Дзень ушанавання культуры i духоўнай спадчыны Беларусi

Дзень беларускага пісьменства – значная падзея ў жыцці краіны і кожнага чалавека. Ён дае магчымасць паказаць багацце культурнай спадчыны Беларусі, сваёй малой радзімы і далучыцца да гэтай спадчыны. Традыцыйна ў гэты дзень аддаецца доўг павагі вялікім беларускім асветнікам, адбываецца знаёмства з літаратурай, з паэтамі і пісьменнікамі, якія ўнеслі вялікі ўклад у культурнае жыццё краіны, з сучаснымі творцамі сваёй зямлі. Да святкавання Дня беларускага пісьменства далучылася і Краснапольшчына.

Каб далучыцца да святыняў свайго народа

Калі мы далучаемся да святыняў свайго народа, яго культурных каштоўнасцяў, да вытокаў народнай мудрасці, мы садзейнічаем яднанню людзей, іх духоўнаму ўзбагачэнню, умацаванню сувязі пакаленняў.

Менавіта на гэта было накіравана мерапрыемства “Скарбы зямлі Беларусі”, арганізаванае народным паэтычным аб’яднаннем “Світанак” Краснапольскага РЦК і прысвечанае Дню беларускага пісьменства.

На яго былі запрошаны спецыялісты клубнай і бібліятэчнай сістэм, супрацоўнікі музея, музычнай школы, рэдакцыі раённай газеты, наведвальнікі аддзялення пажылых людзей і жыхары раёна.

Праграма гасцёўні “Скарбы зямлі Беларусі” была прадстаўлена некалькімі модулямі.

Адзін з іх – гістарычны модуль “Напісанае застаецца”, прысвечаны тым, хто ўнёс вялікі ўклад у развіццё беларускага пісьменства, кнігадрукавання. Яскравай часткай гэтага модуля стала пастаноўка-дыялог па п’есе Алеся Петрашкевіча “Напісанае застаецца”, ролі ў якой выканалі П. Выганны (роль Скарыны) і М. Пугачоў (роль Нунцыя).

Краязнаўчы модуль “Краснапольшчына літаратурная” знаёміў з асобамі і творчасцю землякоў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё беларускай літаратуры: гучалі проза С. Кухарава, якая стала асновай роздуму аб духоўнасці, і песня “Краснаполле” па творчасці А. Пысіна ў выкананні ансамбля народнага клуба ветэранаў “Дабрыня”.

Творчы паэтычны модуль “Яднаюць мова нас і Беларусь” быў напоўнены разважаннем на зададзеную тэму і творамі сучасных аматараў слова Краснапольшчыны, членаў аб’яднання “Світанак” – Г. Яўсеенка, Г. Каваленка, В. Марчанка, С. Сыранкова.

Упрыгожылі свята і напоўнілі яго духоўнасцю і музычныя творы ў выкананні салістаў РЦК А. Трафімавай і А. Дарафеева, і сустрэча з творамі і творцамі традыцыйнай культуры, якія былі прадстаўлены ў модулі “Народная культура – крыніца духоўнасці”. З асаблівай цікавасцю былі ўспрыняты аўтэнтычныя народныя песні менавіта краснапольскай зямлі, якія прагучалі ў выкананні носьбітаў і пераймальнікаў фальклору Н. Яцутка, Н. Дударавай, Т. Яфімчык., Л. Вараб’ёвай, ансамбля народнага клуба “Дабрыня”. Самабытная творчасць носьбіта музычнай культуры Краснапольшчыны В.М. Саранкова была прадстаўлена праз відэаролік, як даніна павагі гэтаму чалавеку і яго творчасці, бо таленавіты майстар ігры на гармоні, на жаль, несвоечасова пайшоў з жыцця.

А яшчэ да свята былі падрыхтаваны тэматычныя фотазоны, багатыя слайд-прэзентацыі і выстаўкі літаратуры, народных рамёстваў і ДПМ, карцін, напісаных В. Марчанка.

У гасцёўні былі падведзены і вынікі папярэдне праведзенай метадыстам па традыцыйнай культуры конкурснай краязнаўчай дыктоўкі “Нам засталася спадчына” сярод работнікаў клубнай сістэмы. Пераможцамі конкурснай дыктоўкі сталі Н. Паплыка, культарганізатар Пачапоўскага СДК, А. Трафімава, кіраўнік народнага ансамбля РЦК, Т. Яфімчык, загадчыца Яноўскага СДК, якія былі адзначаны дыпломамі III ступені.

“Каб заставацца ўнікальнымі, не страціць аблічча нацыі, трэба імкнуцца ўсімі сродкамі і сіламі захоўваць сваю мову, свае традыцыі і культуру, аддаючы даніну павагі сваім продкам. Сёння, святкуючы Дзень беларускага пісьменства на Краснапольшчыне, мы імкнуліся зрабіць свой унёсак у гэту пачэсную справу”, – адзначыла ў сваім звароце да прысутных кіраўнік народнага паэтычнага аб’яднання “Світанак”, арганізатар свята В.А. Марчанка.

У свяце прыняла ўдзел галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама М.В. Разгонава, якая выказала шчырую падзяку арганізатарам і ўдзельнікам мерапрыемства за папулярызацыю лепшых традыцый нацыянальнай культуры Беларусі і сваёй малой радзімы, папулярызацыю роднага слова, духоўнасці і ідэй адзінства беларускага народа.

Галина ЕВСЕЕНКО
РОДИНА МОЯ
Где б я ни был, ты всегда со мною,
Краснополье, милые края.
Соловьи поют здесь раннею весною,
Здесь осталась молодость моя.
Ты земля, воспетая поэтом,
От невзгод хранила ты меня,
Солнцем майским ласковым согрета,
С тонкою берёзкой у плетня.
Пусть года бегут неумолимо,
Осень мне навеет тихо грусть.
В сердце ты всегда, мой край любимый,
Знаю, я к тебе всегда вернусь.

Зварот народнага аматарскага паэтычнага аб’яднання “Світанак” Краснапольскага РЦК да дзяцей і школьнікаў раёна

З любоўю да мовы i роднай краiны

Пачатак кожнага новага навучальнага года расквечаны для вас, дзеці, прыгожымі з’явамі і святамі – гэта і Дзень ведаў, і дзяржаўнае свята Дзень беларускага пісьменства.

Іх змест насычаны духоўнасцю, патрыятызмам і любоўю да малой радзімы і роднай Беларусі.

Краснапольшчына – маленькі куточак беларускай зямлі, які аб’ядноўвае нас: мы ходзім аднымі сцежкамі, дыхаем адным паветрам, ядзім хлеб, вырашчаны на яе палях. Па гэтай зямлі ха-дзілі нашы дзяды і прадзеды, абаранялі яе ад ворагаў, стваралі ўнікальную культуру.

Краснапольская зямля – радзіма многіх знакамітых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Лірычныя вершы пра Беларусь, пра сваю Краснапольшчыну, пра яе прыроду, маляўнічыя краявіды можна знайсці і ў творчасці сучасных паэтаў-аматараў нашай малой радзімы, якія жывуць побач з вамі і словам услаўляюць свой край.

Спецыяльна для вас, маленькія жыхары Краснапольшчыны, мы прапануем вершы вашай зямлячкі Валянціны Марчанка. Чытайце, будзем рады, калі вашы сэрцы адгукнуцца на гэтыя радкі, калі ў вас узнікне жаданне новых сустрэч з роднай мовай і новымі творамі сваіх таленавітых землякоў.

ДА БЫЛІНКІ КРАЙ СВОЙ ПАЛЮБІ
Дурню за мяжой усё блішчыць.
За цябе, мой край, душа баліць.
За цябе малюся ў неспакоі,
Край мой Белы, край нягнуткай волі.
Бітвы, перамогі… Колькі ён
Вытрымаў, ахоўнік твой – анёл!
Бачу я да шчасця шлях адзіны –
Палымець любоўю да Айчыны.
Да былінкі край свой палюбіць –
Той, дзе ў небе ластаўка ляціць,
Дзе гуляе вецер сіні-сіні,
Той, дзе веліч нашай Ефрасінні.
Край дзівосных замкаў, гарадоў,
Што з сівых жывуць яшчэ вякоў,
Дзе бары без краю і азёры,
Дзе спакойна ружавеюць зоры.
Край, дзе мова родная гучыць,
Дзе пашчасціла з табой нам жыць…
Ты запомні з самага дзяцінства –
Той магутны край, дзе ёсць адзінства.

ЛЮБЛЮ Я БЕЛАРУСЬ
Краін нямала ў свеце –
Люблю я Беларусь.
Яна – мая Радзіма,
Якой я ганарусь.
Бываю я далёка –
За морам і мяжой,
Ды там усё чужое,
Я ў Беларусі – свой.
Я свой – і ўсё маё тут,
Лячу сюды здаля,
Лясы, палі, азёры –
Радзімая зямля.
Цвітуць жаркі, валошкі,
Над полем – шум жытоў,
Табе аддаць гатовы
Я ўсю сваю любоў.
Цябе я не пакіну,
Трымаюсь за цябе,
Люблю цябе і ў шчасці,
Люблю цябе ў журбе.
Ты мой надзейны бераг.
Тут чую сэрцам я
Адзінства беларусаў,
Мы ўсе – адна сям’я.
У будучыню смела,
Упэўнена глядзім,
Любімая Айчына,
Цябе не аддадзім.

Матэрыял падрыхтаваны кіраўніком народнага аматарскага аб'яднання «Світанак» Валянцінай МАРЧАНКА.
Фота Ірыны МАЛІНОЎСКАЙ.

Поделиться с друзьями
809 просмотров