на нашай малой радзіме жывуць цудоўныя і творчыя людзі, якія захоўваюць традыцыі, шануюць і берагуць культурную і гістарычную спадчыну свайго народа, імкнуцца да творчасці і развіцця сваіх здольнасцяў.

В. АЛЯКСАНДРАВА.

Поделиться с друзьями