Знайшлi радзiму i любоў

Быў час, калі “перабрацца”, як кажуць у народзе, жыць з адной рэспублікі ў другую было лёгка і ўспрымаўся пераезд натуральна – нашы краіны жылі-былі адным саюзам – Саюзам Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. І ў душы кожнага, народжанага ў СССР, да ўсіх рэспублік былі адносіны, як да родных, да сваіх.

На здымку злева: Валянціна Марчанка і Аляксандр Канстанцінаў

З такім адчуваннем у 1989 годзе змяніў месца жыхарства і герой майго аповяда Аляксандр Аляксандравіч Канстанцінаў – з Краснагорскага раёна Бранскай вобласці ён пераехаў у Краснапольскі раён Магілёўскай вобласці. І знайшоў тут сваю другую радзіму. Як і я, яго сястра Валянціна Марчанка.

У свой час Аляксандр атрымаў адукацыю ў Магілёўскім будаўнічым тэхнікуме, потым у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Ужо па пераездзе ў вёску Горы працаваў прарабам, старшынёй Горскага сельскага Савета дэпутатаў, старшынёй калгаса, апошнім часам займае пасаду загадчыка аддзялення “Нарыманаўскае”. На любой пасадзе ён праяўляў і праяўляе сябе як чалавек, адданы сваёй справе, працы на роднай зямлі.

Ацэнкі нам ставіць само жыццё. Але, думаю, самай значнай ацэнкай для чалавека з’яўляецца прызнанне яго дзяцей, прычым ужо з іх дарослай, асэнсаванай пазіцыі. І такую ацэнку я пачула з вуснаў дзяцей брата падчас святкавання яго 60-годдзя.

“Я горжусь тобой, отец, я безмерно благодарен тебе за твою любовь и заботу о нас с сестрой. Ты для нас – пример во всём. И именно тебе я обязан своими достижениями в жизни, в работе, в науке, спорте, во всём”, – выказаўся сын з такім жа імём, як і ў бацькі, – Аляксандр. Аляксандр малодшы – намеснік дэкана па завочнай форме навучання Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, магістр архітэктуры, працуе над дысертацыяй па меліярацыі, з’яўляецца майстрам спорту па гіравым спорце, па паўэрліфтынгу, майстар спорту міжнароднага класа па сілавым відам спорту.

Дачка Анастасія – настаўніца, жыве ў Краснаполлі, скончыла Магілёўскі педагагічны ўніверсітэт. Яна з ахвотай даручае свайго сына дзеду Сашу і бабе Надзе, як называе іх Алёша, бо ўпэўнена: дзе такія бацькі, там з выхаваннем будзе поўны парадак.

У сакавіку брат адзначыў свой 60-гадовы юбілей. Узрост салідны, не так даўно з гэтай даты пачынаўся пенсійны этап чалавечага жыцця. Нягледзячы на гэта, Аляксандр не губляе сваёй актыўнасці, працалюбства і жыццясцвярджальнага настрою. На працягу дня яго немагчыма знайсці на адным месцы – ён увесь час на аб’ектах, у паездках і да цёмнай пары – на мабільнай сувязі. Ён знае і помніць кожную каўдобінку на дарозе, кожную баразну і кожны палетак у сваёй гаспадарцы. Знае, помніць, любіць і жыве клопатамі аб іх. Я так і ўяўляю: вось ён бярэ ў рукі камячок зямлі, расталай пад вясновым сонцам, расцірае зямлю ў пальцах: “Сагрэлася ці не?”, “Хопіць вільгаці, ці зноў ранняя і марозная вясна высушыла палеткі?”. Клопаты, клопаты, – ён і жыве імі.

Я знаю, брата паважаюць у раёне, паважаюць яго работнікі аддзялення і жыхары – ад старога да малога. Ён і сам да кожнага ставіцца з увагай і павагай. А разам з працаўнікамі, занятымі хлебаробскай, механізатарскай справай, у аддзяленні “Нарыманаўскае” сфарміравалі дружную і адказную каманду. У гэтай камандзе побач з Аляксандрам – яго землякі-расіяне: Васіль Трыпуз, Пётр Трыпуз, Аляксандр Грыбанаў і яшчэ шмат працавітых вясковых хлопцаў. Іх імёны мы бачым на старонках газет, іх партрэты – на раённай Дошцы Гонару.

Трэба дадаць, што яшчэ шмат расіян жыве ў вёсцы Горы і працуе ў розных сферах: Вольга Гомарава і Людміла Васількова – у сферы культуры, Наталля Церахава – у сферы адукацыі. Я таксама доўгі час працавала настаўніцай і дырэктарам Горскай сярэдняй школы, з’яўляюся выдатнікам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Апяваю Беларусь і Краснапольшчыну ў вершах, пішу на беларускай мове і люблю беларускі фальклор.

Усе пералічаныя вышэй асобы – адтуль, з-за мяжы, з вёсак Краснагорскага раёна. Калі стаць на пагорку каля машыннага двара ў вёсцы Горы, ды паглядзець на поўдзень, то можна ўбачыць купы дрэў, пад якімі хаваецца Кібіршчына, ці Ярмоленка. Праўда, Ярмоленкі, дзе нарадзіліся мы з братам, ужо няма. Засталіся толькі дрэвы ды могілкі на пагорку, дзе пахаваны вяскоўцы, дзе ляжаць і нашы бацькі.

Але сувязі з Расіяй не згублены: у Кібіршчыне жыве наш малодшы брат Уладзімір, у Клімаўскім раёне Бранскай вобласці – сястра Ніна, жывуць землякі, з якімі падтрымліваюцца сяброўскія і дзелавыя сувязі. І толькі пандэмія на кароткі час спыніла нашы сустрэчы, перавёўшы іх у інтэрнэт-прастору.

Радзіма. Родная зямля. Дзе яна? Яна там, дзе сэрца. Сэрца, якое ўмее помніць, верыць і любіць – да самазабыцця.

Віншую сваіх землякоў па абодва бакі мяжы з Днём яднання народаў Расіі і Беларусі. Я знаю, што такіх віншаванняў 2 красавіка будзе столькі, што калі б яны зліліся разам, то загучаў бы магутны хор сяброўства і спагады братніх народаў.

Валянціна Марчанка.

Поделиться с друзьями
1 001 просмотров