Навагодні чараўнік Наталля Саўчанка

Навагодні чараўнік – менавіта так хочацца назваць мастака-афарміцеля Краснапольскага РЦК Наталлю Саўчанка.

Кожны год мастак-афарміцель Краснапольскага РЦК Наталля Уладзіміраўна Саўчанка, дзякуючы сваёй нястомнай фантазіі, прафесіяналізму, умельству рук і жаданню падарыць радасць сваім землякам і гасцям Краснапольшчыны, пераўтварае розныя куткі ўстановы ў сапраўдныя казачныя і чароўныя экспазіцыі.

Фае РЦК становіцца “офісам” Дзеда Мароза – з “ледзянымі” сценамі, гурбамі “снега”, з навагоднімі ёлкамі і прыгожымі “падарункамі”, сярод якіх магчыма адшукаць адрасаваны і менавіта табе.

Давайце зазірнем у глядзельную залу. Там ідзе навагодняя казка “Тайна золотого ключика”. Дэкарацыі да гэтага спектакля, касцюмы герояў казкі – таксама справа рук і фантазіі мастака Наталлі Саўчанка! Іх стварэнне – працэс захапляльны, магчыма таму да пошуку матэрыялаў і аздабленняў, да  пашыву касцюмаў з ахвотай далучылася і касцюмер РЦК Алена Петрусёва.

А вынік гэтай па-сапраўднаму мастацкай справы – шыкоўныя касцюмы, якія так добра дапамаглі ў стварэнні вобразаў казачных герояў.

Аказваецца, ёсць ён – навагодні цуд, і ёсць яны – сапраўдныя чараўнікі! Тыя з вас, хто наведаў “Офіс” і хто паглядзеў навагоднюю казку, пагадзяцца з гэтай думкай. Вы яшчэ не верыце – тады зазірніце ў калядныя дзянькі ў Краснапольскі РЦК і ўпэўніцеся ў гэтым на ўласныя вочы. 14 студзеня вы можаце яшчэ патрапіць на Калядны канцэрт – з цікавымі казачнымі героямі-вядучымі і самадзейнымі артыстамі-спевакамі Краснапольскага РЦК.

Прыемных вам праглядаў, сустрэч з прыгожым і добрых фотаздымкаў на памяць.

Краснапольскі РЦК.

Поделиться с друзьями
979 просмотров