З любоўю да песнi i малой радзiмы

Калі прасачыць за творчасцю аматарскага калектыва народнай песні “Спадчына” Пачапоўскага СДК, то можна ўпэўнена сказаць, што яго ўдзельнікаў аб’ядноўвае любоў да песні, а актыўная творчая дзейнасць прадыктавана любоўю да малой радзімы, людзей, што жывуць побач.

Аматарскі ансамбль “Спадчына” быў створаны ў маі 2004 года. Разам са мной у яго вытокаў стаялі вясковыя аматары песні: Н. Яцутка, Т. Белавусава, Н. Сініцына, Н. Дударава, В. Скрыпчанка, Р. Маскалёва, В. Жукава, многія з якіх і сёння складаюць асноўны састаў ансамбля.

Удзельнікі “Спадчыны” добра адчуваюць адзін аднаго і мяне, свайго кіраўніка, засвоілі сцэнічную культуру, бо рэгулярна працуюць над сабой праз рэпетыцыі і выступленні.

Сустрэч з публікай на працягу года адбываецца многа. Ансамбль выступае ў маланаселеных і аддаленых вёсках сваёй зоны абслугоўвання. Рэпертуар у яго шырокі і разнастайны: народныя песні, аўтарскія песні кампазітараў. Гэта дазваляе задаволіць разнастайныя густы слухачоў, а галоўнае – захаваць народную спадчыну продкаў нашай малой радзімы.

Сярод членаў калектыва – добрыя салісты, дуэты, носьбіты песеннай культуры нашай мясцовасці. Ніна Фядосаўна Яцутка, здаецца, ведае ўвесь песенны абрадавы каляндар года.

Спяваць вясковыя жанчыны сапраўды любяць. Па іх прызнанню, яны адпачываюць душой, падпітваюцца падтрымкай адзін аднаго і сваіх слухачоў, адчуваюць сваю запатрабаванасць і значнасць у соцыуме.

Клубная ўстанова з задавальненнем аб’ядноўвае творчыя намаганні ансамбля “Спадчына” і дзіцячага калектыва мясцовай школы, які займаецца харэаграфіяй пад кіраўніцтвам І.М. Бірулінай. Гэта радуе, бо ў наш час так цяжка адарваць дзяцей ад манітораў і ўключыць у жывы, натуральны працэс жыцця і творчасці.

Кожны год клубная ўстанова трымае справаздачу перад насельніцтвам, дзе абавязкова ўдзельнічае і песенны калектыў “Спадчына”. Да святочных дат календара калектыў ладзіць творчыя тэматычныя праграмы, удумліва падбірае тэмы, якія гучаць прыгожа, нясуць у сабе ідэю, выклікаюць гонар за сваю малую і вялікую Радзіму. Адчуйце гэта самі: “Край родны, цябе ўслаўляю”, “Малая радзіма, ты ў сэрцы маім”, “З любоўю да роднае песні”, “Зямля, што адзіная ў свеце”, “Беларусь – мая краіна” і інш.

Я лічу, што мне пашчасціла быць кіраўніком такога ансамбля, адчуваць яго рост і атрымліваць задавальненне ад песні і творчага жыцця.

Л. Каратцова,
кіраўнік ансамбля “Спадчына” Пачапоўскага СДК.

Фота Дзіны МАНЬКО.

Поделиться с друзьями