Жыццё з любоўю

8 жніўня пайшоў з жыцця Віктар Міхайлавіч Саранкоў – “маленькі чалавек з вялікім талентам”, якога ведалі на Краснапольшчыне як унікальнага гарманіста. Ды што там казаць – на Краснапольшчыне, яго талент і майстэрства ігры былі запатрабаваны на самых розных культурных падзеях Магілёўшчыны і суседніх вобласцей.

Не так даўно на старонках раённай газеты “Чырвоны сцяг. Краснаполле”, на сайце “Аднакласнікі” я размяшчала артыкул пра В.М. Саранкова  пад назвай “Унёсак у культуру”. У ім расказвала пра  ўдзел гарманіста ў шматлікіх конкурсах, фестывалях, праектах, канцэртах, пра той унікальны ўнёсак у захаванне традыцыйнай культуры, яе папулярызацыю, які рабіў гэты чалавек, вяртаючы ў жыццё самабытныя  мелодыі народных бытавых танцаў і песень.

Калектыў ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” вельмі смуткуе па прычыне страты такога таленавітага, творчага, апантанага сваёй справай чалавека. Развітваючыся з Міхайлавічам, як заўсёды звярталіся да яго калегі, яны выказалі нямала добрых слоў і цёплых успамінаў.

“Ён упрыгожваў многія культурныя мерапрыемствы, быў безадказны і, здавалася, нястомны. А на пытанне: “Як вы, Міхайлавіч, вытрымліваеце, не стамляецеся?” – весела адказваў: “Я ўсё гэта так люблю!” – прыгадаў дырэктар Ю.П. Падалякін.

“Яго адказнасць і вытрымка сапраўды здзіўлялі, – выказалася і Г. В. Снытка, намеснік дырэктара. – Помню, як на падворку ў час правядзення фестывалю “Залатая пчолка” у Клімавічах ён іграў, задавальняючы просьбы гледачоў, да з’яўлення мазалёў!”

“А якую добрую падтрымку мелі аматарскія песенныя калектывы нашых клубных устаноў. Рэпетыцыі – колькі трэба і ў любы час! Выезды – куды заўгодна: у аддаленыя вёскі, на палі, за межы раёна. Ён ніколі і нікому не адказваў. І як нам быць цяпер без Міхайлавіча?” – гэта словы культарганізатара Халмянскага СДК Н.А. Чысцяковай і загадчыцы Тур’яўскога СДК З.А. Смаршковай. Іх удзячнасць гарманісту і хваляванні за калектывы зразумелыя – ёсць вялікая праблема з акампаніятарамі, іх засталося толькі два на ўвесь раён.

Было шмат цёплых успамінаў і пра асабістыя якасці Віктара Міхайлавіча, яго ветлівасць, пачуццё гумару, весялосць, лёгкасць у зносінах і паважлівае стаўленне да кожнага чалавека.

Думаецца, што такімі якасцямі валодае чалавек, чыё сэрца напоўнена любоўю – да людзей, да працы, да жыцця. В.М. Саранкоў  шмат гэтай любові падарыў сваім блізкім і ўсім нам. Светлая памяць аб ім будзе жыць доўга і не ў адным сэрцы.

P.S. Відэазапісы пра В.М. Саранкова можна знайсці ў інтэрнеце – на сайце “Аднакласнікі”.

Валянціна Марчанка.

Поделиться с друзьями
867 просмотров