Удзельнікаў рэспубліканскага семінара для спецыялістаў метадычных службаў клубных устаноў віталі ў Краснаполлі

Традыцыйная культура – найважнейшая частка гiстарычнай спадчыны

У мінулы чацвер, 28 красавіка, удзельнікаў рэспубліканскага семінара для спецыялістаў метадычных службаў клубных устаноў раёнаў Беларусі “Метадычнае суправаджэнне дзейнасці клубных устаноў у аспекце сучасных задач” вітала ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”.

Работа семінара на краснапольскай зямлі пачалася з тэматычнай прывітальнай часткі “Далёкіх продкаў спадчына не згіне”. Гасцей і ўдзельнікаў вітала часова выконваючая абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама М.В. Разгонава.

Вопытам работы па арганізацыі метадычнага суправаджэння дзейнасці клубных устаноў па захаванню і развіццю традыцыйнай культуры і выкарыстанню творчага патэнцыялу раёна дзялілася В.А. Марчанка, метадыст 1-й катэгорыі Краснапольскага РЦК. Яна распавяла пра сістэму метадычнай работы з кадрамі клубных устаноў па авалоданню імі вопытам збіральнай практыкі, вывучэння і засваення фальклорна-этнаграфічнай спадчыны, падзялілася вопытам адаптацыі культурнай традыцыі ў практыку сацыяльна-культурнага жыцця праз фестывальны рух, конкурсы, праекты і іншыя актыўныя практыкі, якія выкарыстоўвае ў рабоце з кадрамі клубных устаноў.

А праз інтэрактыўную фальклорную праграму “Родная хата спадчынай багата” Валянціна Аляксандраўна пазнаёміла з адной з яе практык папулярызацыі спадчыны. Праграма, комплексная па свайму характару, шырока прадстаўляла народную спадчыну ва мностве яе жанраў – песні, паданні, забаўлянкі, загадкі, калыханкі, абрады. Удзельнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з мноствам этнаграфічных экспанатаў, сабраных на Краснапольшчыне, даведацца пра заняткі продкаў, іх быт і святочную культуру. І метадычныя прыёмы, выкарыстаныя ў праграме, былі розныя: паказ, дэманстрацыя, імітацыя, жывое выкананне, адгадванне загадак, паведамленні, удзел у гульнях, танцах і хатніх справах, у абрадавых эцюдах. Метады і прыёмы разнастайныя і актыўныя, што важна пры фарміраванні цікаўнасці да традыцыйнай культуры, асабліва ў рабоце з падрастаючым пакаленнем. Традыцыю важна не толькі захаваць, але і перадаць нашчадкам, пакінуць у спадчыну.

Пасля ўдзельнікі семінара былі запрошаныя на выставу-дайвінг “Традыцый родных не губляем”, якая была аформлена ў фае МЦКіД “Міраж”.

Тут сапраўды адбылося паглыбленне ў традыцыю народнага рамяства.

Шэраг рамеснікаў-майстроў і аматараў рамеснай творчасці Краснапольшчыны прадставілі свае лепшыя і цікавыя вырабы, каб упэўніць гасцей, што сапраўды ў краснапольскім краі берагуць звычаі бацькоў.

Напрыклад, аматары Яноўскага СДК Л.В. Крапіўніцкая, Т.В. Яфімчык і адна з іх юных паслядоўніц па творчасці прыцягнулі ўвагу да сваіх работ незвычайным матэрыялам. “Матэрыял як раз і не новы, а самы традыцыйны для вёскі. Гэта талаш – абгортачныя лісты з кукурузных катахоў”, – падзялілася Л. Крапіўніцкая. Яна распавяла і пра засвоеныя тэхналогіі работы, і пра магчымасці гэтага даступнага і прыгожага матэрыялу.

А вось А.В. Ганчарэнка, народны майстар Беларусі, прадэманстраваў сваю разьбу па дрэву, мастацкую апрацоўку драўніны і механічныя драўляныя цацкі, якія шырока прадстаўляліся на колішніх кірмашах, у тым ліку і на краснапольскіх.

Карацей кажучы, было удзельнікам семінара што паглядзець і пра што даведацца, упэўніцца, што не багі гаршчкі абпальваюць, а людзі.

А вось пра гліну і ганчарства, ды пра рэгіянальны фестываль народных промыслаў і рамёстваў ”Краснапольскі глечык” гасцям была прапанавана асобная прэзентацыйная кампазіцыя.

З гонарам была прэзентавана дзейнасць народнага тэатра Краснаполля і міжнародны фестываль “Тэатральныя вечарыны”.

Гледачоў уразіла і зачаравала таленавітая ігра акцёра тэатра І.І. Ткачова, які прадставіў маналог па твору Дударава “Вечар”.

Пра гісторыю тэатра Краснапольшчыны гледачы маглі даведацца праз відэафільм, а метадыст РЦК С.А. Сазонава паведала пра гісторыю ўзнікнення і развіцця фестывалю “Тэатральныя вечарыны”, які набывае ўсё большую папулярнасць як сярод аматарскіх тэатральных калектываў рэспублікі і замежжа, так і сярод краснапальчан.

Удзельнікі і госці выказалі словы падзякі за насычаную, змястоўную і цікавую праграму семінара.

За паспяховую дзейнасць па захаванні і ўзбагачэнні нацыянальных і мясцовых народных традыцый, за актыўны пошук новых падыходаў у дзейнасці клубных устаноў і фарміраванне іх станоўчага сацыяльна-культурнага іміджу, за ўдзел у арганізацыі і правядзенні рэспубліканскага семінара-практыкума “Метадычнае суправаджэнне дзейнасці клубных устаноў у аспекце сучасных задач” В.А. Марчанка і Ю.П. Падалякіну былі ўручаны Падзякі за подпісам дырэктара Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур В.В. Антоненка.

Валянціна МАРЧАНКА.
Здымкі Аляксандры АМЕЛЬЧАНКА.

Поделиться с друзьями
1 511 просмотров