8 лютага – 100 год з дня нараджэння І.П. Мележа

Да 100-годдзя з дня нараджэння  Івана Мележа цэнтральная раённая бібліятэка імя М. Ткачова падрыхтавала інфарм-дасье па творчасці пісьменніка “Жыў лёсам людзей на балоце” с дэманстрацыяй фільма “Людзі на балоце”. Запрашаем усіх жадаючых наведаць наша мерапрыемства, якое адбудзецца 4 лютага ў 11.00 у чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі.

8 лютага – 100 год з дня нараджэння І.П. Мележа (1921 – 1976), народнага пісьменніка Беларусі.

Шырокае прызнанне як арыгінальны мастак празаічнага слова ў беларускай літаратуры другой палавіны ХХ стагоддзя атрымаў стваральнік “Палескай хронікі” Іван Паўлавіч Мележ.

Ён нарадзіўся ў в. Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Сярэднюю школу закончыў на выдатна. У 1939 годзе паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры і адразу быў прызваны ў армію.

З першага дня Вялікай Айчыннай вайны Іван Мележ на фронце.

У 1942 годзе ён быў цяжка паранены, пасля чаго атрымаў пасведчанне аб інваліднасці. Выкладаў ваенную падрыхтоўку ў Малдаўскім педагагічным інстытуце, а з 1943 года – у Беларускім дзяржаўным універсітэце (Знаходзіўся на станцыі Сходня пад Масквой), дзе вучыўся спачатку завочна на філалагічным факультэце, а затым перайшоў на стацыянар (скончыў у 1945 годзе ужо ў Мінску). Пасля вучыўся ў аспірантуры, выкладаў беларускую літаратуру ва ўніверсітэце, працаваў у рэдакцыі часопіса “Полымя”, у апараце ЦК КП(б)Б.

Мележ узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, Знакам пашаны і медалямі.

У 1972 Мележ стаў народным пісьменнікам БССР.

Больш за трыццаць гадоў працаваў І. Мележ у літаратуры. Творчую спадчыну пісьменніка складаюць навелы, апавяданні, крытычныя працы, дзённікі, п’есы, раманы. Пачынаў І. Мележ з вершаў.

Хутка ён прыйшоў да свайго сапраўднага прызнання – прозы. Першае апавяданне на беларускай мове “Сустрэча ў шпітале” было надрукавана ў 1944 годзе у газеце “Звязда”. Раннія апавяданні і аповесці І. Мележа, якія адлюстравалі атмасферу пасляваенных гадоў, увайшлі ў зборнікі “У завіруху” (1946) і “Гарачы жнівень” (1948). З 1947 па 1952 год пісьменнік працаваў над сваім першым вялікім эпічным творам – раманам “Мінскі напрамак”.

Доўга выношваў І. Мележ задуму свайго самага значнага твора – “Палескай хронікі”. Працаваць над ім пачаў з сярэдзіны 1950-х гадоў. У 1961 годзе быў апублікаваны першы раман “Людзі на балоце”. У 1962 годзе гэты твор быў адзначаны Літаратурнай прэміяй імя Я. Коласа. Другі раман “Подых навальніцы” убачыў свет у 1965 годзе. За гэтыя кнігі І. Мележу была прысуджана Ленінская прэмія (1972). Раман “Завеі, снежань” (1976) аказаўся апошнім фактычна закончаным творам палескай эпапеі. А між тым аўтар задумваў раман не ў 3, а ў 5 частках. Але Іван Мележ памёр, не паспеўшы ажыццявіць задуманае. Дзве ненапісаныя часткі пенталогіі нават мелі назвы — «За асакою бераг» і «Праўда вясны». Так што многія крытыкі дагэтуль спрачаюцца, як павінна была скончыцца «Палесская хроніка» на самай справе. Але ў нататніках Мележа засталіся запісы, якія дазваляюць меркаваць, што здарылася б з галоўнымі героямі. Так Ганна Чарнушка ўрэшце звязала бы свой лёс не з Васілём, Яўхімам, ці з Башлыковым, а з былым чырвонаармейцам Міканорам. Тым самым, які асабліва настойліва агітаваў аднавяскоўцаў будаваць грэблю. Згодна Мележу, урэшце абраннік Ганны зрабіў бы крок, які заслужыў павагу аднавяскоўцаў. Калі нейкі начальнік хацеў пакінуць калгаснікаў без хлеба, Міканор “здаў нарыхтоўкі. Выдзеліў насенне. А ўсё астатняе размеркаваў. І дачакаўся пракурора”. Васіль Дзяцел мусіў вярнуцца з франтоў Другой сусветнай. У адным з запісаў сустракаецца такая фраза: “Калі палалі Курані – сям’я Васіля загінула. Выратаваўся сынок адзін. Яго выпадковая смерць абмінула”. Дарэчы, Лідзія Пятрова-Мележ пісала, што яе муж разглядаў нават такі варыянт: позняе каханне Васіля і Ганны ці пачуцці паміж іх дзецьмі. Але гэтым планам так і не было наканавана збыцца.

На Беларускім тэлебачанні пастаўлены тэлеспектаклі паводле твораў пісьменніка, на студыі “Беларусьфільм” зняты мастацкія стужкі “Людзі на балоце” (1982, Дзяржаўная прэмія СССР 1984) і “Подых навальніцы (1983). Жыццю і творчасці пісьменніка прысвечаны дакументальны фільм “Іван Мележ”. У роднай вёсцы пісьменніка Глінішча дзейнічае літаратурны музей. У 1980 годзе устаноўлена Літаратурная прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя І. Мележа.

                      Краснапольская цэнтральная раённая бібліятэка імя М. Ткачова.

Поделиться с друзьями
697 просмотров