Прадстаўнікі Краснапольшчыны прынялі ўдзел у адкрыцці VII міжнароднага форуму традыцыйнай культуры

Канцэртнай праграмай “Млечны шлях – ад продкаў да нашчадкаў” у турыстычным комплексе “Royal Park” («Грин-Хилл») в. Салтанаўка Магілёўскага раёна пачалося ўрачыстае адкрыццё VII міжнароднага форуму “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс развіцця грамадства”.

Праграма яскрава адлюстроўвала народную культуру рэгіёнаў Прыдняпроўскага краю. Жывыя формы традыцыйнай аўтэнтычнай культуры свайго рэгіёна прадставілі і носьбіты фальклору Краснапольшчыны – народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі” і музычны дуэт у складзе А.І. Андрыянава і А.Ф. Васіленка.

Народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі” (кіраўнік В.А. Марчанка) Горскага СДК прадставіў у праграме канцэрта абрадавую замалёўку “Зажынкі”, праз якую прадэманстраваў захаваныя аўтэнтычныя касцюмы, элементы і песні абраду сваёй мясцовасці. Да “Харашух” апошнім часам усё часцей далучаюцца аматары творчасці маладога пакалення. І гэта цудоўна, бо галоўная ўмова захавання традыцыі – яе пераемнасць. З удзячнасцю за адданасць народнай спадчыне і цікаўнасць да яе хочацца пералічыць імёны ўдзельнікаў гэтай творчай групы: В.А. Марчанка, Т.І. Шапавалава, Т.А. Снытка, Г.В.Снытка, А.А. Качанава, В.У. Саранкова, В.У. Юркіна.

А.І. Андрыянаў гарманічна ўплёў голас свайго гармоніка ў агульную музычную кампазіцыю таленавітых гарманістаў вобласці, а А.Ф. Васіленка заўзята адбівала рытмы мелодый на бубне.

Знайшоў прымяненне ў праграме канцэрта і паэтычны, і выканаўчы талент В.А. Марчанка. Рэжысёр свята З.І. Білык умела спалучыла ў адну кампазіцыю музыку, харэаграфію аднаго з калектываў вобласці і паэтычнае слова нашай зямлячкі.

Міжнародны форум сабраў таксама навукоўцаў і спецыялістаў устаноў і арганізацый, што займаюцца вывучэннем і захаваннем традыцыйнай культуры, з 7 краін свету: Беларусі, Расіі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана, Кітая. Усе яны ўдзельнічалі ў навукова-практычнай канферэнцыі “Традыцыйная культура і фальклорная спадчына ў сучаснай культурнай прасторы”, на якой выступіла і метадыст Краснапольскага РЦК В.А. Марчанка з дакладам “Захаванне традыцыйнай культуры, фарміраванне пазітыўнай культурнай ідэнтычнасці ў сучасных умовах: падыходы і вопыт работы”.

В. АЛЯКСАНДРАВА.
Фота аўтара.

Поделиться с друзьями
1 221 просмотров
Беларуская мова繁體中文EnglishDeutschРусский