Сваё любi да самазабыцця — “Горскія харашухі” прынялі ўдзел у рэспубліканскім семінары

Фото mogilevnews.by

Народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі” прыняў удзел у рэспубліканскім семінары, які адбыўся на базе УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”.

Назначэнне семінара – творчая стажыроўка прадстаўнікоў беларускіх дыяспар і грамадскіх арганізацый, якія займаюцца папулярызацыяй беларускай культуры ў краінах замежжа. Стажыроўка ў Магілёве – гэта адзін з пунктаў тыднёвага навучання, якое праходзіла з 21 па 27 лістапада на базе ўстаноў культуры ўсіх рэгіёнаў краіны. Арганізатар стажыроўкі –ДУК “Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур”.

Удзельнікамі стажыроўкі сталі прадстаўнікі 7 краін: Італіі, Казахстана, Латвіі, Расіі, Узбекістана, Украіны, Эстоніі.

Праграма на Магілёўскай зямлі была для іх насычанай і пазнавальнай, творчай і красачнай.

Народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі”, як носьбіт самабытнай фальклорнай абрадавай і песеннай спадчыны Краснапольшчыны, быў запрошаны на семінар для ўдзелу ў прэзентацыйнай пляцоўцы “Кола святаў і абрадаў народнага каляндара” і для правядзення майстар-класа на тэму “Пераемнасць традыцый народных спеваў”.

На прэзентацыйнай пляцоўцы ўдзельніцы ансамбля прадставілі фальклорную абрадавую замалёўку вясновага цыклу па абрадах Саракі і Навіна, да якой былі прыцягнуты і прадстаўнікі малодшага пакалення – аматары творчасці Краснапольскага РЦК, што вельмі важна для пераемнасці традыцый.

Майстар-клас “Пераемнасць традыцый народных спеваў” правяла кіраўнік ансамбля “Горскія харашухі” Валянціна Марчанка. Яна распавяла пра асаблівасці свайго рэгіёна, пра асаблівасці фальклору, якія ён набыў ва ўмовах памежжа з Расіяй, пра асаблівасці выканання фальклорных песень сваёй мясцовасці і пра вопыт ансамбля па іх засваенню, перайманню і актуалізацыю. Выступленне было праілюстравана і расквечана жывым выкананнем фальклорных твораў спявачкамі ансамбля.

Прысутныя ўдзельнікі семінару былі ўражаны і каларытным фальклорам краснапольскай зямлі, і чыстымі, сакавітымі, палётнымі галасамі горскіх пяюх, і тым адказным і трапяткім стаўленнем іх да роднай песні, да яе пераемнасці і зберажэння ў чыстым, некранутым, натуральным яе стане. Больш за 30 гадоў горскія “харашухі” нястомна збіраюць фальклорна-песенныя жамчужыны роднай зямлі, каб не зніклі яны, не згубіліся ў часе ці пад пылам бездухоўнасці.

Яшчэ адным удзельнікам семінара стаў краснапольскі майстар па мастацкай апрацоўцы драўніны А.В. Ганчарэнка. Андрэй стаў удзельнікам майстар-класа майстроў народных мастацкіх рамёстваў.

А на выставе “З крыніц народных” сярод мноства ручнікоў Падняпроўскага краю можна было пазнаць і рэканструяваныя ручнікі Краснапольскага РДР.

У вядомага беларускага паэта ёсць радкі: “Шануй чужое аж да пакланення, сваё любі да самазабыцця”. Вось так, да самазабыцця, можна і трэба любіць сваю фальклорна-этнаграфічную спадчыну. І інакш да яе ставіцца нельга, бо гэта наш духоўны капітал, скопішча мудрасці і шматвяковага вопыту народа, непаўторная самабытнасць краю, багацце жывой народнай мовы, найвялікшая каштоўнасць любой краіны, якую трэба берагчы.

Валянціна Марчанка.

Поделиться с друзьями
1 202 просмотров