«Мой край: вядомы, невядомы»

Пад такой назвай у мінулы чацвер на Краснапольшчыне адбыліся II рэгіянальныя краязнаўчыя чытанні. Удзельнікамі мерапрыемства сталі работнікі культуры, адукацыі, аматары-краязнаўцы, госці з Мінска, Крычава, словам, усе тыя, каго цікавяць і хвалююць нераскрытыя ці малавядомыя старонкі культурна-гістарычнай спадчыны. Мелі месца і онлайн выступленні ўдзельнікаў з Хоцімска, а таксама нашых суседзяў з п.г.т. Красная Гара Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Чытанні былі прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі і Году малой радзімы.

Прывітальнае слова ўдзельнікам мерапрыемства праз відэа-зварот выказала метадыст Муніцыпальнай бібліятэчнай установы культуры “Краснагорская міжпасяленчая цэнтральная раённая бібліятэка” Т.В. Круглікава. Таісія Васільеўна падзякавала за магчымасць удзелу ў краязнаўчых чытаннях. Падкрэсліла іх важнасць у сённяшні час для ўзраджэння інтарэсу людзей і ў першую чаргу моладзі да гісторыі сваёй малой радзімы. “Павага да мінулага – вось рыса, якая адрознівае адукаванасць ад дзікасці”, – нагадала  прамоўца словы А.С. Пушкіна. І дадала, што яны актуальныя, як ніколі, бо хто не ведае свайго мінулага, не мае будучыні.

2020 год аб’яўлены ў Расіі Годам памяці і славы – гэта год 75-годдзя Вялікай Перамогі. У сувязі з гэтым Т.В. Круглікава паведаміла аб той рабоце, якая праводзіцца ў гэтым накірунку іх установай культуры. Таксама прадставіла і адну з кніг капітана 1 рангу запасу, члена Саюза пісьменнікаў Расіі М.Д. Палянка, у якой – аб вызваленні Краснагорскага раена Арлоўскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дарэчы, з аўтарам кнігі ўдзельнікі мерапрыемства таксама мелі магчымасць пазнаеміцца праз відэа-зварот. І нягледзячы на адлегласць, яго выступленне было аддзякавана шчырымі апладысментамі.

Трэба адзначыць, што ідэя правядзення краязнаўчых чытанняў на Краснапольшчыне належыць В.А. Марчанка, чалавеку нястомнаму ў сваіх краязнаўчых пошуках на карысць малой радзімы, нястомнаму ў справе захавання культурна-гістарычнай спадчыны. Яна з’яўляецца і арганізатарам чытанняў. Звяртаючыся да прысутных на мерапрыемстве, Валянціна Аляксандраўна выказала спадзяванне, што інтарэс аматараў-краязнаўцаў да краязнаўчай дзейнасці будзе толькі ўзрастаць, і сваю ролю ў гэтым будуць адыгрываць і рэгіянальныя чытанні.

Праграмма, якая прапаноўвалася ўдзельнікам, была вельмі насычанай. На II рэгіянальныя краязнаўчыя чытанні паступілі работы, выкананыя ў розных формах: ад дакладаў і даследванняў да аповядаў і нарысаў, у выглядзе прэзентацыйных паказаў і, як ужо паведамлялася вышэй, у форме дыстанцыйных выступленняў, што прадыктавана ўмовамі пандэміі. Арганізацыйным камітэтам для слухання і прэзентацый было адабрана 10 работ у розных намінацыях: “Гісторыя”, “Народныя рамествы”, “Фальклор”, “Асобы”, “Культурныя помнікі”. Усе з іх былі разлічаны на тое, каб слухачы атрымалі пэўныя ўражанні, маглі зрабіць новыя адкрыцці, да таго ж знайсці сяброў-аднадумцаў.

Так, рэпартаж аб самай усходняй частцы Беларусі – г.п. Хоцімску– прадставіла вучаніца 9 класа ДУА “СШ № 1 г.п. Хоцімска” Анастасія Ціткова. З прыродна-культурнай спадчынай Хоцімшчыны знаёміла работа настаўніцы гэтай жа школы С.В. Васілеўскай. Здабыткамі літаратурнай спадчыны хоцімскай зямлі падзялілася і яе калега А.В. Казлова.

Цікавую старонку ў гісторыю Краснапольшчыны ўпісаў іераманах Афанасій (Ю.М. Сакалоў, прарэктар Мінскай духоўнай акадэміі, кандыдат багаслоўя, дацэнт). Тэма яго выступлення “Цэрквы Краснапольшчыны пачатку 1920-х гадоў”. Свой даклад прамоўца зрабіў на аснове архіўных дадзеных. Яго ён паабяцаў даслаць ужо ў аформленым выглядзе В.А. Марчанка. Агучаная ў дакладзе інфармацыя дазволіць запоўніць прабел адносна падзей таго часу ў жыцці цэркваў нашага раёна.

Аб сваіх пошуках і новых адкрыццях у гісторыі вызвалення Краснапольскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў удзельнікам мерапрыемства паведаміў старэйшы навуковы супрацоўнік Краснапольскага гісторыка-этнаграфічнага музея В.І. Лазовік. Майстар з Крычава В.М. Якавенка пазнаёміў прысутных з падняпроўскай глінянай цацкай. Ён не толькі зрабіў экскурс у гісторыю, у дзівосны свет даўніны, але і прадставіў свае работы для знаёмства як на фотоздымках, так і на выставе. А яшчэ зачараваў слухачоў сваімі песнямі і вершамі.

Дарэчы, вершы і песні гучалі і з вуснаў краснапольскіх удзельнікаў рэгіянальных чытанняў: В.А. Марчанка В.І. Гомаравай, А.У. Казловай, Г.М. Каваленка і інш., а ў рамках намінацыі «Рамёствы» была прэзентавана лялька-брэнд Краснапольшчыны майстра В.В. Андрыянавай. Шчырае ўсім дзякуй за праробленую працу, за ўзнёсак у сустрэчу з творчасцю. Уражанні – самыя добрыя.

Госць з Крычава В.М. Якавенка падзяліўся сваімі: “Краязнаўчыя чытанні – гэта не проста мерапрыемства ў рамках культуры, гэта свята людзей, закаханых у сваю малую радзіму. Яны перадаюць свае веды, тое, што знайшлі новае, цікавае пра сваю зямлю. І разам з тым яны перадаюць і часцінку сваёй душы, свайго сэрдца, бо, калі яны рабілі пошукі, яны ўкладалі ў працу добрую энергетыку. На такіх сустрэчах адбываюцца новыя знаемствы, людзі становяцца сябрамі, бо іх аб’ядноўвае любоў да радзімы альбо тэма пошука ці даследвання.

Я ўпершыню знаходжуся на такіх краязнаўчых чытаннях, нягледзячы на тое, што удзельнік многіх форумаў у Мінску, Магілеве, Расіі. Мне спадабалася атмасфера сустрэчы – усё прайшло добра, я сказаў бы, па-сямейнаму. І гэта застанецца ў памяці. Жадаю краязнаўчым чытанням толькі працягу”.

Тэкст і фота Дзіны Манько.

Поделиться с друзьями
586 просмотров