Аграгарадок Яноўка: ад гiсторыi да сучаснасцi

Любоў да Айчыны пачынаецца з любові да сваёй малой радзімы – месца, дзе чалавек нарадзіўся. Малая радзіма і ёсць выток, пачатак, адкуль чалавек робіць першы крок у вялікі свет. З роднага кутка зямлі пачынаецца наша Беларусь, грамадзянамі якой мы з'яўляемся. Бясспрэчным з'яўляецца сцверджанне, што, не ведаючы мінулага, не зразумееш і сучаснасці, таму работа ў межах абласнога праекта “#Мая _Зямля_Прыдняпроўе” дала магчымасць для вучняў і педагогаў ДУА “Яноўскі ВПК дзіцячы сад – базавая школа” па-новаму адкрыць для сябе сваю малую радзіму, дакрануцца да малавядомых старонак яе гісторыі.

У ходзе работы над праектам вучні і педагогі наведвалі сацыякультурныя аб’екты аграгарадка Яноўка, размаўлялі з мясцовымі жыхарамі, знаходзілі цікавыя факты ў інтэрнэце, а таксама ўдзельнічалі ў конкурсах, якія праводзіліся ў межах абласнога праекта: агітбрыгад “Думай! Действуй! Созидай!”, які праводзіўся з мэтай фарміравання і прапаганды патрыятычных каштоўнасцей у моладзевым асяроддзі, выхавання грамадзяніна і патрыёта; відэаролікаў “Мой родны кут” (быў зняты відэаролік аб этнаграфічным пакоі Яноўскага сельскага Дома культуры); “Вандроўка ў мінулае”: быў складзены каталог помнікаў аграгарадка Яноўка. У выніку такой работы з’явіўся турыстычны маршрут “Аграгарадок Яноўка: ад гісторыі да сучаснасці”.

Аграгарадок Яноўка з’яўляецца цэнтрам Яноўскага сельскага Савета і размешчаны на адлегласці 21 км ад г.п. Краснаполле, 130 км ад г. Магілёва, 43 км ад чыгуначнай станцыі Камунары. Аналіз розных крыніц паказвае, што назва нашага аграгарадка хутчэй за ўсё паходзіць ад імя Ян, а само пасяленне ўзнікла напэўна ў першай палове 19 ст. Шукальнікаў шчасця і ўдачы, а таксама беглы люд клікалі да сябе неабжытыя землі. Выбраўшы месца даспадобы ў глухамані, ставілі хаты, заводзілі гаспадарку. Праз некаторы час цягнуліся да іх іншыя перасяленцы. Так і ўзнікалі вёсачкі. Іх звычайна называлі імем таго, хто пасяліўся першым. Такіх назваў на Беларусі шмат, і сустракаюцца яны часцей з канчаткам на -ка: Сямёнаўка, Цітаўка, у тым ліку і наша Яноўка.

Усе гістарычныя падзеі, якія  характарызуюць ХІХ–ХХ стагоддзі, мелі дачыненне да Яноўкі і яе жыхароў: паўстанне К. Каліноўскага, сялянскае паўстанне ў 1905—1907 гг.; Кастрычніцкая рэвалюцыя і ўстанаўленне Савецкай улады, калектывізацыя (у 1923 г. у Яноўцы быў створаны сельскагаспадарчы кааператыў, у 1930 г. быў створаны калгас “Матор рэвалюцыі”).

Магіла партызана Я.Д. Косава.

У час Вялікай Айчыннай вайны са жніўня 1941-га па 30 верасня 1943 года вёска, як і ўвесь Краснапольскі раён, была пад нямецкай акупацыяй. Воінскія захараненні, якія знаходзяцца ў населеных пунктах мікрараёна Яноўкі сведчаць аб тым, што асноўныя баявыя падзеі адбываліся на гэтай тэрыторыі ў 1943 годзе, калі раён вызваляўся ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На грамадзянскіх могілках Яноўкі знаходзіцца магіла партызана Якава Дзянісавіча Косава, які быў пахаваны ў 1943 годзе.

У 1967 г. да Яноўкі быў далучаны пасёлак Ленінскі, які ўтварыўся ў часы Сталыпінскай аграрнай рэформы шляхам перасялення сялян на новыя месцы, і мясцовыя жыхары называлі новае паселішча Хутарам (пазней – п. Ленінскі). Зараз гэта вуліца Хутарская аграгарадка. З 1964 года Яноўка стала цэнтрам саўгаса “Дружба” (зараз аддзяленне “Дружба” ААТ “Краснапольскі”). Вёска пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС трапіла ў зону з перыядычным радыяцыйным кантролем.

Старая Яноўка

Сучасны аграгарадок Яноўка складаецца з васьмі вуліц, узнікненне якіх таксама звязана і з гістарычнымі падзеямі, і з эканамічным развіццём краіны. Як ужо ўказвалася вышэй, самая старажытная вуліца – Старая Яноўка – дала пачатак нашаму аграгарадку. З 1964 г. пачалося будаўніцтва гаспадарчых і сацыякультурных аб’ектаў у п. Ленінскі (сталовай, камбіната бытавога абслугоўвання і фельчарска-акушэрскага пункта, аддзялення сувязі, мехдвара, збожжатока, канторы саўгаса, жылых дамоў): так утварылася сучасная вул. Цэнтральная. Паміж Старой Яноўкай і п. Ленінскім знаходзіліся клуб, васьмігадовая школа, кантора брыгады “Дружба” (потым ветлячэбніца), магазін. З 1967 г. Старая Яноўка і п. Ленінскі (Хутар) сталі называцца Яноўкай. У 1973 г. у вёсцы была пабудавана новая васьмігадовая школа. Вуліцы Калгасная і Першамайская ўзніклі да 1980 г., калі дырэктарам саўгаса “Дружба” стаў П.І. Шагаў, які асноўнай сваёй задачай паставіў будаўніцтва жылля для маладых сямей. 

10 блочных добраўпарадкаваных дамоў па вул. Маладзёжнай былі пабудаваны перад самай Чарнобыльскай аварыяй, а ўжо пасля 1986 г. была дабудавана вул. Маладзёжная і з’явіліся вул. Кааператыўная, Піянерская. Гэту частку вёскі называлі Гарадком, таму што дамы мелі ўсе віды добраўпарадкавання, нават цэнтральнае атапленне. У 1992 г. з’явілася цэнтральная плошча вёскі: тут былі пабудаваны новыя магазін, саўгасная сталовая, сельскі Дом культуры, у асобным двухпавярховым  будынку размясціліся Яноўскі сельскі выканаўчы камітэт, аддзяленне сувязі, Яноўская сельская бібліятэка. Сучасная вуліца Хутарская зараз уяўляе сабой архітэктурны мікс, бо тут пабудаваны ў асноўным уласныя дамы пасля 1960 г., ёсць і перавезеныя з іншых населеных пунктаў дамы, ёсць і дамы цагляныя, пабудаваныя ў 2006 г. На гэтай вуліцы захаваліся і два дамы, якім больш за 130 год, і якія смела можна назваць нямымі сведкамі гісторыі.

Новае жыццё Яноўкі пачалося з 2007 года, калі ў сувязі з прыняццем Дзяржаўнай праграмы ўзраджэння і развіцця вёскі на 2005–2019 гг. Яноўка стала аграгарадком.

Яшчэ прыкладна год 10 назад любімым месцам адпачынку яноўцаў было возера, якое называлі Панскім. Месцазнаходжанне возера дае падставу сцвярджаць, што яно было рукатворным і створана было шляхам расшырэння русла рачулкі. А Панскім яго называлі таму, што знаходзілася яно ў межах былога фальварка. Вучні правялі сваё даследванне і вось што даведаліся.

Лічыцца, што першае афіцыйнае ўпамінанне аб Яноўцы адносіцца да 1870 г. Аднак ёсць сведчанні аб больш раннім паходжанні паселішча. У афіцыйных дакументах 1866 г. упамінаецца, што Яноўка належала памешчыку Растоўскаму і была канфіскавана за ўдзел у паўстанцкіх атрадах К. Каліноўскага (у знойдзеных спісах паўстанцаў Магілёўскай губерніі ёсць Эразм Растоўскі, студэнт Горы-Горацкага інстытута). А ў 1870 г. фальварак Яноўка быў куплены С.Ц. Бонч-Асмалоўскім ( на здымку). Ды і на карце вучонага-геадэзіста, дырэктара Ваенна-тапаграфічнага і гідраграфічнага дэпо Ф.Ф. Шуберта ў 1869 г. ужо быў нанесены фальварак Яноўка, а сучасная вуліца Старая Яноўка нанесена як Буда.

З 1870 г. да 1917 г. вёска была ва ўладанні дваран: С.Ц. Бонч-Асмалоўскага, а потым М.М. Бекмана. У кнізе “Список землевладельцев Могилёвской губернии по уездам за 1882 год” адзначалася, што праваслаўны дваранін Сямён Цімафеевіч Бонч-Асмалоўскі валодае маёнткам Яноўка на падставе купчай крэпасці ад 1870 г.

Сляды панскага маёнтка канчаткова былі знішчаны да 1980 г., калі быў зруйнаваны фундамент, выкарчаваны сад, а возера паступова пераўтвараецца ў балота. Па старой памяці месца, дзе знаходзіўся панскі маёнтак яноўцы назаваюць Садам.

Я спадзяюся, што ў час работы над праектам у вучняў сфарміравалася ўпэўненасць у тым, што кожны чалавек павінен ведаць пра адметнасці сваёй малой радзімы, бо ўсё на гэтай зямлі – самае дарагое. І куды б лёс ні закінуў, з ёй ніколі не парвецца душэўная сувязь. 

А. Герасімава,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці
ДУА «Яноўскі ВПК дзіцячы сад – базавая школа Краснапольскага раёна».

Поделиться с друзьями
1 475 просмотров