Спадчыны жывая нiць

Вопыт і знаходкі клубных фарміраванняў сельскіх клубных устаноў і іх роля ў захаванні і развіцці традыцыйнай культуры сталі зместам размовы на семінары-практыкуме, які сабраў спецыялістаў клубных устаноў ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”.
З інфармацыйна-аналітычнай даведкай па тэме выступіла арганізатар семінара – метадыст 1-й катэгорыі РЦК В.А. Марчанка.

Далей у розных формах адбыўся абмен вопытам работы.

Выступленне з вопыту работы з аматарскім калектывам народнай песні “Спадчына” Пачапоўскага СДК прадставіла яго кіраўнік Л.Я. Каратцова.

Вопытам укаранення ў жыццё абрадаў, абрадавых элементаў, фальклорна-этнаграфічных праграм спецыялісты дзяліліся ў ходзе кругавой гутаркі. Адзначалася роля ў гэтым працэсе клубных фарміраванняў СДК, сярод якіх – аматарскія калектывы народнай песні, этнаграфічныя аб’яднанні “Этнографы”, “Народны каляндар”, вынікі дзейнасці якіх добра прадстаўлены ў СДК праз этнаграфічныя куткі і музейныя пакоі (этнахаткі). На іх базе ладзяцца разнастайныя мерапрыемствы па традыцыйнай культуры.

У ходзе семінара вялася размова аб рабоце клубных фарміраванняў СДК па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву. Для стымулявання іх творчасці і выніковасці дзейнасці ўжо два гады як праводзіцца раённы конкурс “Жывое дрэва рамяства”, які падводзіць вынікі года і праз які можна падзяліцца творчымі набыткамі, засвоенымі новымі тэхналогіямі, узроўнем майстэрства і традыцыямі у рамеснай дзейнасці. Абмену вопытам майстроў і ўмельцаў спрыяе і рэгіянальны фестываль “Краснапольскі глечык”.

На майстар-класе ўдзельнікі пазнаёміліся з традыцыйнымі лялькамі восеньскай пары – Капустніцай, Зернавушкай, Багачом, Дзесяціручкай, Карагодніцай, іх месцам і роляй у абрадавым календары продкаў, месцам у сучасным жыцці; засвоілі тэхналогію вырабу лялькі Багач.

Здаецца, такая простая гэта з’ява – народная лялька, сабраная з кавалачкаў тканіны. А колькі цікавай інфармацыі нясе кожная з іх і здзіўляе мудрасцю продкаў! Вось, напрыклад, лялька Карагодніца: на тонкім прутку – дзяўчынка ў шырокай спадніцы. Дастаткова двума пальцамі пакруціць пруток – і дзяўчынка танчыць, кружыцца, забаўляе дзіця. Але ж не толькі забаўляе! А непрыкметна ў гульне прывучае, падрыхтоўвае руку і пальцы для прадзення – скручвання ніткі, кручэння верацяна. Вось яна – этнапедагогіка! “Сёння мы не прадзём”, – скажа моладзь. А ці развіццё дробнай маторыкі рукі нашых дзяцей ужо непатрэбна? Мудрасць нашых продкаў – на ўсе вякі!

Вопыт работы клубных фарміраванняў быў прадстаўлены і праз выстаўку партфоліо, з якімі прысутныя маглі пазнаёміцца, а потым абмеркаваць узнікшыя пытанні.

В. Марчанка,
метадыст РЦК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”.

Поделиться с друзьями