“Не адракуся спадчыны сваёй”

Пад такой назвай у мінулы чацвер на Краснапольшчыне адбылася міжнародная метадычна-творчая гасцёўня. Мерапрыемства праходзіла ў раённым Цэнтры культуры, ладзіла яго метадыст раённага Цэнтра культуры В.А. Марчанка. Удзельнікамі гасцёўні сталі аматары беларускай культуры і мовы з ліку краснапальчан і нашы суседзі – прадстаўнікі ўстаноў культуры і аматары творчасці сваёй роднай мовы з Расійскай Федэрацыі.

Падтрымка роднай мовы, яе папулярызацыя, прыцягненне ўвагі да роднага слова, усведамленне моўных і культурных традыцый вялікай і малой радзімы, ушанаванне роднай спадчыны – дзеля гэтага і сабраліся ў цесны круг аднадумцы.

Першым магчымасць пачаць размову аб роднай мове была прадастаўлена гасцям з Расійскай Федэрацыі, а менавіта дырэктару МБУК “Краснагорская МЦРБ” Г.М. Ставінавай. На віртуальнай сустрэчы Галіна Мікалаеўна пазнаёміла ўдзельнікаў творчай гасцёўні з вершамі паэта Уладзіміра Сарочкіна, 60-гадовы юбілей якога адзначыла ў студзені гэтага года культурная і літаратурная Браншчына. Прагучала ў выступленні і аб літаратурнай дзейнасці паэта. Нагадала прамоўца таксама словы самога У. Сарочкіна аб яго прыхільнасці да паэзіі. А сказаў ён наступнае: “Быть поэтом – это некий стиль жизни. Я никогда не забывал, кем являюсь”.

Чаму менавіта з яго творчасцю вырашыла пазнаёміць краснапальчан Г.М. Ставінава? Як яна адзначыла, не толькі з той нагоды, што шлях паэта ўпрыгожаны такой датай – 60 год, а таму, што ў кожнага творцы – сваё прызначэнне. І звярнула ўвагу прысутных на верш  У. Сарочкіна “Паэты”, у якім ён як раз над гэтым і разважае.  Пачулі ўдзельнікі творчай гасцёўні і іншыя вершы паэта.

А завершыла свой відэазварот Г.М. Ставінава так: «Каждый язык имеет право на жизнь. Какой бы ни был официальный язык, сколько бы языков мы ни изучили в течение жизни, мы неизменно возвращаемся к истокам, к нашей родной речи, звучной и мелодичной, той, которую познали с колыбельной матери. Вот и мы надеемся, что благодаря подвижничеству каждого неравнодушного человека, будь то россиянин, белорус или представитель маленькой народности, сохранится то многообразие языка, ради которого и был задуман этот праздник».

Гэтыя словы лейтматывам праходзілі праз усё мерапрыемства.

“Дзень захавання роднай мовы, які носіць статус Міжнароднага дня, – падзялілася думкамі, звяртаючыся да прысутных і віншуючы іх са святам, В.А. Марчанка, – гэта з’ява для ўсіх нас вельмі важная, для кожнага сэрца, для кожнага грамадзяніна, для кожнага носьбіта роднай мовы”. А як кіраўнік народнага аматарскага паэтычнага аб’яднання “Світанак” Валянціна Аляксандраўна расказала аб літаратурным конкурсе аматарскай творчасці “Мы на матчанай мове жывем”, які арганізоўваецца ўжо трэці год. Паведаміла, што ў бягучым годзе конкурс набыў новыя рысы: па-першае, атрымаў  статус міжнароднага конкурсу, бо акрамя беларускіх творцаў да ўдзелу былі запрошаны творцы з Расійскай Федэрацыі. А па-другое, акрамя намінацыі “Паэзія – мая родная мова” з’явілася новая намінацыя: “На роднай мове гавару” – з мэтай пашырыць кола ўдзельнікаў конкурсу. “Адгукнуліся людзі, у якіх сапраўды было нешта ў душы, чым яны хацелі падзяліцца. Парадавала і тое, што пашырылася геаграфія ўдзельнікаў”, – зазначыла В.А. Марчанка.

А імі сталі як прадстаўнікі Краснапольскага раёна, так і суседняга Касцюковіцкага раёна. Адгукнуліся творцы з Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці, Краснагорскага і Гардзееўскага раёнаў Бранскай вобласці, а яшчэ знайшліся жадаючыя сярод выкладчыкаў Бранскага педагагічнага універсітэта. Творы аўтараў, якія заявілі аб сабе не толькі ўдзелам у конкурсе, але кранулі сваёй творчасцю да глыбіні душы, прагучалі ў праграме мерапрыемства. Так, на слуханне былі вынесены вершы Дзіаны Лісімавай “Наша мова” і В.В. Пранкевіч з г. Чачэрска, нашай краснапольскай паэткі В.А. Марчанка і эсэ яшчэ адной зямлячкі – А.А. Церахавай з аг. Горы Краснапольскага раёна. А праз анлайн-выступленні слухачы пазнаёміліся з творамі канкурсантаў з Расійскай Федэрацыі: В.І. Лужковай з г. Бранска і Т.І. Клімянок з с. Гардзееўка.

Дарэчы, адзін са сваіх новых вершаў, а менавіта «З душы Радзіма пачынаецца», В.А. Марчанка, па яе словах, напісала пад уплывам Усебеларускага народнага сходу.

У рамках творчай гасцёўні адбылося і ўзнагароджванне пераможцаў конкурсу. З краснапальчан дыплом 3 ступені ў намінацыі “На роднай мове гавару” атрымаў Д.У. Кустаў,  дыплом 3 ступені ў намінацыі “Мая родная мова” – В.І. Гомарава; А.А. Церахава ў гэтай жа намінацыі адзначана дыпломам 1 ступені. Дыпломы 1 ступені ў намінацыях “На роднай мове гавару” і “Мая родная мова” папоўнілі творчую скарбонку В.А. Марчанка.

Падчас сустрэчы паміж удзельнікамі вялася і гаворка аб мове як важным інструменце захавання любой нацыянальнасці, культурнай спадчыны, сродку ідэнтыфікацыі нацыі, цытаваліся класікі беларускай і рускай літаратуры. І была магчымасць праявіць сваё веданне роднай мовы – прапаноўваўся інтэрактыў. Пазнаёміліся прыхільнікі творчасці і з вопытам дзейнасці аматарскага паэтычнага аб’яднання “Світанак” Краснапольскага РЦК ў 2020 годзе. Аб тым расказала член аб’яднання Г.М. Каваленка. Адметна тое, што за значны ўклад у развіццё аматарскай мастацкай творчасці, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, адпаведны мастацкі ўзровень і творчыя паказчыкі аб’яднанню было прысвоена найменне “народны”. Заслугоўвае ўвагі і наступнае: у мінулым годзе аб’яднанне стала ўдзельнікам пяці міжнародных літаратурных конкурсаў, адзін з якіх быў ініцыяваны самім “Світанкам”. А яшчэ на ліку аб’яднання – арганізацыя раённых конкурсаў і ўдзел у іх членаў аб’яднання, правядзенне тэматычных пляцовак, сустрэч, удел у гасцёўнях, святах. Усе гэтыя моманты знайшлі падрабязнае адлюстраванне ў справаздачы, як і прэзентацыя выставы літаратуры аб’яднання пад назвай “Ты нас яднаеш, родная мова”, якую правяла В.А. Марчанка.

Напрыканцы творчай сустрэчы яе ўдзельнікі зноў абмяняліся меркаваннямі з расійскімі сябрамі. Праз відэа аб сваёй даследчай рабоце “Дыялекты сяла Верхлічы” расказала чытальнік Краснагорскай бібліятэкі Т.В. Цыганок, а Т. Яфіменка з в. Ларнеўск Краснагорскага раёна падзялілася сваім паглядам на народную педагогіку, пастулаты якой захоўваюцца для нас у этнаграфіі.

Завяршылася мерапрыемства на ўзнеслай ноце: флэшмобам пад назвай “Мы – адзіны” – з мэтай падкрэсліць галоўную ідэю 2021 года ў Беларусі – Года народнага адзінства.

А ўвогуле можна сказаць, што сёлетні Дзень роднай мовы стаў асаблівым для ўсіх яго ўдзельнікаў. Тым, што  мерапрыемства было пабудавана на міжнародным беларуска-расійскім дыялогу, што конкурс і гасцёўня далі магчымасць адчуць моўныя і культурныя асаблівасці беларускага і рускага народаў, якія маюць адны вытокі, адны карані. Народаў, якія паяднаны агульнымі гістарычнымі падзеямі і сяброўскімі зносінамі, праверанымі гадамі. Народаў, якія жывуць у прыгожых і вольных краінах.

Дзіна Манько.
Здымкі аўтара.

З душы Радзіма пачынаецца

З душы Радзіма пачынаецца,
Святла прыгожага яе.
Яно жыве ў мове матчынай,
У песні, што яна пяе.
У тых абрадах, што ад прадзедаў
Дайшлі да нас з глыбінь вякоў,
Збанку гліняным, лозным кошыку,
У абярэгах ручнікоў.
У мудрых сэнсах казак, прымавак,
Мастацкіх вобразах пяра,
У той пячатнай першай літары,
Што нам пакінуў Скарына.
У вежы, непрыступнай крэпасці,
Насмерць дзе сталі землякі.
Святло душы – у хлебе спечаным,
Сяброўскім поціску рукі.
Душой павінна ўсё асвечвацца,
Усё, – да самых да драбніц,
Пакуль душа святлом напоўнена,
Мы не падзём ніколі ніц.
З душы Радзіма пачынаецца,
Святла прыгожага ў ёй.
З душы Радзіма пачынаецца –
З яго душы, тваёй, маёй.

Дзіана Лісімава
Наша мова

Прыгожа гучыць беларуская мова,
Але забываюць яе,
Замежнаю стала людская размова,
Падобная ветру, вадзе.
Мы моднымі ботамі ў гразь затапталі
Айчынную мову сваю.
“Кахаю цябе” неяк словы гучалі,
Цяпер ужо проста “люблю”.
Прыгожа гучаць “Калі ласка” і “Дзякуй”,
Але не чуваць іх нідзе.
Радзімая мова кульгае да краху.
Любіце, шануйце яе!

Поделиться с друзьями
481 просмотров