“…Кожны народ мае летапiс свой”

У РЦК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” адбылася выстава-прэзентацыя “Гімн Бацькаўшчыне”, прысвечаная М. Гусоўскаму і яго паэме “Песня пра зубра”.

У 2020 годзе славутаму беларускаму паэту эпохі Адраджэння Міколу Гусоўскаму, сучасніку Францыска Скарыны, спаўняецца 550 гадоў.

Сёння ён уключаны ЮНЕСКА ў пералік выдатных дзеячоў сусветнай культуры.

Самы выдатны твор Міколы Гусоўскага, якому былі наканаваны доўгае жыццё і вялікая слава, – паэма “Песня пра зубра”.

Кіраўнік народнага аматарскага паэтычнага аб’яднання “Світанак” Валянціна Марчанка прэзентавала выставу, прысвечаную паэту і яго паэме, для аўдыторыі спецыялістаў клубных устаноў раёна ў рамках метадычнага семінара і пад знакам акцыі “За Беларусь”.

Яна распавяла пра гісторыю стварэння паэмы, ахарактарызавала яе асаблівасці, працытавала неўміручыя радкі паэмы, многія з якіх ведае на памяць.

На яе думку, паэма не можа заставацца незаўважанай, бо ў ёй маляўніча прадстаўлены і наш продак-беларус, якім можна ганарыцца, і прырода з яе незлічонымі багаццямі.

Зубр у паэме – алегарычны вобраз роднага краю, народа. Але сапраўдным багаццем дзяржавы, на думку героя паэмы, якую падзяляе і аўтар, з’яўляецца багацце духоўнае.

Актуальнымі застаюцца і сёння думкі аўтара паэмы, у яіх ён асуджае раз’яднанасць людзей, іх незгуртаванасць, міжусобіцы, братазабойствы.

Паэма вучыць нас любові да роднай зямлі, да свайго народа, яго гісторыі, культуры, нацыянальных традыцый, павазе да іншых народаў і культур.

В. Марчанка,
метадыст РЦК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”.

Поделиться с друзьями
278 просмотров