Шчодры вечар — час варажбы: як варажылі нашы продкі

На 13 студзеня прыходзіцца народнае свята, якое мае адразу некалькі назваў: Шчодры вечар, Шчодрык, або Шчадрэц. Раней у гэты дзень гатавалі куццю, бліны з верашчакай і смажанай каўбасой, кашы, крупнік і іншыя стравы, ладзілі абрад «шчадравання», абыходзячы двары і абавязкова варажылі. Варажылі і дарослыя, і дзеці, а асабліва незамужнія дзяўчаты, якія хацелі даведацца, што іх чакае ў будучым годзе.

Трэба сказаць, што спосабаў гэта зрабіць было нямала. Да прыкладу, апоўначы дзяўчаты выходзілі на вуліцу і абдымалі плот. Калі атрымоўвалася абняць парную колькасць жэрдачак, лічылася, што дзяўчына выйдзе сёлета замуж, калі няпарную — давядзецца яшчэ чакаць. Варажылі і па адбітку на сцяне ад полымя лучыны. Выразны цень азначаў, што дзяўчыну хутка возьмуць замуж.

Спрабавалі даведацца і пра тое, якім менавіта будзе жаніх. Рабілі гэта так. Клалі перад пеўнем люстэрка, ваду, зерне. Калі певень адразу падыходзіў да люстэрка, азначала, што жаніх бу­дзе фарсісты, калі да вады — п’яніца, калі да зерня — багаты.

Варажылі і хлопцы. Каб даведацца, адкуль будзе жонка, трэба было ўласнаручна спячы блін, выйсці з ім на скрыжаванне дарог і пакласці яго сабе на галаву. Лічылася, з якога боку сабакі забрэшуць, адтуль і нявеста будзе. Калі хлопца адказ задавольваў, ён з’ядаў блін і ішоў дадому, калі не — кідаў яго ў іншы бок.

Традыцыя варажыць на Шчадрэц захоўваецца і сёння. Праўда, часцей да яе адносяцца як да забавы, тым больш што Царква негатыўна ставіцца да спробы заглянуць у будучыню. Пазабавіцца і паваражыць можна будзе і сёння, 9 студзеня, падчас правядзення абрадавага мерапрыемства «Шчадрэц» у Беларускім дзяржаўным музеі архітэктуры і побыту. Акрамя традыцыйных варожбаў, гасцей чакаюць рэканструкцыя абрадаў, паказ тэатра «Батлейка», зімовыя забавы і гульні, беларускія народныя танцы, майстар-класы і святочны канцэрт ад фальклорных калектываў.

НГ

Поделиться с друзьями
493 просмотров