Славутае свята ў старажытных Бялынічах

XXVII Дзень беларускага пісьменства адбыўся ў г. Бялынічы Магілеўскай вобласці 6 верасня. За час свайго існавання свята набыло агульнанацыянальны статус і стала значнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі. І кожны год гэтае свята зноў і зноў вяртае беларусаў да вытокаў нашай духоўнасці, нашай культуры. Кожны раз Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў розных гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, адукацыі, кнігадрукавання. У гэтам годзе мерапрыемства прайшло ў горадзе Бялынічы – на радзіме знакамітых творцаў Магілеўшчыны: мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, паэта Янкі Шарахоўскага і іншых.

Святкаванне пачалося з адкрыцця скульптурнай кампазіцыі, прысвечанай Бялыніцкай іконе Божай Маці. Плошчу каля царквы ўпрыгожыў анёл, зроблены з граніта. На ўрачыстым адкрыцці прысутнічалі намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь І.В. Петрышэнка, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта А.М. Кунцэвіч, міністр інфармацыі І.У. Луцкі, міністр культуры Ю.П. Бондар, старшыня Магілеўскага аблвыканкама Л.К. Заяц, намеснік старшыні аблвыканкама В.А. Малашка, кіраўнік Бялыніцкага райвыканкама В.А. Захарэнка, архіепіскап Магілеўскі і Мсціслаўскі Сафроній, аўтар скульптурнай кампазіцыі, магілеўскі майстар А. Мінькоў, жыхары і госці Бялыніцкага раёна, дэлегацыі з розных рэгіёнаў Беларусі і замежжа, прадстаўнікі СМІ і грамадскіх аб’яднанняў.

Далей адбылося ўрачыстае адкрыццё важнага культурнага аб’екта – абноўленага Бялыніцкага мастацкага музея імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі. Міністр культуры Ю.П. Бондар звярнуўся да прысутных: “З пачуццем гонару мы адкрываем дзверы абноўленага музея. Дзякуючы праведзенай рэканструкцыі, установа культуры, без перабольшання, адпавядае еўрапейскаму ўзроўню. 2 гады таму мы ўрачыста адкрывалі пасля маштабнай рэстаўрацыі музей імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве. У гэтым годзе стаў магчымым яшчэ адзін выдатны падарунак жыхарам і гасцям Бялынічаў і Магілёўскай вобласці. Сенняшняе адкрыцце абноўленай установы культуры сведчыць аб вялікай увазе дзяржавы да пытанняў захавання культурнай спадчыны беларусаў. Упэўнены, што музей стане сапраўдным адукацыйным цэнтрам для школьнікаў і дарослых. Жадаю музею вялікай будучыні і віншую ўсіх з гэтай выдатнай падзеяй”. І вось чырвоная стужка перарэзана – і дзверы музея гасцінна расчыніліся перад жадаючымі наведаць яго новыя залы, пазнаёміцца з цэнтральным экспанатам – фрэскай “Узыходжанне на Галгофу”.

Шмат гасцей XXVII Дня беларускага пісьменства сабралася на яго ўрачыстым адкрыцці. А.М. Кунцэвіч агучыў прывітальнае слова Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Г. Лукашэнкі да ўдзельнікаў і гасцей Дня беларускага пісьменства: “Гэта свята – асаблівая падзея ў культурным жыцці Беларусі. На яго пляцоўках адбываецца шматгалосы дыялог майстроў пяра – пісьменнікаў і паэтаў – пра лёс слова і культуры, сучаснасць і будучыню нашага народа. Тут сустракаюцца, узбагачаючы творчую ніву, літаратура, музыка, жывапіс і іншыя віды мастацтва. Сёлета адно з самых славутых свят незалежнай Беларусі гасцінна вітаюць старажытныя Бялынічы – вядомы цэнтр духоўнасці зямлі беларускай, адметны куток Магілёўшчыны з багатай гісторыяй і надзвычай прыгожай прыродай, знакаміты сваімі таленавітымі творцамі, сярод якіх мастак В. Бялыніцкі-Біруля. Упэўнены, гэтыя вераснёўскія сустрэчы – добрая падстава для кожнага з удзельнікаў і гасцей Дня пісьменства яшчэ раз зразумець, што беларусаў, якіх бы поглядаў яны ні прытрымліваліся, заўседы аб’ядноўваюць матчына мова, адзіны лёс і Бацькаўшчына. І гэты каштоўны скарб-спадчыну мы павінны зберагчы для нашчадкаў”. Да ўдзельнікаў і гасцей свята паступіла віншаванне Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Н.І. Качанавай, якая адзначыла ў сваім пасланні, што такія мерапрыемствы дэманструюць адзінства беларускага друку з гісторыяй нашага народа, спрыяюць узбагачэнню беларускай самабытнасці. Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Л.К. Заяц вітаў гасцей і ўдзельнікаў свята ад імя гаспадароў Магілёўскай зямлі, яе працавітых і таленавітых людзей. Архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній агучыў прывітальны адрас ад мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніаміна.

На мерапрыемстве функцыянавалі шматлікія выставы, інтэрактыўныя пляцоўкі, тэматычныя экспазіцыі, праходзілі фестывалі кнігі, канферэнцыі, літаратурныя конкурсы. Збіралі натоўп ўдзельнікаў і гасцей розныя цікавыя сустрэчы і падзеі, канцэртныя выступленні, якія праходзілі ў рамках свята.

Дзень беларускага пісьменства наведала і дэлегацыя Краснапольскага раёна. Яе ўдзельнікі мелі магчымасць цікава правесці дзень, узбагаціцца новымі ўражаннямі і станоўчымі эмоцыямі. Акрамя гэтага творчыя калектывы нашага раёна ўнеслі свой уклад у стварэнне незабыўнай атмасферы духоўнасці і прыгажосці гэтага нацыянальнага свята. На тэматычнай пляцоўцы “Лёс зямлі маей праз слова”, якая складалася з экспазіцый, прысвечаных гісторыі летапісання Магілеўскай вобласці, гісторыі друкаванага слова на яе тэрыторыі, творчая група Краснапольскага раёна ўдзельнічала ў прэзентацыі экспазіцыі “Рэвалюцыя і станаўленне беларускай дзяржаўнасці” (1917—1941 г.). Яна ярка і артыстычна прадставіла значную падзею – з’яўленне народнага тэатра на Краснапольшчыне, яго ролю ў ліквідацыі непісьменнасці і асвеце рабочых і сялян.

Адным з галоўных момантаў свята стала падвядзенне вынікаў і абвяшчэнне пераможцаў конкурсаў, якія праходзілі ў рамках Дня беларускага пісьменства. У ліку ўзнагароджаных – ізноў нашы! А. Дарафееў атрымаў дыплом 3 ступені ў намінацыі “Сола” рэгіянальнага конкурса выканаўцаў маладзежнай і патрыятычнай песні, прысвечанага памяці Героя Савецкага Саюза Л. Лорчанкі. У конкурсе на лепшую тэматычную пляцоўку “Вянок беларускіх казак” дыпломам 2 ступені за казку “Каток – залаты лабок” узнагароджаны рэжысер М. Пугачоў і акцеры В. Салдаценка, А. Калініч, П. Выганны, Д. Кустаў, В. Саранкоў. Па выніках рэгіянальнага конкурса аб’емнай скульптуры “Залаты птах” дыпломамі 3 ступені ўзнагароджаны В.В. Андрыянава, Л.М. Кіркаўцова, дыпломамі 2 ступені – В.В. Маскалькова і А.У. Банкузаў.

Арганізатары свята падрыхтавалі вельмі насычаную праграму, каб цікава было і дзецям, і дарослым. А, галоўнае, каб адчувалася нават у дробных дэталях: мы – беларусы і нам ёсць чым ганарыцца.

Тэкст і фота Ірыны МАЛІНОЎСКАЙ.

Поделиться с друзьями