Прэм’ера ў народным тэатры Краснапольскага РЦК — пасляслоўе ад рэжысёра

11 чэрвеня 2021 года ў нашым народным тэатры адбылася значная падзея – у рамках VIII фестываля “Тэатральныя вечарыны” народны тэатр Краснапольскага РЦК выступіў з прэм’ерай спектакля — камедыі “Жаночы рой” па п’есе Васіля Ткачова “Жаночы вулей”.

Сюжэт, здавалася б, вельмі просты – пакусаны пчоламі галоўны герой Мамкін (артыст народнага тэатра Іван Ткачоў) у непрытомнасці, праз недахоп месц у бальніцы, трапляе ў жаночую палату, так як ён “...непрытомны то і шкоды не наробіць…”,  - па меркаванню доктара (Павел Выганны). У палаце яго сустракаюць тры жанчыны: Ігараўна (Алена Раманенка), Пятроўна (Святлана Каплунова), Сцяпанаўна (Вольга Салдаценка). Усе яны розныя – інтэлігентная Ігараўна, грамадская актывістка Пятроўна, простая жанчына Сцяпанаўна, але ў іх у жыцці ёсць агульнае – яны адзінокія і недакаханыя жанчыны. Хоць, па-сапраўднаму адзінокая толькі Ігараўна, а ў дзвюх іншых жанчын ёсць сем’і, але іх мужы – п’яніцы. “Мой муж так моцна абхапіў бутэльку, што не адарвеш…” - скардзіцца Пятроўна. “… А пра каго гаварыць? Пра мужа, які бывае, прыпаўзе п’яны, што раздавіла б, як прусака…”— кажа пра свайго Сцяпанаўна. І толькі Ігараўна, якая засталася ўдавой пасля нядоўгага замужжа,  зайздросціць ім: “Добра вам жанчыны. Ёсць каго і на шыю пасадзіць. Ёсць каго і захацець распілаваць на дробныя часткі…”. І вось, размеранае бальнічным рэжымам жыццё ў палаце,  рэзка зменьваецца. Мамкін становіцца цэнтрам гэтага жыцця, воссю, вакол якой яно круціцца. Кожная з жанчын хоча звярнуть на сябе ўвагу гэтага “…знявечанага пчаліным роем…”, што вельмі не спадабаецца Мамкінай (артыстка народнага тэатра Святлана Петрачэнка) – дэспатычнай, раўнівай і канфліктнай жонцы галоўнага героя. Яна так ім і адказвае на іх жарт: “Пакуль вы яго тут ажэніце, дык я яго прыб’ю, гада!..”.

Ды вось, як было сказана вышэй, сюжэт вельмі просты, але інтрыга ў тым, што гэтага ўсяго не існуе на самой справе. Гэта ўсё праекцыя хворага розуму мараў галоўнага героя і рэальнага жыцця, якія накладваюцца одно на другое – гэта яго мары аб жаночай увазе і рэальнае жыццё з жонкай. У гэтых уявах ён выстаўляе сябе “белым і пушыстым”, але ёсць у яго жыцці і шмат негатыву, цёмная паласа яго характару. І гэты негатыўны бок жыцця адкрываецца гледачу, калі да яго з’яўляюцца загублены ім, па п’янцы, конь Аркашка (Міхаіл Пугачоў) і Міліцыянер(Ігар Штымак). І як бы ён ні круціўся і не выварочваўся, яны выкрываюць яго сутнасць. Менавіта гэтыя здані яго лякаюць, прымушаюць яго, хто знаходзіцца на мяжы жыцця і смерці, даць сабе самому сапраўдную адзнаку. Што галоўны герой і робіць адным выразам свайго фінальнага маналогу: “…А я? А сам я?Ну  навошта я Ігараўне? Навошта ёй стары, аблезлы, як мой конь Аркашка, якому я ні воднага разу не даў аўса…”.

Сам аўтар п’есы – лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі па драматургіі, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, лаўрэат прэміі ім. К. Тураўскага і расійскай прэміі ім. Баяна, член Саюзу  пісменнікаў і Саюзу тэатральных дзеячаў Беларусі – Васіль Ткачоў, які прысутнічаў у якасці ганаровага госця фестываля, высока ацаніў рэжысёрскую трактоўку, яскравасць і каларытнасць вобразаў персанажаў сваёй п’есы, якія стварылі на сцэне артысты і ўдельнікі народнага тэатра.

Ад імя артыстаў і ўдельнікаў народнага тэатра, ад свайго імя, хачу сказаць вялікі дзякуй гледачам, што прыйшлі на наш спектакль, падтрымлівалі акцёраў на сцэне сваімі станоўчымі эмоцыямі і шчырымі апладысментамі. Уся наша шматмесяцовая праца была б нічога не варта без вас, нашы дарагія гледачы! Нізкі вам паклон!

Хачу таксама падзякаваць артыстаў і удзельнікаў тэатра, як масцітым і вядомым, так і тым, хто робіць першыя крокі на тэатральным памосце (П. Выганны, І. Штымак, К. Кулягін), якія знаходзілі час і магчымасць хадзіць на рэпетыцыі, рыхтаваць прэм’еру!

Ад імя тэатра выказваю вялікую падзяку УЗ “Краснапольская ЦРБ” і асабіста галоўнаму ўрачу Галіне Эдуардаўне Марозавай за дапамогу ў абсталяванні нашай сцэнічнай бальнічнай палаты!

Яшчэ раз усім вам вялікі дзякуй! Спадзяюся на новыя сустрэчы, на якіх мы будзем дарыць гледачам чароўны свет тэатру, а гледачы нам свае шчырыя апладысменты!

М. Пугачоў,
рэжысёр народнага тэатра Краснапольскага РЦК.

Поделиться с друзьями
291 просмотров