Пакуль жывыя, будзем мы спяваць

Выкананне аўтэнтычнай песні Валянцінай Марчанка адзначана дыпломам лаўрэата II ступені ў III Міжнародным фестывалі-конкурсе творчасці “Пирамида ЗВЁЗД”, які адбыўся дыстанцыйна.

За час пандэміі дыстанцыйныя конкурсы сталі новай і запатрабаванай формай культурнага жыцця, абмену вопытам, удасканалення майстэрства, папулярызацыі і творчасці, і рэгіёнаў, і краін.

В.А. Марчанка (на здымку)  – кіраўнік народнага фальклорнага ансамбля “Горскія харашухі” Горскага СДК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”, яго салістка і “галаснік”, спявачка, якая “ўзнімае” песню пры выкананні яе ансамблем. Голас мае высокі, чысты і палётны. “Добры прафесійны вакал”, – такую адзнаку яе голасу дало журы міжнароднага конкурсу.

Гэта не першая ўзнагарода спявачкі і ансамбля “Горскія харашухі”, якая папоўніла скарбонку іх узнагарод за 2021 год. Гэта яшчэ дыплом лаўрэата I ступені II Міжнароднага конкурсу “Яркие огни”, дыплом лаўрэата I ступені Міжнароднага конкурсу-фестывалю мастацтваў “Мы вместе”, дыплом I ступені рэгіянальнага творчага конкурсу “Прыгарні ты да сэрца Радзіму”. У канцы года будуць вядомы вынікі ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе, абвешчаным да Года народнага адзінства, які таксама адбыўся дыстанцыйна.

Спявачкі ансамбля “Горскія харашухі” нават ва ўмовах, абмежаваных пандэміяй, імкнуцца захоўваць і папулярызаваць культурную спадчыну сваёй зямлі. Песні ў іх выкананні можна знайсці ў сацыяльных сетках.

Фальклор – сапраўдная каштоўнасць культуры Беларусі і аб’ядноўваючая сіла беларусаў. Гэта духоўны капітал, скопішча мудрасці і шматвяковага вопыту народа, найвялікшая каштоўнасць любой краіны, якую трэба берагчы і перадаваць нашчадкам.

Таццяна Снытка і Таццяна Шапавалава

“Шкада, калі такія песні забудуцца і змоўкнуць. Яны ж народжаны жыццём нашага народа, яны і ёсць яго сутнасць – яго душа, характар, талент”, – разважае Таццяна Снытка, удзельніца ансамбля з першых гадоў яго існавання. А другая ўдзельніца, Таццяна Шапавалава, упэўнена заяўляе: “Ва ўсякім разе, пакуль мы жывыя – нашы песні не знікнуць. Пакуль жывыя, будзем мы спяваць”.

Сёння сапраўдных носьбітаў аўтэнтычнага фальклору амаль не застаецца, значна паменшыўся і састаў “Горскіх харашух”, таму спявачкі ансамбля бачаць сэнс свайго творчага жыцця ў перайманні, захаванні і перадачы фальклорнага багацця праз розныя формы. Па выніках іх дзейнасці назапашаны добры фонд выдавецкай літаратуры, які прадстаўлен зборнікам фальклорных песень з рэпертуара ансамбля, сцэнарнымі матэрыяламі іх творчых праграм, даследваннямі па розных жанрах сабранага песеннага фальклору, метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі работы з фальклорным калектывам і інш.

У красавіку ансамбль прыняў удзел у абласным праекце “Скарбніца Падняпроўя”, а 23 лістапада прыме ўдзел у рэспубліканскім семінары, які адбудзецца на базе УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай дзейнасці”. На семінары кіраўнік ансамбля і яго ўдзельніцы падзеляцца вопытам правядзення абрадавых праграм у сучасных умовах і прадэманструюць адну з іх з прыцягненнем моладзі, падзеляцца і вопытам засваення і актуалізацыі фальклорнай песеннай спадчыны свайго рэгіёна. Спявачкі распавядуць, як праз фальклорныя песні захоўваецца багацце жывой народнай мовы, самабытнасць краю, гістарычная і культурная спадчына таленавітых продкаў.

В. Аляксандрава.

Поделиться с друзьями
584 просмотров