Літаратурны музей імя А.В. Пысіна — музей з творчым мікракліматам

Ніхто сёння не будзе аспрэчваць той факт, што кожная ўстанова адукацыі Краснапольскага раёна мае багатыя традыцыі, асабістую гісторыю, культуру. Не выключэнне і ДУА “Палужскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа”. Ужо 40 год візітнай карткай установы з’яўляецца літаратурны музей імя А.В. Пысіна. Музей надае установе асабістую індывідуальнасць, стварае ў калектыве настаўнікаў і навучэнцаў свой мікраклімат.

Распачаў сваю дзейнасць музей у 1982 годзе. У 2015 годзе была праведзена яго рэканструкцыя.

Існаванне музея ў цяперашнім варыянце – вынік мэтанакіраванай творчай пошукава-даследчай работы педагагічнага і вучнёўскага калектываў школы пад кіраўніцтвам былога дырэктара ўстановы Лідзіі Мікалаеўны Пшанічнікавай.

У станаўленні музея ўдзельнічаў і асабісты бібліёграф паэта В.І. Арцем’еў, які перадаў матэрыялы і ўспаміны пра А.В. Пысіна, а таксама вельмі многа сам пісаў пра яго.

Шмат фотаздымкаў пісьменніка, дзе ён зняты разам з сябрамі і з сям’ёй, былі перададзены ў фонд музея ўдавой паэта Еўдакіяй Сямёнаўнай Пысінай.

Зараз у музеі прадстаўлена 6 раздзелаў экспазіцыі: “Радавод Пысіна”, “Пачатак жыццёвых дарог”, “З сэрцам добрым і мужным”, “Творчы шлях паэта”, “Творчая спадчына”, “Апошнія гады жыцця”.

Фонды музея распавядаюць пра розныя падзеі жыцця і творчасці паэта. Гэта дакументы, фотаздымкі, лісты, успаміны сяброў і паплечнікаў, зборнікі вершаў, выбраныя творы, асобныя творы з яго аўтографамі, лісты з яго асабістай перапіскі, пасведчанне аб узнагародах, асабістыя рэчы...

Багаты літаратурны скарб пакінуў Пысін сваім нашчадкам, і яны з захапленнем далучаюцца да вытокаў роднага слова.

Вучні школы з задавальненнем наведваюць заняткі “Музейная справа”. Юныя экскурсаводы і самі цікава праводзяць тэматычныя экскурсіі.

Частымі гасцямі музея з’яўляюцца вучні і настаўнікі нашага і суседніх раёнаў. Некалькі дзясяткаў соцен экскурсантаў за гэты час прайшлі праз наш школьны музей. За 40 гадоў у музеі адбылося больш за тры сотні мерапрыемстваў. Цікавых, яркіх, запамінальных. Пра іх нагадваюць фотаздымкі ў альбомах.

Пра тое, што экскурсанты пакідаюць гэтыя мясціны з незабыўным уражаннем, сведчаць запісы ў кнізе наведвальнікаў.

01.12.2009 г. “Вельмі задаволена наведваннем школьнага літаратурнага музея. Да глыбіні душы ўразіла работа, якая зроблена настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Пшанічнікавай Л.М. і яе вучнямі. Вялікі Вам дзякуй!”
Залеская Н.М., метадыст УА “МДАІРА”.

25.03.2021 г. “Участники автопробега «За Беларусь» выражают благодарность коллективу государственному учреждению образования «Палужский учебно- педагогический комплекс детский сад – средняя школа» за любовь к своей малой родине. Пока вы воспитываете в детях любовь к своей малой родине, будет развиваться наша Беларусь! Спасибо!».

Жыве і крочыць па нашай Краснапольскай зямлі слова Аляксея Пысіна, выдатнага паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я.Купалы.

А.В. Пысін з павагай адносіўся да мінулага, да гісторыі і культуры, да памяці продкаў і гэтаму вучыць нас, сваіх суайчыннікаў. І таму вельмі ўзнёсла гучыць сёння яго запавет: беражыце прыроду, беражыце помнікі гісторыі, помнікі культуры, беражыце і шануйце памяць бацькоў і дзядоў, продкаў вашых, бо той, хто забывае мінулае, не мае будучыні.

С.У. ВАСІЛЬЕВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Палужскі ВПК дзіцячы сад –  сярэдняя школа”.

Поделиться с друзьями
878 просмотров