Ручнiк як шлях жыцця чалавека

На тэму “Ручнік як шлях жыцця чалавека” УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” быў абвешчаны абласны конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці, накіраваны на захаванне і адраджэнне традыцый ткацтва і вышыўкі беларускага ручніка Магілёўскай вобласці.

Трэба адразу адзначыць, што ўдзельнікаў конкурсу чакала вялікая і крапатлівая праца, бо па ўмовах конкурсу ад кожнага раёна неабходна было прадставіць не менш за 10 рэканструяваных копій-ручнікоў! Была прапанавана і намінацыя “Аўтарскі ручнік”, дзе майстар мог зрабіць вышыўку па ўласных эскізах. Яшчэ трэба было вышыць ручнік з традыцыйным арнаментам свайго рэгіёна і назвай раёна. “А гэта яшчэ навошта?” – спытаеце вы. А каб раёны маглі аформіць адрасныя экспазіцыі ў фінале конкурсу на свяце “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”).

Што і казаць, ручнік – вечны спадарожнік жыцця чалавека. Ён выкарыстоўваўся ў каляндарнай і сямейнай абраднасці, у паўсядзённым жыцці, ствараўся як магічны абярэг-абыдзённік, каб абыйшла чалавека бяда…

Многія функцыі ручніка сёння забытыя, ці неабходнасць у іх згублена разам з многімі абрадамі і традыцыямі, што адышлі ў нябыт. Мы з цяжкасцю “чытаем” тыя сакральныя сімвалы і сэнсы, што нясуць узоры рушнікоў. А між тым, знаёмства з імі – шлях да разумення светапогляду нашых продкаў, шлях да спасціжэння традыцыйнай культуры народа, да якога належым і мы з вамі.

А хто стане спрачацца з тым, што традыцыйны ручнік – гэта сапраўдная каштоўнасць народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва высокага ўзроўню. 

Упэўнена, што чытача можа здзівіць той факт, што на Краснапольшчыне знайшлося нямала ўмельцаў амаль забытага на сённяшні дзень майстэрства вышыўкі. А многія з іх па выніках конкурсу яшчэ і адзначаны ў якасці пераможцаў!

Хто ж яны, гэтыя майстры? Як ацаніла іх творчую працу журы з ліку кваліфікаваных і аўтарытэтных спецыялістаў у вобласці ДПМ?

У намінацыі “Аўтарскі ручнік” дыпломам 2-й ступені адзначана майстар па вышыўцы Мукалава Валянціна Нікандраўна. Дыплом 2 ступені атрымала яна і ў намінацыі “За лепшую рэканструкцыю традыцыйнага ручніка”. Краснапальчане даўно ведаюць гэту таленавітую майстрыху. Пра такіх кажуць – “на ўсе рукі майстар”. Валянціна Нікандраўна шые, вышывае, пляце карункі і нават тчэ. Пэўны час працавала майстрам раённага Дома рамёстваў, зараз адпачывае, бо ўзрост бярэ сваё. Аднак з задавальненнем адгукнулася на прапанову прыняць удзел у конкурсе.

Сталі ўдзельніцамі конкурсу і яшчэ два майстры РДР – В.В. Маскалькова і В.В. Андрыянава.

Валянціна Валянцінаўна Маскалькова – загадчыца РДР, клопату ёй хапае, аднак прыняла ўдзел у конкурсе, к таму ж яшчэ стала дыпламанткай 1-й ступені ў намінацыі “За лепшую рэканструкцыю традыцыйнага ручніка”!

Вольга Валянцінаўна Андрыянава, якую ўсе ведаюць як майстра па вырабу тэкстыльнай лялькі, не так часта займаецца вышыўкай. А тут для конкурсу ўзялася за рэканструкцыю ажно двух ручнікоў. Тое, што яна атрымала дыпломы 2-й і 3-й ступеняў у конкурсе, зусім не здзіўляе – яна заўсёды, за што ні бярэцца, робіць усё дакладна, грунтоўна, прыгожа, акуратна. А вось яе імкненне да спасціжэння асноў, таямніц, да раскрыцця сакрэтаў новых тэхнік па-сапраўднаму здзіўляе. Так было і на гэты раз. Як вы думаеце, што падштурхнула яе выбраць да рэканструкцыі купальскі ручнік? А тое, што акрамя тэхнікі вышыўкі пры яго рэканструкцыі трэба было засвоіць зусім новую і незнаёмую для яе тэхніку “насціл па мярэжцы”! І яна здолела!

У палажэннях многіх конкурсаў сярод іх мэтаў і задач мы часта знаходзім такія: “стымуляванне да творчасці…”, “павышэнне майстэрства...”, “матывацыя на засваенне…”.

Конкурсы сапраўды ў той ці іншай ступені дасягаюць такіх задач. Вось і ў выпадку з гэтым конкурсам пра рушнікі. Ён стымуляваў да творчасці яшчэ некалькіх асоб нашага раёна, прычым зусім маладога ўзросту. Гэта Людміла Уладзіміраўна Васількова, культарганізатар Горскага СДК, Іна Уладзіміраўна Кузьмянкова, мастак-афарміцель УК “ЦБС Краснапольскага раёна”, Наталля Уладзіміраўна Саўчанка, мастак-афарміцель ГУК “ЦКС Краснапольскага раёна”.

Усе разам краснапольскія аматары народнай вышыўкі стварылі цудоўную калекцыю ручнікоў. На свяце “Купалле” у Александрыі гэтыя ручнікі праз прадстаўленую экспазіцыю (якая адзначана дыпломам 2-й ступені) распавядалі пра шлях жыцця чалавека. 

Што стала асновай для рэканструкцыі, якія ручнікі? Ручнікі з багатай уласнай калекцыі В.А. Марчанка. Валянціна Аляксандраўна даўно захапляецца зборам і папулярызацыяй гэтых унікальных рэчаў, праводзіць экспедыцыйныя даследванні, дзеліцца ведамі з калегамі праз выстаўкі, семінары, кансультацыі, выданне літаратуры. Ручнікі з яе калекцыі ўпрыгожваюць многія фестывалі і святы на самых розных узроўнях, распавядаючы пра ўнікальную культурную спадчыну Краснапольшчыны.

На аснове ручнікоў яе калекцыі ў ходзе конкурсу “Ручнік як шлях жыцця чалавека” былі рэканструяваны ручнікі сямейнай абраднасці – з узорамі-сімваламі плоднасці, развіцця і росквіту (якія дарылі, напрыклад, на Хрэсьбінах), вясельныя ручнікі. З каляндарна-абрадавых ручнікоў ажылі ручнікі пасхальныя, купальскія, ручнік, прысвечаны Жыватворнаму Крыжу Гасподню.

Акрамя выяўлення лепшых майстроў, стымулявання да творчасці, удасканалення майстэрства і іншых задач конкурс, зразумела, быў накіраваны на рашэнне задач захавання, актуалізацыі і папулярызацыі нацыянальных лакальных традыцый, знакаў прыналежнасці да традыцыйнай культуры свайго народа, якія яднаюць нас.

Майстры Краснапольшчыны зрабілі добры ўнёсак у захаванне культурнай самабытнай спадчыны сваёй малой радзімы. Спадчыны, якая ўмацоўвае нашу сучасную культуру і з’яўляецца каштоўнасцю на ўсе стагоддзі.

Валянціна Марчанка,
метадыст 1-й катэгорыі Краснапольскага РЦК.

Поделиться с друзьями
790 просмотров