Адбылася сустрэча вучняў Краснапольскай гімназіі з паэткай Валянцінай Марчанка

29 сакавіка адбылася сустрэча вучняў 5 класа УА “Краснапольская раённая дзяржаўная гімназія” з мясцовай паэткай Краснапольшчыны Валянцінай Марчанка.

Вучні амаль што самі і вызначылі ход сустрэчы: пазнаёміцца з аўтарам, яго кнігамі, пачуць і пачытаць вершы, атрымаць адказы на пытанні.

Дзяцей уразіў той факт, што паэтка піша на беларускай мове, усім сэрцам любіць Краснапольшчыну, лічыць яе сваёй малой радзімай, любіць Беларусь, у той час, як нарадзілася яна і расла ў Расіі. Паэтка распавяла пра сяброўства краін, братніх народаў, якія разам будуюць саюзную дзяржаву і 2 красавіка адзначаюць Дзень яднання народаў Расіі і Беларусі.

У час сустрэчы гучалі вершы пра прыроду, малую радзіму, пра Беларусь, пра родную мову, на якія багата паэзія Валянціны Марчанка. Гучалі яны ў выкананні аўтара і саміх дзяцей, на рускай і беларускай мовах.

Сваю цікаўнасць да творчасці госця вучні мелі магчымасць задаволіць у час, адведзены для прагляду кніг і брашур, якія прапанавала Валянціна Аляксандраўна.

Дзяцей цікавілі многія пытанні: калі паэзія ўвайшла ў жыццё аўтара, якія кнігі ўжо выйшлі ў свет, дзе іх можна набыць. Былі пытанні і іншага плана: чаго аўтар не прымае ў жыцці, якім пачуццём жыве яго сэрца і іншыя.

Напрыканцы сустрэчы дзеці зрабілі вывад, што галоўнае пачуццё, якое носіць аўтар у сэрцы, – гэта любоў. Любоў да жыцця, да свайго наваколля і землякоў, да малой і вялікай Радзімы. Любоў, якой яна шчодра дзеліцца са сваімі землякамі.

С. Палітыкіна,
настаўніца беларускай мовы УА “Краснапольская раённая дзяржаўная гімназія”.

Поделиться с друзьями
980 просмотров