Чарнобыль: погляд праз гады

Вёска Наваельня, 2017 год.

Чарнобыль. Як даўно гэта было…
Многія не разумеюць, чаму пры гэтым слове ў некаторых на вочы набягаюць слёзы. А я разумею, бо сама не магу стрымліваць слёз.

Калі здарылася Чарнобыльская трагедыя, я заканчвала дзясяты клас Наваельнянскай сярэдняй школы. Гэты красавіцкі дзень быў вельмі цёплы. Здавалася, быццам ужо пачалося лета. Людзі выхо- дзілі на вуліцу і яшчэ не ведалі, што вада стала ядам, што зямля стала небяспечнаю, што паветра станавілася атрутным. У вёсцы ўсё было як звычайна. Школьнікі хадзілі ў школу, дарослыя – на работу ці корпаліся на сваіх агародах. Як заўсёды расцвілі сады.

Вясна заўсёды нясе радасць. Вясной ажывае прырода. У гэту пару чалавек як бы нараджаецца занава. Вясна ж 1986 года прынесла бяду

Калі людзям абвясцілі аб Чарнобылі, ніхто не ведаў, а можа, не разумелі тады, што бяда яшчэ пакажа сябе. Хоць і казалі па тэлевізары і радыё, што нельга ўжываць шмат якія прадукты, ды хіба хто слухаў? Елі ўсё! Я памятаю, як бацька доўга не мог змірыцца з тым, што нельга піць малако ад сваёй каровы. Потым раз-пораз пачалі з’яўляцца верталёты, якія рабілі аблёты, магчыма, рабілі замеры і назіранні. А людзі працягвалі жыць і працаваць.

Л.В. Лабаноўскі ў сваім артыкуле пра Чарнобыльскую трагедыю пісаў: “…1986 год, 26 красавіка. Краснапольшчына апынулася ў зоне моцнага радыяцыйнага забруджвання. У канцы мая, пачатку чэрвеня 1986 года на Краснапольшчыну сталі прыбываць калоны машын з салдатамі. Салдаты ехалі па двух накірунках – на вёс-ку Наваельня і вёску Высокі Борак. Там забруджанасць была да 100 кюры на квадратны кіламетр.”

Так ужо наканавана лёсам, што маю вёску і яе жыхароў не абмінула гэтая ліхая навала.

А ў нас такая цывілізацыя, такое жыццё было! У вёсцы была сярэдняя школа, дзіцячы сад, камбінат бытавога абслугоўвання, бальніца, лясніцтва, клуб, бібліятэка. У райцэнтр з Наваельні некалькі разоў у дзень хадзіў аўтобус. Добрае жыццё было.

З мая 1986 года сталі прыязджаць атрады ліквідатараў наступстваў аварыі на ЧАЭС. У вёсцы ваенныя затрымліваліся да позняй восені. Замест прывычных калодзежаў у вёсцы з’явіліся калонкі, дарогі пакрылі асфальтам, узводзіліся новыя цагляныя будынкі. Але ўся дэзактывацыя была марнай. Як вынік – загад аб тэрміновым перасяленні жыхароў Наваельнянскага сельскага Савета ў чыстыя раёны Беларусі.

Толькі ва ўспамінах ды на старых тапаграфічных картах засталася мая вёска, як і многія іншыя, што былі ўключаны ў зону першачарговага адсялення.

Сотні беларускіх вёсак асірацелі. Іх пакінулі людзі. Зараслі бур’яном сцяжынкі ад хаты да хаты. Па іх некалі хадзілі людзі, падтрымлівалі сяброўскія, сваяцкія і проста чалавечыя адносіны. Зараз цяжка ўявіць сабе малюнак тых мясцін. Вецярок варушыць лісце на галінах дрэў. І ніводнага чалавечага голасу. Цішыня. Жудасная цішыня вісіць над такімі вёскамі.

Чарнобыль прынёс людзям бяду, няшчасце, слёзы. Па сумных вачах бацькоў я бачыла, як цяжка ў сталым узросце прырастаць на новым месцы. Ядзерны выбух знячэўку, у адно імгненне пера- крэсліў будучыню. Сваім свінцовым цяжарам прыціснуў людзей да зямлі.

У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС радыёактыўна забруджаным стаў увесь Краснапольскі раён. Некалі непаўторны куток Магілёўшчыны, з багатай і разнастайнай прыродай ператварыўся ў край, дзе апусцелі цэлыя вёскі. Іх насельнікам  давялося пакінуць родныя мясціны.

Зразумела, што культурнай спадчыне раёна таксама быў нанесены моцны ўдар. Пад пагрозай знікнення апынуліся найкаштоўнейшыя здабыткі матэрыяльнай і духоўнай культуры: унікальныя мясцовыя традыцыі, звычаі, абрады, самабытны фальклор, помнікі архітэктуры, народнага мастацтва – усё, што стагоддзямі вызначала аблічча не толькі Краснапольшчыны, але і ўсёй Беларусі.

Шмат знікла з карты раёна населеных пунктаў, але засталося некалькі, жыхары якіх не пажадалі выехаць,так і засталіся дажываць свой век у родных мясцінах.

Невялічкія, раскіданыя сярод беларускіх лясоў ды балот вёсачкі. Колькі іх на карце рэспублікі, і нашага раёна ў тым ліку, якія разам са сваімі нешматлікімі жыхарамі дажываюць век, каб ніколі ўжо не адрадзіцца з небыцця, каб кануць у вечнасць. Час быццам запаволіў там свой бег, бо насельнікі такіх вёсачак, звычайныя пенсіянеры, жывуць сваім нетаропкім і размераным жыццём у далечыні ад шуму ды паўсядзённай мітусні.

Так і жылі б, і працавалі тут мясцовыя людзі яшчэ многія і многія дзесяцігоддзі, каб не страшная трагедыя.

Усё далей адыходзіць тое, што ўскалыхнула ўначы горад Прыпяць, навакольныя  сёлы, старажытны гарадок Чарнобыль і ўсю Беларусь. Мне здаецца, колькі б год не прайшло, гэта страшная трагедыя будзе пакідаць незагойны след у жыцці грамадства, у лёсах многіх людзей, у памяці ўсіх пакаленняў.

С. ВАСІЛЬЕВА,
аг. Яноўка,
выпускніца Наваельнянскай сярэдняй школы 1986 г.

Поделиться с друзьями
2 625 просмотров